Уступная кампанія — 2016: лічбы, факты, каментарыі

Уступная кампанія 2016 года ва ўстановы вышэйшай адукацыі практычна завершана. Застаўся толькі адзін яе этап — прыём у сельскагаспадарчыя ВНУ на завочную форму навучання. Падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш агучыў папярэднія вынікі прыёмнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, а таксама паведаміў пра ход уступнай кампаніі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Без істотных змен

Вадзім Анатольевіч адразу папярэдзіў, што канчатковыя вынікі ўступнай кампаніі звычайна падводзяцца на асобнай пашыранай калегіі Міністэрства адукацыі, якая традыцыйна праходзіць у лістападзе — снежні. З улікам таго, што ўступная кампанія яшчэ не скончана, тыя вынікі, якія будуць агучаны, носяць папярэдні аператыўны характар. У большай ступені гэта тычыцца вынікаў прыёму на платную форму навучання ў ВНУ і вынікаў прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Пра вынікі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і набору на бюджэтную дзённую форму навучання ў дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі сёння ўжо можна гаварыць дакладна.

— У цэлым, характарызуючы ўступную кампанію, хочацца адзначыць, што яна праходзіць дастаткова арганізавана і традыцыйна карыстаецца вялікай цікавасцю, паколькі гэта вельмі важнае мерапрыемства ў жыцці як абітурыентаў, так і іх бацькоў, — сказаў першы намеснік міністра адукацыі. — У цэлым падыходы да правядзення ўступнай кампаніі ў параўнанні з мінулым годам не пацярпелі істотных змен. Загадзя быў зацверджаны графік правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, вызначаны адзнакі, прыраўнаваныя да нездавальняючых па выніках ЦТ для тых, хто паступае ў ВНУ (яны такія ж, як і ў мінулым годзе), устаноўлены тэрміны правядзення ўступнай кампаніі (ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі — з 15 чэрвеня па 25 жніўня, ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі — з 15 ліпеня па 16 жніўня, ва ўстановы вышэйшай адукацыі — з 8 ліпеня па 4 жніўня).

Цэнтралізаванае тэсціраванне

Цэнтралізаванае тэсціраванне ў 2016 годзе прайшлі 98 573 абітурыенты (у 2015 годзе — 99 177).

— Сёлета мы выкарыстоўвалі новую тэхналогію для ўнясення платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ — адзіную разліковую і інфармацыйную прастору (ЕРИП), што дазволіла некалькі спрасціць і ў той жа час удасканаліць працэдуру рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне, — адзначыў Вадзім Богуш.

У рамках штогадовай работы па павышэнні якасці саміх тэстаў сёлета:

— упершыню заданні па геаграфіі, гісторыі Беларусі з невербальнай формай падтрымкі (карты, ілюстрацыі, схемы і г.д.) былі прапанаваны ў каляровым малюнку. Пры гэтым увесь картаграфічны і ілюстрацыйны матэрыял тэста прадстаўлены ў знаёмым для абітурыентаў выглядзе (каляровы фон максімальна набліжаны да выяў у атласах і вучэбных дапаможніках);

— праведзена карэкціроўка заданняў па матэматыцы, хіміі і фізіцы з улікам стандартных (прывычных для абітурыентаў) фармулёвак вучэбных дапаможнікаў, павялічана колькасць задач практыка-арыентаванай накіраванасці. У тэставых заданнях лікавыя даныя падабраны такім чынам, каб мінімізаваць вылічальныя памылкі;

— зменены час выканання заданняў тэста па хіміі (у 2015 годзе — 120 хвілін, у 2016 — 150) у сувязі з павелічэннем колькасці заданняў, якія мадэлююць найпрасцейшы хімічны эксперымент.

З-за парушэння ўстаноўленых правіл паводзін падчас ЦТ (выкарыстанне мабільных тэлефонаў, шпаргалак, даведачнай літаратуры і інш.) ад праходжання прадметных выпрабаванняў сёлета былі адхілены 15 абітурыентаў (у 2015 годзе — 12).

Упершыню ў 2015/2016 навучальным годзе ў ходзе рэпетыцыйнага тэсціравання праводзілася тэматычнае кансультаванне па заданнях тэста, падчас якога ўдзельнікі мелі магчымасць ліквідаваць прабелы ў сваіх ведах без дапамогі рэпетытара. Матэрыялы тэматычнага кансультавання ўключалі само заданне, яго рашэнне і (або) каментарыі да яго, правільны адказ і спасылку на падручнік ці вучэбны дапаможнік з пазначэннем параграфа, у якім выкладзены патрэбны матэрыял. Дасканалая падрыхтоўка да ўступнага выпрабавання паспрыяла росту дасягненняў удзельнікаў ЦТ.

— Калі гаварыць аб выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання, то сёлета 100-бальных сертыфікатаў было 330. Прычым 15 абітурыентаў атрымалі 100 балаў па двух вучэбных прадметах (у 2015 годзе іх было11), а тры абітурыенты паказалі максімальны вынік па трох вучэбных прадметах (у 2015 годзе такіх не было). Хочацца адзначыць, што абітурыенты ўсё больш адказна і якасна падыходзяць да этапу, звязанага са здачай уступных выпрабаванняў. Вынікі ЦТ паказваюць, што ўзровень падрыхтаванасці нашых выпускнікоў даволі высокі, — канстатаваў Вадзім Анатольевіч.

Больш за ўсё 100-бальных сертыфікатаў у гэтым годзе абітурыенты атрымалі па рускай мове — 86 (у 2015 — 83) і грамадазнаўстве — 62 (у 2015 — 29). Беларускую мову на 100 балаў сёлета здалі 50 абітурыентаў (у 2015 — 18), матэматыку — 25 (у 2015 — 89), фізіку — 34 (у 2015 — 7), хімію — 1 (у 2015 — 21), замежную мову — 33 (у 2015 годзе такіх не было), біялогію — 25 (у 2015 — 5), гісторыю Беларусі —14 (у 2015 — 4).

Сярод уладальнікаў 100-бальных сертыфікатаў — 136 сёлетніх выпускнікоў гімназій, 39 — ліцэяў, 102 — сярэдніх школ, а таксама 3 абітурыенты, якія скончылі ў 2016 годзе ўстановы адукацыі за межамі Беларусі, і 30 выпускнікоў мінулых гадоў.

Бюджэт і дадатковы набор

У 2016 годзе прыём на ўзровень вышэйшай адукацыі ажыццяўлялі 43 установы вышэйшай адукацыі дзяржаўнай формы ўласнасці і 9 — прыватнай.

— У дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі на бюджэтную форму навучання на цяперашні момант прынята 27,1 тысячы чалавек, з якіх 22 462 — на дзённую бюджэтную форму навучання. На завочную бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі прыняты 4585 чалавек (без уліку прыёму ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю). На вячэрнюю бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі прыняты 66 чалавек. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі прыняты 2210 чалавек. Набор планаваўся з улікам павелічэння колькасці выпускнікоў школ. Іх сёлета было крыху больш, чым у мінулым годзе, — падкрэсліў першы намеснік міністра адукацыі.

Па выніках дадатковага набору прыняты 126 чалавек. Вакантнымі засталіся 18 месцаў (у 2015 годзе па выніках дадатковага набору вакантнымі засталіся 144 месцы).

Парогавыя значэнні прахадных балаў пры правядзенні дадатковага набору, як і ў 2015 годзе, не зніжаліся.

У прыватнасці, па выніках прыёму дакументаў падчас дадатковага набору ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова конкурс на спецыяльнасць “Матэматыка і інфарматыка” склаў 2,2 чалавека на месца. Прахадны бал у ходзе асноўнага набору быў 131, дадатковага — 166. Конкурс на спецыяльнасць “Фізіка і інфарматыка” склаў 1,4 чалавека на месца. Прахадны бал — 175 і 205 адпаведна. У Мазырскім дзяржаўным універсітэце імя І.П.Шамякіна конкурс на спецыяльнасць “Матэматыка і інфарматыка” склаў 2,8 чалавека на месца (прахадны бал у час асноўнага набору — 110, дадатковага — 168).

Па папярэдніх даных колькасць запоўненых месцаў на платнай аснове склала 28,3 тысячы чалавек.

Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці

Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі ў абітурыентаў, якія паступалі на бюджэт, у 2016 годзе былі:

“Міжнародныя адносіны” і “Міжнароднае права” (БДУ) — прахадны бал склаў 382, “Сучасныя замежныя мовы (пераклад): кітайская мова і другая замежная мова” (МДЛУ) — 377, “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” (БДУІР) — 374 .

Павелічэнне прахадных балаў назіралася па шэрагу спецыяльнасцей: “Тэхналогія лекавых прэпаратаў” (БДТУ) — 290 балаў (у 2015 годзе — 279), “Лагапедыя” (БДПУ імя Максіма Танка) — 329 балаў (у 2015 годзе — 279) , “Ветэрынарная медыцына” (ВДАВМ) — 245 балаў (у 2015 годзе — 219), “Арганізацыя руху і забеспячэнне палётаў на паветраным транспарце” (акадэмія авіяцыі) — 333 балы (у 2015 годзе — 265).

Прыём скарочаны і павялічаны

У 2016 годзе прыём па профілі “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” на дзённай бюджэтнай форме атрымання вышэйшай адукацыі ў параўнанні з 2015 годам скарочаны на 111 месцаў.

У сувязі з узрослым попытам з боку органаў унутраных спраў на падрыхтоўку спецыялістаў юрыдычнага профілю прыём на спецыяльнасці, якія адносяцца да гэтага профілю, у 2016 годзе павялічаны на 72 месцы. Пры гэтым у іншых ВНУ прыём на юрыдычныя спецыяльнасці ў параўнанні з мінулым годам скарочаны на 50 месцаў і склаў 180 чалавек (у параўнанні з 2013 годам такі прыём скараціўся ў два разы).

З улікам патрэб сацыяльнай сферы павялічаны прыём па спецыяльнасцях профілю адукацыі “Педагогіка” і “Педагогіка. Прафесійная адукацыя” — на 132 месцы (у асноўным па спецыяльнасцях “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя”).

Асаблівасці прыёму ў ВНУ ў 2016 годзе

Праведзены набор абітурыентаў па 6 новых спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі: “Судовыя крыміналістычныя экспертызы” (Акадэмія МУС), “Вытворчасць вырабаў на аснове трохвымерных тэхналогій” (БДТУ), “Гісторыя і сусветная мастацкая культура”, “Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа”, “Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура”, “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” (БДПУ імя Максіма Танка) і па 1 кірунку “Шахматы” на спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзей-насць” (БДУФК).

У рамках сеткавай падрыхтоўкі спецыялістаў заключаны дагавор паміж Баранавіцкім і Гродзенскім імя Янкі Купалы ўніверсітэтамі па спецыяльнасці “Эканамічнае права”.

У Інстытуце пагранічнай службы адкрыты прыём асоб жаночага полу на спецыяльнасць “Кіраванне падраздзяленнямі пагранічнага кантролю”.

Адноўлена падрыхтоўка для асоб жаночага полу ў Ваеннай акадэміі па спецыяльнасцях “Практычная псіхалогія ў вайсковай справе”, “Эксплуатацыя аўтаматызаваных сістэм інфармацыі”, “Тэхнічная эксплуатацыя электрасістэм і пілатажна-навігацыйных комплексаў лятальных апаратаў”, “Авіяцыйныя радыёэлектронныя сістэмы”.

Уступная кампанія ў ССНУ

Прыём ў 2016 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляюць 118 каледжаў, у тым ліку 12 прыватнай формы ўласнасці, а таксама 90 устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У 2016 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі запланавана прыняць 40,2 тысячы чалавек, з іх за кошт сродкаў бюджэту — 24,5 тысячы чалавек.

Структура прыёму захавана на ўзроўні мінулых гадоў: профілі адукацыі “Тэхніка і тэхналогія”, “Архітэктура і будаўніцтва”, “Сельская і лясная гаспадарка” ў агульным прыёме складаюць больш за 50%.

Набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца па 148 спецыяльнасцях. Адносна новымі для гэтага ўзроўню адукацыі (прыём пачаты ў апошнія 1—2 гады) з’яўляюцца спецыяльнасці: “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”, “Мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы”, “Электроніка механічных транспартных сродкаў”, “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”, “Абсталяванне мэблевай вытворчасці”, “Мехатроніка” (вытворчасць харчовых прадуктаў), “Мехатроніка” (халадзільнае абсталяванне), “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”.

Упершыню ажыццяўляецца прыём на новую спецыяльнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы” ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі, у прыватных установах адукацыi — Мінскім каледжы прадпрымальніцтва, Баранавіцкім эканамічна-юрыдычным каледжы. Пасля заканчэння навучання спецыялісты атрымаюць кваліфікацыю “аперацыйны лагіст”.

Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай, агульнай сярэдняй адукацыі на ўмовах аплаты працягнецца да 14 жніўня. Прыём на спецыяльнасці сельскай гаспадаркі на завочную форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове — з 1 кастрычніка па 30 лістапада.

Прафесійна-тэхнічная адукацыя

На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымаюцца асобы, якія маюць агульную базавую, агульную сярэднюю або спецыяльную адукацыю. Залічэнне ажыццяўляецца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

У 2016 годзе прыём ажыццяўляецца 158 установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 262 прафесіях. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях ажыццяўляюць 45 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У гэтым годзе адкрыта падрыхтоўка па запатрабаваных прафесіях рабочых (слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцель аўтамабіля) у Пінскім дзяржаўным індустрыяльна-педагагічным каледжы.

Згодна з зацверджанымі кантрольнымі лічбамі прыёму, у 2016 годзе для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць усяго 32,6 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 32,4 тысячы чалавек. Па стане на 5 жніўня ва ўстановы ПТА на дзённую форму навучання пададзены дакументы ўжо ад 23 106 чалавек.

Найбольшая колькасць дакументаў пададзена ва ўстановы прафтэхадукацыі ў Мінску, Мінскай і Гомельскай абласцях.

Найбольш запатрабаванымі ў моладзі з’яўляюцца прафесіі: памочнік машыніста цеплавоза (электравоза), цягніковы электрамеханік, кухар, аператар сувязі, цырульнік, слесар па рамонце аўтамабіляў, абліцоўшчык-плітачнік.

У структуры прыёму мяркуецца захаваць тэндэнцыі мінулых гадоў: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі будуць складаць каля 80%. Пры гэтым прадугледжваецца скарачэнне прыёму па профілях “Мастацтва і дызайн”, “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Тэхніка і тэхналогіі”. У той жа час будзе павялічаны прыём па профілях “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне”, “Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва”.

З улікам зменлівай патрэбы рэгіянальных рынкаў працы ў 2016 годзе плануецца спыніць прыём па 183 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 142 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Упершыню ў 2016 годзе ажыццяўляецца набор на новую прафесію “Манціроўшчык шын і шынна-пнеўматычных муфт” у Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання.

Прыём дакументаў для атрымання прафтэхадукацыі на дзённай і вячэрняй форме ажыццяўляецца да 20 жніўня, на завочнай форме — з 1 па 10 кастрычніка.

У мэтах аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі ў Міністэрстве адукацыі працягвае работу гарачая лінія — 8 (017) 222 43 12.

Марына ПЫРКОВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *