Усё прадумана да дробязей: як сустрэнуць выпускны вечар у сельскай школе Жыткавіцкага раёна

- 17:12Новости

Учарашнія навучэнцы Коленскай сярэдняй школы ўжо даўно вызначыліся, як будзе праходзіць іх выпускны вечар. Гэтая падзея стане па­-сапраўднаму кранальным і душэўным святам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Коленская сярэдняя школа, якая размяшчаецца ў маляўнічым кутку — вёсцы Кольна Жыткавіцкага раёна, адзначыла 122-годдзе з дня ўтварэння, і 21 год прайшоў з таго часу, як узведзены яе цяперашні будынак. Дарэчы, Прэзідэнт Беларусі прымаў удзел у адкрыцці новага будынка школы. Сельская ўстанова адукацыі славіцца не толькі гучным адкрыццём, але і ўласнымі традыцыямі, якія аб’ядноўва­юць педагогаў, навучэнцаў і бацькоў ужо шмат гадоў. Напярэдадні выпускных вечароў настаўнікі ўспамінаюць мінулыя святы развітання са школай і дзеляцца ідэямі арганізацыі яркага і запамінальнага дзейства. Атмасферным і крэатыўным задумам педагогаў можна толькі пазайздросціць.

— У гэтым годзе калектыў установы падзеліць радасць свята з дзесяццю навучэнцамі, якія адпраўляюцца ў дарослае жыццё. Зусім хутка школьную парту яны зменяць на студэнцкую лаву, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Петрушкевіч. — Вядома, у гэты дзень юнакоў і дзяўчат чакаюць усмешкі і слёзы радасці, моцныя абдымкі з аднакласнікамі. Замест школьнай формы яны апрануцца ў прыгожыя вячэрнія ўборы, пачуюць словы-пажаданні, атрымаюць атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. Гэты дзень яны, несумненна, будуць успамінаць як самы кранальны ў іх школьным жыцці.

З году ў год згуртаваны і дружны калектыў школы рыхтуе для дзяцей шчырае, хвалюю­чае і душэўнае свята. Выпускнікоў мінулых гадоў сустракалі на чырвонай дарожцы, школьнікі пакідалі на памятных зорках проз­вішчы і адбіткі далоней. Гэты выпуск не выключэнне: ёсць ідэі насычанай культурна-забаўляльнай праграмы, якая таксама бу­дзе напоўнена сюрпрызамі.

— Кожны раз прыдумваем нешта новае і цікавае, ніколі не паўтараемся, — адзначае Таццяна Іванаўна. — Бацькі заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у свяце. Аднойчы са словамі пажаданняў яны ўручалі сваім дарослым дзецям абярэгі ў выглядзе анёлкаў. Для кожнага дзіцяці ўбачыць шчырую радасць у вачах маці ці бацькі — неверагодна кранальны момант. Хлопцы і дзяўчаты ў сваю чаргу адрасуюць словы ўдзячнасці педагогам, дораць ім сувеніры на памяць, зробленыя сваімі рукамі, што заўсёды прыемна. Выпускнікі 2015 года пакінулі картку ўдачы на магнітнай стужцы. Памятаю, як вучні прэзентавалі шакаладку з дзіцячай фатаграфіяй любімага педагога. Дарэчы, усе падарункі беражліва захоўваюцца ў школе. Летась дзеці загадвалі жаданні залатой рыбцы, якую пасля выпусцілі ў акварыум. Неяк ладзілі фотасесію ў стылі казкі “Папялушка”. У адзін год выпускнікамі былі адны дзяўчаты, тады правялі баль кветак, дзе кожная школьніца была ў вобразе не­звычайнай кветкі: ружы, лілеі, гладыёлуса. А вось і супергеройскі нататнік, які таксама падарылі выпускнікі. На ім кожны педагог набыў аблічча супергероя.

І гэта добрая ідэя, жыццёвая, бо педагогі, як сапраўдныя супергероі, рыхтуюць і падтрымліва­юць сваіх разумнікаў і разумніц у розных спаборніцтвах, конкурсах, алімпіядах.

— Сённяшнія выпускнікі традыцыйна адправяцца на раённы выпускны баль, а пасля афіцыйнай часткі вернуцца ў родны аграгарадок, — працягвае суразмоўніца. — Па добрай традыцыі, якой больш за 20 гадоў, выпускнікі нашай школы абавязкова зробяць круг гонару па родных мясцінах з ускладаннем кветак на Кургане Славы. Па дарозе да ўстановы яны пакінуць каляровы надпіс на асфальце — “Выпускнік-2024”, які падкрэсліць творчыя задаткі і крэатыў дзяцей. Гэты надпіс яшчэ доўгі час будзе нагадваць жыхарам аграгарадка аб урачыстым мерапрыемстве. У школе мо­ладзь сустрэнуць пад гучныя апладысменты педагогаў і бацькоў. На ўрачыстую частку мерапрыемс­тва ў фае школы герояў вечара запросяць вершамі. Фішка гэтага года — вальс дзяцей і педагогаў. Танец — добрая традыцыя, якая робіць свята больш урачыс­тым, сімвалізуе развітанне са школай. У такія хвіліны і радасна, і крыху сумна, бо юнакі і дзяўчаты да гэтага моманту ішлі 11 доўгіх гадоў. Моладзі ўру­чаць шкатулкі з цукеркамі, кожнаму падрыхтавана персанальнае пажаданне. Ужо ў мінулым апошні званок, напружаны час іспытаў, больш не бу­дзе ні ўрокаў, ні дамашніх заданняў. Выпускны вечар паставіць сімвалічную кропку ў школьным этапе жыцця, і пачнецца новы адлік — жыцця дарослага. Няхай тысячы школьных урокаў стануць для выпускнікоў надзейным падмуркам для ўзвядзення будынка сваёй будучыні, а веды і перакананні — пуцяводнай зоркай у доўгім плаванні па акіяне жыцця!

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота ўстановы адукацыі