Установы дадатковай адукацыі як шматвектарныя адукацыйныя цэнтры

- 10:56Навіны рэгіёнаў, Рознае

Гэты навучальны год на Гомельшчыне аб’яўлены Годам дадатковай адукацыі. Такое рашэнне было прынята ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама з мэтай прыцягнуць да цікавай і карыснай справы кожнага падлетка.

Вядома, такая занятасць дзіцяці не пакідае яму часу на сумніўныя вулічныя кампаніі. У выніку гэта дае зніжэнне супрацьпраўных учынкаў сярод падлеткаў. Акрамя таго, сёння яшчэ застаюцца пытанні да дзейнасці некаторых цэнтраў творчасці і школьных аб’яднанняў па інтарэсах, асабліва тых, якія не спяшаюцца ісці ў нагу з часам і працягваюць працаваць па старых правілах. Адным словам, нявыкарыстаныя рэзервы ёсць, а значыць, ёсць месца новаму развіццю.

Аб дадатковай адукацыі рэгіёна сёння і планах на найбліжэйшую перспектыву мы папрасілі расказаць начальніка аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ірыну ДРАБЫШЭЎСКУЮ.

— Ірына Юр’еўна, гэты навучальны год пройдзе ў рэгіёне пад лозунгам Года дадатковай адукацыі. На што нацэлены ўстановы дадатковай адукацыі ў сувязі з гэтым і якія найбольш значныя задачы ставяцца перад імі?

— Сёння ўстановы дадатковай адукацыі выконваюць важную сацыяльна значную функцыю: яны не толькі навучаюць дзяцей пэўным уменням i навыкам, але і ажыццяўляюць перадпрофільную падрыхтоўку навучэнцаў, арыентуюць на атрыманне прафесіі. Адной з галоўных задач мы бачым укараненне новых, сучасных форм работы. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць пашырыць сетку аб’яднанняў па інтарэсах, прыцягнуць больш дзяцей. Акрамя таго, мы маем намер развіваць у галіне дыстанцыйную форму атрымання дадатковай адукацыі і адкрываць так званыя школы ранняга развіцця.

Удасканальваць гэтую работу дапаможа стварэнне адзінай сістэмы ўзаемадзеяння з установамі агульнай сярэдняй адукацыі па арганізацыі пазаўрочнай карыснай занятасці дзяцей, а таксама вывучэнне вопыту калег з іншых рэгіёнаў, і мы будзем над гэтым працаваць.

— Якія напрамкі сёння найбольш папулярныя сярод дзяцей і падлеткаў?

— Згодна з анкетаваннем дзяцей і іх бацькоў, а таксама гутаркамі і апытаннямі, якія праводзіліся ўстановамі дадатковай адукацыі, папулярнасць не страцілі такія традыцыйныя напрамкі, як вакал, харэаграфія, дэкаратыўна-прыкладны і інш. Цікавымі застаюцца для навучэнцаў турысцка-спартыўныя аб’яднанні, клубы па інтэлектуальных гульнях, экалагічным дызайне, макетаванні і суднамадэляванні, картынг, радыёэлектроніка.

Ёсць новыя напрамкі, якія ўжо прыйшліся даспадобы дзецям. Гэта такія аб’яднанні па інтарэсах, як “Інапарк” па робататэхніцы, ІТ-напрамкі (праграмаванне, камп’ютарнае мадэляванне) у абласным цэнтры тэхнічнай творчасці, “Экашкола” ў абласным эколага-біялагічным цэнтры. У гэтым навучальным годзе адкрыта новае аб’яднанне “Краязнаўства на англійскай” у абласным цэнтры турызму і краязнаўства і інш.

— Несумненна, каб быць сёння запатрабаванымі, установы дадатковай адукацыі павінны прапаноўваць тое, што цікава сучасным школьнікам. Ці ўсе паспяхова спраўляюцца з гэтым? Ці гатовы перастройвацца педагогі ў раёнах?

— У апошні час мы праводзім такую работу сумесна з установамі адукацыі. Штогод у пачатку навучальнага года вывучаюцца запыты дзяцей і іх бацькоў адносна цікавых форм занятасці. Некаторыя гурткі спыняюць сваю дзейнасць, адкрываюцца новыя. Гэта бесперапынны працэс. Кіраўнікі, педагогі цэнтраў творчасці сёння дастаткова гібка рэагуюць на змены попыту, вывучаюць новыя методыкі, займаюцца самаадукацыяй і самаўдасканаленнем. Педагогу важна быць заўсёды цікавым, умець зацікавіць дзіця, а для гэтага, як і ў школах, трэба выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, вывучаць вопыт калег, каб гаварыць з дзецьмі на адной мове.

— Ірына Юр’еўна, якімі неабходнымі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць педагог дадатковай адукацыі?

— Перш за ўсё гэта педагог, а значыць, ён абавязаны быць добразычлівым і чулым да дзяцей, адчуваць іх патрэбы і інтарэсы. А як педагог дадатковай адукацыі, канечне, павінен мець шырокае кола інтарэсаў і ўменняў, каб перадаць іх сваім выхаванцам. Да таго ж сучаснаму педагогу неабходна гібкасць, гатоўнасць да перагляду сваіх поглядаў і пастаяннага самаўдасканалення.

Прыемна, што ў нашых установах такіх прафесіяналаў працуе нямала. Напрыклад, Алена Мартынава з Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі актыўна ўцягвае дзяцей і моладзь у сферу высокіх тэхналогій і інавацый, вядзе з імі навукова-даследчую дзейнасць. За апошнія пяць гадоў навучэнцы Алены Георгіеўны неаднаразова станавіліся дыпламантамі міжнароднага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”, Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Акрамя таго, педагог вядзе сур’ёзную прафарыентацыйную работу. Як вынік — штогод каля 90% яе вучняў паступаюць у політэхнічныя сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя ўстановы адукацыі.

Творча, з самааддачай працуе кіраўнік узорнага ансамбля “Мілавіца” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна Людміла Кабаева. Выхаванцы Людмілы Аляксандраўны з’яўляюцца лаўрэатамі і пераможцамі многіх конкурсаў харэаграфічных калектываў, а “Мілавіцу” добра ведаюць не толькі на радзіме, але і ў краінах замежжа. Галоўны ж сакрэт педагога заключаецца ў простым: яна любіць сваю працу і ўмела прывівае любоў да харэаграфіі дзецям. Асаблівае месца ў дзейнасці Людмілы Аляксандраўны займае вывучэнне, захаванне і распаўсюджванне рэгіянальнай харэаграфічнай культуры. У калектыве створаны ўмовы для непасрэднай перадачы вопыту і традыцый ад пакалення да пакалення: навучанне адбываецца як ад педагога да выхаванцаў, так і ад дзяцей старэйшага ўзросту да малодшых. І такіх выдатных педагогаў-майстроў можна назваць шмат.

— Адным з прыярытэтных напрамкаў сёння з’яўляецца работа з дзецьмі, якія патрабуюць асаблівай увагі, і, мабыць, менавіта ўстановам дадатковай адукацыі ў гэтым адводзіцца галоўная роля. Якія прыклады паспяховай дзейнасці ёсць у вобласці сёння?

— Праблема занятасці такіх дзяцей характэрна як для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, так і для ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Аднак, калі ў школе гэтыя навучэнцы ў цэнтры ўвагі, яны, як правіла, жывуць побач і ім зручней наведваць гурткі, спартыўныя секцыі менавіта ў школе, то цэнтрам творчасці даводзіцца прыкладаць вялікія намаганні, каб зацікавіць такіх дзяцей, прыцягнуць іх у свае творчыя аб’яднанні.

Многія цэнтры з гэтым паспяхова спраўляюцца. Так, на базе абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі вось ужо некалькі гадоў дзейнічае творчае аб’яднанне “Актыа” для падлеткаў, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі, пад кіраўніцтвам Любові Калацэй. Юнакі і дзяўчаты гэтага аб’яднання не толькі ўдзельнічаюць у абласных конкурсах і фестывалях па гульні КВЗ, але і вынікова выступаюць на рэспубліканскім конкурсе “Восеньскі марафон”.

У Рэчыцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі рэалізаваны сацыяльна-педагагічны праект “Цэнтральны герой”, у якім сумешчаны самыя разнастайныя напрамкі работы з падлеткамі, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей. У рэалізацыі гэтага праекта задзейнічаны педагогі дадатковай адукацыі, сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі, інспектары па справах непаўналетніх, супрацоўнікі раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Цікавы праект пад назвай “Лепшы teenager” рэалізуецца з мінулага года і ў Калінкавіцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Праект дазваляе падлеткам працаваць у камандзе, удзельнічаючы ў акцыях, гульнях, трэнінгах. А паходы і экскурсіі, у якія яны адпраўляюцца з педагогамі, вучаць падлеткаў узаемадапамозе.

— Ужо некалькі гадоў на Гомельшчыне паспяхова выстройваецца міжведамаснае ўзаемадзеянне. Гэта дазволіла правесці шмат не толькі цікавых, але і выніковых мерапрыемстваў. Якія з іх можна адзначыць асабліва?

— У вобласці склалася добрая сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння ў пытаннях выхаваўчай работы з дзецьмі і падлеткамі. Штогод упраўленнем адукацыi зацвярджаецца каляндар масавых мерапрыемстваў з навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Гэты каляндар уключае прапановы ўсіх зацікаўленых: упраўлення ўнутраных спраў, Дзяржаўтаінспекцыі, МНС, камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне аблвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў.

Напрыклад, традыцыйнымі сталі абласныя злёты юных ратавальнікаў-пажарных, юных інспектараў дарожнага руху, юных сяброў міліцыі, якія праводзяцца сумесна з адпаведнымі абласнымі службамі.

У летні перыяд працуюць профільныя лагеры. Напрыклад, упраўленнем адукацыі сумесна з Беларускім універсітэтам транспарту і іншымі ведамствамі і арганізацыямі праводзяцца дзве змены абласнога праекта “Курсант-Ты!” для падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, з усіх раёнаў вобласці. Аналагічныя ваенна-патрыятычныя лагеры працуюць і ў такіх буйных райцэнтрах, як Мазыр, Светлагорск, Рэчыца. У апошні месяц лета на Лоеўшчыне на базе Лоеўскага педагагічнага каледжа і аддзела берагавой аховы вайсковай часці 1242 Гомельскай пагранічнай групы рэалізуецца абласны міжведамасны праект “Патрыёт”.

Калі гаварыць аб міжведамасным узаемадзеянні ў сістэме дадатковай адукацыі, то і тут можна назваць нямала цікавых мерапрыемстваў. Гэтым летам, напрыклад, стартаваў праект “Прафесійныя канікулы”, арганізаваны сумесна з Рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі. У рамках праекта на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі былі адкрыты лагеры для навучэнцаў ва ўзросце 6—10 і 11—18 гадоў, у праграму якіх уключаўся шэраг мерапрыемстваў па прафесійнай арыентацыі дзяцей.

Цікавы інтэрактыўны праект “Святлафорыя” рэалізаваны ўпраўленнем адукацыі, абласным Палацам творчасці дзяцей і моладзі і абласной Дзяржаўтаінспекцыяй. У рамках праекта для дзяцей, якія знаходзяцца на аздараўленні ў лагерах усіх тыпаў, на працягу лета праводзіліся вучэбныя, пазнавальныя праграмы па бяспецы дарожнага руху.

Працягваюць сваё развіццё міжведамасныя асабіста-камандныя спаборніцтвы сярод навучэнцаў Гомельскай вобласці па навыках дзеянняў у надзвычайных абставінах “Мой клас — мая каманда”, якія праводзяцца на базе Ліцэя МНС.

У рамках асветніцкай дзейнасці пры падтрымцы тэлерадыёкампаніі “Гомель” на тэлеканале “Беларусь 2” выходзіць тэлеперадача “Экашкола ідзе ў экспедыцыю”. Удзельнікі праграмы — навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах “Экашкола” і “Экалагічны турызм” падарожнічаюць па Гомельскай вобласці, вывучаючы прыродныя славутасці розных раёнаў.

— На ваш погляд, якія перспектывы ў дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці?

— Я думаю, што ў найбліжэйшы час установы дадатковай адукацыі нашага рэгіёна, ды, напэўна, і іншых, стануць шматвектарнымі адукацыйнымі цэнтрамі, стварыўшы моцную канкурэнцыю ўстановам культуры, прыватным школам і студыям ранняга развіцця дзяцей. І ў гэтым годзе, які ў адукацыйнай сферы Гомельшчыны аб’яўлены Годам дадатковай адукацыі, мы павінны зрабіць значныя крокі ў гэтым кірунку.

Варта адзначыць, што некаторыя нашы ўстановы ўжо намецілі канкрэтныя шляхі развіцця. Так, у 2015 годзе тры шматпрофільныя ўстановы дадатковай адукацыі атрымалі грант ад Праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” у памеры 18 тысяч еўра кожная. Цяпер настаў час рэалізацыі праектаў. Рэчыцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі будзе ствараць хобі-клуб для падлеткаў “Адчыненыя дзверы”, Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна — цэнтр маладзёжных ініцыятыў, а Калінкавіцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі возьмецца за стварэнне мадэльнай сеткі міні-кластараў аграэкатурызму на прыкладзе турыстычных аб’ектаў вёсак Малыя Аўцюкі і Юравічы.

Гутарыла Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.