Усяму свету расказаць пра Беларусь

- 10:32Актуально, Апошнія запісы

У гэтыя дні 20 тысяч маладых людзей са 150 краін свету шлюць фота-, відэа-, галасавыя і смс-прывітанні сваім родным, сябрам і калегам з сонечнага і гасціннага Сочы. Тысячы прывітанняў ляцяць і ў Беларусь ад прадстаўнікоў нашай дэлегацыі — самай шматлікай пасля дэлегацыі краіны—гаспадыні ХІХ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў. У пятніцу ў Мінску пры ўдзеле намесніка прэм’ер-міністра Васіля Іванавіча Жарко адбыліся ўрачыстыя провады беларускай дэлегацыі. Цэнтральным мерапрыемствам стала ўрачыстая сустрэча ў канцэртнай зале “Верхні горад”.

Беларуская моладзь ганарыцца тым, што прымае ўдзел у такім маштабным форуме, мэтай якога з’яўляецца кансалідацыя маладзёжнай сусветнай супольнасці вакол ідэй міру, сяброўства, справядлівасці. На фестывалі наша дэлегацыя не толькі ўмацоўвае міжнародныя сувязі, развівае міжнацыянальнае і міжкультурнае ўзаемадзеянне, але і прадстаўляе дасягненні краіны ў галіне адукацыі, спорту, турызму, інавацыйнай дзейнасці. Адзіная парадная і спартыўная форма адзення дэлегатаў, калектыўны авіяпералёт, экспазіцыя нашай краіны на маштабнай фестывальнай выставе і сам уд зел у фестывалі — усё гэта стала магчыма дзякуючы намаганням арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да ўдзелу дэлегацыі нашай краіны ў фестывалі. Старшынёй камітэта з’яўляецца намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Іванавіч Жарко.

“Дарагія сябры, вы атрымалі ўнікальную магчымасць удзельнічаць у фестывалі, які стане найбуйнейшай падзеяй у сферы культурнага і маладзёжнага ўзаемадзеяння. Фестываль аб’яднае маладых лідараў з розных краін і розных сфер і стане ўнікальнай пляцоўкай для дыялогу і зносін. Каб стварыць свет будучыні, дзе пануюць узаемапавага і ўзаемаразуменне, усім вам, незалежна ад нацыянальнай, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці, трэба працаваць разам. Культурная праграма фестывалю, дыскусійныя пляцоўкі дазволяць абмеркаваць і сумесна выпрацаваць шляхі супрацьстаяння выклікам, з якімі сёння сутыкаецца чалавецтва.

Моладзь — самая актыўная частка грамадства з новымі поглядамі і імкненнем зрабіць свет лепшым і дабрэйшым. Фестываль у Сочы прадставіць для гэтага выдатную магчымасць, а таксама надасць новы імпульс у развіцці маладзёжнай палітыкі. Менавіта вам дадзена адказная місія паведаміць усяму свету пра нашу краіну, пра яе міралюбнасць, дружалюбнасць. Рэспубліка Беларусь адкрыта для сумесных праектаў, гатова і далей актыўна ўдзельнічаць у развіцці дыялогу паміж дзяржавамі ўсяго свету. На сваім асабістым прыкладзе вы можаце паведаміць пра створаныя ў нашай краіне магчымасці для моладзі. Ад вас залежыць, які вобраз Беларусі сфарміруецца ў моладзі іншых краін. Упэўнены, вы справіцеся з гэтай адказнай задачай”, — звярнуўся да ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі Васіль Іванавіч Жарко.

Фестываль дае магчымасць закласці аснову для супрацоўніцтва і сяброўскіх адносін, пашырэння міжнародных абменаў. Як прызнаўся першы намеснік кіраўніка дэлегацыі першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Эдуардавіч Белякоў, яго перапаўняе гордасць за тое, што беларуская моладзь удзельнічае ў такім маштабным мерапрыемстве. “Мы павінна расказаць пра нашу прыгожую краіну, пра тое, што тут жывуць сябры, што Беларусь — гэта краіна міру і добрасуседства”, — адзначыў Андрэй Эдуардавіч.

На адной фестывальнай сочынскай пляцоўцы сабраліся маладыя лідары з розных сфер, прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх арганізацый, журналісты, творчая і спартыўная моладзь, інжынеры і ІТ-спецыялісты, прадпрымальнікі, лідары студэнцкага самакіравання, вучоныя і выкладчыкі ўніверсітэтаў, моладзь і студэнты ўсіх кантынентаў. На працягу сваёй гісторыі фестываль аб’ядноўваў таленавітую моладзь. “1947 год. Яшчэ дымяцца руіны той страшнай сусветнай вайны, а маладзёжныя арганізацыі ўсяго свету пачалі шукаць пляцоўку для дыскусій, каб папярэдзіць ваенныя канфлікты. Прайшлі гады, і мы бачым, што лозунг “За мір, сяброўства” і цяпер гучыць надзённа”, — адзначыў старшыня савета ветэранаў камсамола, піянерскага і маладзёжнага руху пры ЦК БРСМ Аляксей Аляксандравіч Крыўдзенка.

У тым, што наша моладзь годна прадставіць Беларусь, раскажа ўсяму свету пра яе гасцінных і працавітых людзей, пра нашу міралюбнасць, запэўніла ўдзельнікаў урачыстай сустрэчы прадстаўнік дэлегацыі Марыя Шэлестава: “70 гадоў назад такія ж маладыя і поўныя аптымізму людзі збіраліся на першы сусветны форум. Нам пашчасціла пагаварыць з удзельнікамі фестывальнага руху мінулых гадоў. Мы пераканаліся, што кожнаму з нас дадзены вялікі шанс заявіць пра сябе, расказаць пра родную Беларусь, прыняць уд зел у маштабным мерапрыемстве. Наша дэлегацыя годна прадставіць Беларусь як краіну міру і стабільнасці”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.