Усё лепшае — дзецям! Рэпартаж з летнікаў Добрушскага раёна

- 17:10Лето-2023, Образование, Проекты

Летні рэпартаж карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” — з Добрушскага раёна.

Пад музыку Вівальдзі

Перш за ўсё накіруемся ў гімназію Добруша, дзе нас сустракае начальнік аздараўленчага лагера Святлана Мікалаеўна Курыліна.

— Лета — пара культурнага ўсплёску, — гаворыць яна. — Дом культуры, музеі, выставы, бібліятэкі — мы наведваем усе значныя месцы Добруша. Былі на станцыі Асвода, сустракаліся з інспектарамі ІСН і супрацоўнікамі МНС. Чэрвень мы прысвячаем выхаванню і асвеце малодшых дзяцей, а ў жніўні пачне праца­ваць лагер працы і адпачынку для старэйшых школьнікаў. Пачатак лета ў іх прысвечаны інтэлектуальнай рабоце.

А пакуль старэйшыя дзеці думкамі — у экзаменах, вучні 1—4 класаў пасля  снедання адпраўляюцца на прагулку.

— У нас для наведвальнiкаў лагера арганiзавана трохразовае харчаванне. Паколькі наш раён пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС, яно поўнасцю бясплатнае. Такiя ўмовы вельмi выгадныя для бацькоў, — працягвае Святлана Мікалаеўна.

Дзяцей на вуліцы суправа­джаюць кіраўнікі атрадаў — Алена Леанідаўна Рагаўцова і Алеся Васільеўна Зязюліна. Абедзве развiталiся сёлета з чацвёртакласнікамі і рыхтуюцца з верасня прыняць класнае кіраўніцтва ў 1-х класах. А пакуль арганізоўваюць летнi адпачынак вучняў пачатковай школы. Кожны дзень у лагеры яны пачынаюць з лінейкі, падчас якой дзеці прыгадва­юць, дзе былі і што рабілі ўчора, і знаёмяцца з праграмай новага дня.

Асаблівая фішка гімназіі Добруша — моцная музычная кафед­ра, якая актыўна задзейнічана і ў рабоце лагера. Дзеці спрабуюць іграць на музычных інструментах, збіраюцца ў музычных гасцiных. А пачатак летняга сезона і дзень адкрыцця лагера заўсёды адзначаюцца канцэртам, на які могуць прыйсці ўсе жадаючыя.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце і кіраўнік кафедры Алена Мікалаеўна Вайтко расказ­вае:

— У нас вельмі моцныя педагогі. На факультатывах музычнай i харэаграфiчнай накірава­насцi дзецi могуць вывучаць такiя прадметы, як танец i харэаграфiя, iгра на музычных iнструментах, спрабаваць сябе ў вакальным, iнструментальным ансамблях, хоры. Вучні гімназіі займаюцца iгрой на музычных інструментах з 1 класа, мы даём ім багаты выбар: фартэпіяна, гітара, баян, акардэон, духавыя… І гэта прыносiць плён — дыпломы, узнагароды. Зразумела, мы заўсёды супрацоўнічаем са школьным лагерам, зацiкаўлiваем дзяцей iгрой на iнструментах, праводзім гульні “Угадай мелодыю”, “Брэйн-рынг”. Вельмі папулярны напрамак нашай работы — музычныя гасціныя, дзе навучэнцы расказва­юць сваiм таварышам пра жыццё і творчасць вядомых кампазітараў, выконваюць іх творы. Так што лета ў нашым лагеры не толькі пазнавальнае, але і вельмі меладычнае.

Разам весялей

Далей мы адпраўляемся ў міжшкольны лагер пры сярэдняй школе № 1 гарадскога пасёлка Церахоўка.

Дырэктар школы Вольга Сяргееўна Рудзянкова адзначае: “У Церахоўцы дзве школы, і ў гэтым годзе мы ўпершыню “абкат­ваем” работу міжшкольнага лаге­ра. У чэрвені нашы навучэнцы і дзеці з сярэдняй школы № 2 разам наведваюць лагер на базе школы”.

Настасся Сяргееўна Бугакава, начальнік лагера, тлумачыць:

Гэта аздараўленчы лагер культурна-адпачынкавага профілю для дзяцей 6—11 гадоў. У ім дзейнічае адзін атрад, усяго 23 чалавекі. Мы не сталі дзя­ліць дзяцей па ўзростах, паколькі іх няшмат і разам яны выдатна ўзаема­дзейнічаюць. Гэта наша звычайная штогадовая практыка. І праграму мы кожны раз стараемся складаць цікавую для ўсіх. Прыдумваем заданні і для шасцiгодак, і для старэйшых дзетак. Сёлета да традыцыйнай практыкi дабавіліся новаўвядзенні — да нас прыхо­дзяць хлопчыкі і дзяўчынкі з сярэдняй школы № 2. У першы дзень яны адчувалі сябе скавана, сядзелі, як верабейчыкі, сваёй групкай. Але мы ўключылі іх у сумесныя гульні на ўзаемадзеянне, знаёмства, і вось ужо дзеці выдатна ладзяць. Вядома, нам, педагогам, таксама спатрэбіўся час, каб пазнаёміцца з новымі дзецьмі, знайсці да іх падыход, вывучыць іх асаблівасці. Але нічога, стацыянарныя лагеры кожны раз спраўляюцца з гэтай задачай, і мы справіліся. Мы бачым гэта і па экране настрою, які дзеці запаўняюць кожны дзень. У першыя дні на ім сустракаліся сумныя смайлікі, а цяпер — толькi вясёлыя тварыкі.

Дырэктар школы ўпэўнена:

— Нам ёсць што прапанаваць дзецям! У нас вельмі таленавіты калектыў педагогаў, захопленых і рознабаковых. Многія гуля­юць у валейбол, шахматы, малююць, рукадзельнічаюць. Кожны дзень з дзецьмі займаецца педагог па фізвыхаванні, некалькі разоў на тыдзень — педагог-арганізатар, прыдумляе мерапрыемствы для наведвальнікаў лагера і бібліятэкар. У нас працуюць розныя пляцоўкі: развiццёвыя, спартыўныя і па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Таму работа міжшкольнага лагера нам толькі ў плюс: чым больш у школы новых сяброў, тым лепш.

Насычана i ўсебакова

Цяпер наведаем Добрушскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі, дзе на парозе нас сустракае дырэктар цэнтра Іна Сяргееўна Хныкава.

— Кожны дзень у нас насычаны. Няма такога, каб быў спакойны, ціхі дзень з дакументамі, — увесь час бурліць жыццё і кіпіць работа. У нас выпадковых людзей няма: іншыя проста не затрым­ліваюцца. І я ведаю: мае педагогі любяць дзяцей і сваю справу, — расказвае дырэктар.

Работа аздараўленчага лагера пры цэнтры дадатковай адукацыі мае свае асаблівасці. Тут няма сталовай, і харчавацца дзеці ходзяць у суседнюю школу.

— З улікам гэтага і плануем работу, забiраем дзяцей пасля снедання і першую палову дня, пакуль нягорача, стараемся за­няць экскурсіямі. Напрыклад, сёння дзеці вярнуліся з лясніц­тва, заўтра адправяцца на фарфоравы завод. Мы акумулюем усе прафесійныя экскурсіі: дзе толькі не былі! Школьнiкам важна развівацца ва ўсіх напрамках. Твор­часць творчасцю, але дзецi павінны разумець, дзе працуюць іх бацькі. Тата, які прыйшоў са змены на заводзе, не заўсёды можа дакладна і цікава раска­заць пра сваю работу. А мы можам. У нас вельмі шмат сяброў — і Асвод, і лясгас, і прадпрыемствы горада. Калі мы не прыйдзем да іх, то яны завiта­юць да нас. У планах цэнтра — зра­біць клас, дзе будуць прадстаўлены ўсе службы: і МНС, і РАУС, і гаргаз, і энерганагляд. І не важна, хто завiтае да дзяцей з выступленнем — у нас ёсць выдатныя выкладчыкі, якія раска­жуць пра работу любых службаў.

Пасля экскурсій дзеці разыходзяцца па аб’яднаннях па інта­рэсах. Адны выбіраюць валейбол, другія — выпальванне, трэція малююць. Для многіх з іх гэта першае знаёмства з цэнтрам дадатковай адукацыі. Тут яны прыглядваюцца да педагогаў і гурткоў, выбіраюць тое, што цікава ім: музычная і тэатральная твор­часць, тэхнічнае канструяванне, бісерапляценне, спартыўныя секцыі, крэатыўнае рукадзелле і многае іншае.

— Мы стараемся, каб кожнае дзіця развівалася ў сваім кірунку, займалася тым, да чаго ў яго ёсць схільнасці, развівала свае таленты, — гаворыць Іна Сяргееўна. — І нам вельмі прыемна, што нашы навучэнцы вяртаюцца  не толькі пасля летніх канікул, але і пасля школы. Хтосьці прыходзіць да нас ужо як маці ці бацька і прыво­дзіць на заняткi сваіх дзяцей. Хтосьці жадае праявiць сябе ў якасці педагога. І гэта выдатна, бо такая зваротная сувязь паказвае, што ўсё не проста так і мы працуем недарэмна!

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота аўтара