Утульная Брагіншчына

- 10:30Родная земля

Настаўнікі, якія прыехалі працаваць у Брагінскі раён з іншых куточкаў Беларусі, часам жартуюць: Брагіншчына — такое балота (у добрым сэнсе гэтага слова), што зацягвае назаўсёды. Ціхае, размеранае жыццё ў маляўнічым краі… Адсюль, сапраўды, не хочацца з’язджаць.

Педагогі Брагінскай сярэдняй школы (С.П.Шкурко, А.Г.Яфрэмава, Н.У.Мельнікава) сярод экспазіцыі “Культура і побыт нашых продкаў”.

Вялікія, непраходныя балоты былі калісьці галоўнай адметнасцю гэтага краю. Сёння пра тыя часы нагадвае хіба што легенда. Маўляў, пайшлі неяк два браты на балота, аднаго раптоўна пачала зацягваць багна. Другі не змог яго выратаваць і ў адчаі крыкнуў: “Брат, гінь!” Так і пайшло — Брагін.

За апошняе стагоддзе тут многае змя­нілася. Як і ўсюды на Палессі, была праве­дзена маштабная меліярацыя. Да вёсак, што знаходзіліся сярод дрыгвы, былі пракладзены дарогі, павялічылася плошча ворнай зямлі. Край паціху развіваўся. А потым настаў 1986 год. Аварыя на ЧАЭС. Некаторыя вёскі былі выселены, пахаваны. Жыццё падзялілася на “да” і “пасля Чарнобыля”.

Сёння значную частку тэрыторыі Брагінскага раёна займае Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, многія населеныя пункты знаходзяцца ў забруджанай зоне з перыядычным радыяцыйным кантролем. Нягледзячы на гэтыя акалічнасці, людзі змаглі адрадзіць родную зямлю. Якасныя дарогі, прыгожыя рознакаляровыя будынкі… Калі прагульваешся па ўтульным райцэнтры, і не падумаеш, што ў гэтым краі здарылася трагедыя.

Пра легенды аб паходжанні назвы гарадскога пасёлка, гісторыю краю вам раскажуць у Брагінскай сярэдняй школе. У першую чаргу прапануюць наведаць экспазіцыю “Культура і побыт нашых продкаў”. Прычына простая — менавіта побытам, культурай калісьці адрозніваліся вёскі Брагінскага раёна ад суседніх Лоеўскага, Хой­ніцкага, Рэчыцкага.

— Колькі мы ні пыталі ў жыхароў Лоеў­скага раёна, што такое кварта, ніхто не змог адказаць. А квартай у нас называюць вялікі кубак. Дарэчы, гэтае слова сустракаецца ў некаторых іншых рэгіёнах Беларусі. Потым гладышы, у якія гаспадыні раней налівалі малако. Толькі на Брагіншчыне іх рабілі з асаблівай гліны — жоўтай, а не чырвонай, як звычайна. І гаворка ў нас адметная. Тыя ж лоеўцы гавораць быццам бы нараспеў. Я сама родам з Рэчыцкага раёна, дык калі прыязджаю на малую радзіму, мае землякі заўважаюць, што гавару ўжо з іншым акцэнтам, — паведаміла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Георгіеўна Яфрэ­мава.

Прыгожы, утульны будынак Брагінскай сярэдняй школы.

Экспазіцыя была створана намаганнямі навучэнцаў і педагогаў у 2006 годзе. Усе амаль 500 экспанатаў знаходзіліся калісьці ва ўжытку. Гэта галоўная адметнасць экспазіцыі. А яшчэ кожны прадмет можна не толькі разгледзець, пачуць інфармацыю аб яго прызначэнні, але і патрымаць.

— Вось традыцыйнае адзенне. Вам падабаецца, як раней апраналіся нашы жанчыны? Усё створана сваімі рукамі з натуральнай сыравіны. А якія ў нас прыгожыя саматканыя ручнікі! У многіх дамах яны захаваліся да сённяшняга часу. Ручнік суправаджаў чалавека на працягу ўсяго жыцця. Нарадзілася дзіця — патрэбен ручнік. На вяселле маладыя таксама становяцца на ручнік. Ручніком накрывалі хлеб, упрыгожвалі іконы. У апошні шлях чалавека таксама суправаджалі з ручніком. А вось маслабойка, кубел, ступа. Іх стварылі бондары. Раней амаль у кожнай вёсцы былі свае майстры. Адсюль і тыповыя прозвішчы Бандарэнка, Бандарчук, Бондар. Таксама ў экспазіцыі можаце ўбачыць ткацкі станок, прылады працы, старадаўні ложак, а побач дзіцячую калыску, куфар, які служыў нашым продкам у якасці шафы, — расказваюць юныя экскурсаводы.

В.Р.Мельнік.

Гэта быў аповед пра этнаграфічны раздзел экспазіцыі. У ваенна-патрыятычным расказваецца пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ са школьнага падручніка па гісторыі мы ведаем, што першы населены пункт на тэрыторыі Беларусі, вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 23 верасня 1943 года, — гэта гарадскі пасёлак Камарын Брагінскага раёна. Наогул, за вызваленне Брагіншчыны 398 чалавек былі ўдастоены медаля “Залатая Зорка” Героя Савецкага Саюза. Высокае званне атрымалі тры ўраджэнцы Брагіншчыны: Павел Шпетны, Пётр Жукаў і Сяргей Мацапура. І што самае цікавае, нарадзіліся яны ў Беларусі, па нацыянальнасці ўкраінцы,
а пасля вайны жылі ў Маскве.

На асобным стэндзе знахо­дзяцца фотаздымкі настаўнікаў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. Пасля вайны яны вярнуліся да мірнай працы вучыць дзяцей. Гэта настаўнік матэматыкі Сцяпан Іванавіч Лысенка, настаўнік працоўнага навучання і фізічнай культуры Фёдар Сцяпанавіч Скараход, настаўнік фізікі Уладзімір Ільіч Шылец, настаўнік пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Віталь Іванавіч Лысенка, дырэктар Брагінскай сярэдняй школы Аляксандр Фёдаравіч Сіранькоў. Калі вы вучыліся ў гэтых людзей і можаце нешта пра іх расказаць, то брагінскія педагогі з задавальненнем запішуць вашы ўспаміны.

— Трэцяя частка экспазіцыі прысвечана трагічным падзеям, якія адбыліся пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нягле­дзячы на ўсе нягоды, Брагінскі раён працягвае жыць і квітнець, а таксама памятаць тых, хто аддаў сваё жыццё, ратуючы наш край ад катастроф, — паведамілі
вучаніцы.

Незагойная рана

Мінула больш за 36 гадоў, аднак чарнобыльская рана і да гэтага часу не загойваецца, асабліва на сэрцы людзей, якія вымушаны былі пакінуць родны край і перасяліцца ў іншыя мясціны. Настаўніца пачатковых класаў Вольга Рыгораўна Мельнік і цяпер кожны дзень узгадвае родную вёску Чэрнеў. Сёння гэтага населенага пункта няма на карце Беларусі. Яго назву можна прачы­таць толькі на помніку выселеным вёскам на цэнтральнай плошчы Брагіна. А пра колішняе жыццё Чэрнева нагадваюць старыя чорна-белыя фотаздымкі, якія захоўваюцца ў сем’ях перасяленцаў, а таксама іх успаміны — заўсёды сумныя, бо туга па страчанай ра­дзіме з гадамі не праходзіць.

— У вёсцы было 76 двароў, побач працякала рэчка Брагінка, праходзіла дарога з Камарына на Брагін. Нягле­дзячы на тое, што вёска пахавана, яна засталася ў маёй памяці жывой, з дзіцячым смехам, людскімі галасамі, прывычнымі гукамі вясковага жыцця. Тры вуліцы: адна галоўная ўздоўж ракі і яшчэ дзве невялікія. Дамы ў асноўным драўляныя, — узгадвае Вольга Рыгораўна. — У красавіку 1986 года я вучылася ў 6 класе. Мы, дзеці, тады яшчэ не разумелі трагічнасць падзеі. Ды і дарослыя таксама  не ўяўлялі ўсёй небяспекі радыяцыі. У гэты час мы якраз садзілі бульбу, вясна ж на дварэ.

Калі пачалося высяленне, над нашай вёскай пачалі лятаць верталёты. Для дзяцей гэта было так захапляльна, сапраўдная сенсацыя. Памятаю, як аднойчы нас раней звычайнага адпусцілі са школы. Калі прыйшла дадому, то старэйшы брат з сям’ёй паехалі на чыгуначную станцыю. Мяне павёз тата на сваім “кіраўцы”. Добра запомніла, як па дарозе ён плакаў. Спачатку нас вывезлі ў Лубенікі Брагінскага раёна. Кагосьці сялілі па дамах, кагосьці ў будынак школы. Там мы пражылі некалькі тыдняў, я нават у мясцовую школу паспела пахадзіць. Бацькам прапаноўвалі некалькі варыянтаў, куды можна перасяліцца. Выбралі Рагачоўскі раён. Там далі стары закінуты дом. Потым праз месяц-паўтара дабудавалі домікі для перасяленцаў і мы пачалі жыць у іх. Здаецца, былі створаны ўсе ўмовы, каб пачаць новае жыццё. Але маму заўсёды цягнула на радзіму. Вырашылі вярнуцца. Тады ў Красным таксама пабудавалі домікі для перасяленцаў. Жыллё ёсць, бацькі знайшлі работу. Як выкапалі бульбу (было гэта восенню 1987 года), вярнуліся на Брагіншчыну.

Не ўсе жыхары Чэрнева пага­дзіліся перасяліцца ў іншае месца. Сапраўды, як ты пакінеш зямлю, дзе нарадзіўся, дзе прайшло тваё дзяцінства, дзе стварыў сям’ю, дзе жылі твае продкі… Сёння на месцы вёскі — вялікі драўляны крыж і памятная шыльда. Дамы закапаны, усё зарасло пустазеллем, кустамі, няма ўжо і той дарогі, па якой Вольга Рыгораўна хадзіла на заняткі ў Піркаўскую школу. Аднак ураджэнцы Чэрнева, калі прыяз­джаюць у гэтыя мясціны на Радаўніцу, заўсёды пазнаюць месцы сваіх сядзіб. Арыенцірам для сям’і Вольгі Рыгораўны з’яўляюцца пладовыя дрэвы, якія незадоўга да высялення пасадзіў тата. З бацькоўскага дома засталося некалькі фота­здымкаў, пэўныя рэчы. Некаторыя з іх сёння захоўваюцца ў школьнай экспазіцыі. Гэта карціны, вышытыя мамай Вольгі Рыгораўны, а таксама дыван, які на вяселле настаўніцы падарыла яе бабуля. Дыван, дарэчы, саматканы.

Узгадала тыя часы і дырэктар Брагінскай сярэдняй школы Святлана Пятроўна Шкурко. Калі здарылася аварыя на ЧАЭС, яна вучылася на 3 курсе Лоеўскага педвучылішча.

Калі прыедзеце на Брагіншчыну:

завітайце ў гістарычны музей з карціннай галерэяй;
дакраніцеся да метэарыта і загадайце жаданне (гавораць, яно збудзецца);
прагуляйцеся па ўтульных вуліцах райцэнтра;
наведайце парк у вёсцы Тэльман;
падыдзіце да каменя кахання;
паедзьце ў Камарын — першы населены пункт на тэрыторыі Беларусі, вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў;
азнаёмцеся з экспазіцыяй школьных музеяў.

— Мне было 17 гадоў. Я таксама родам з Брагінскага раёна, але нашай вёсцы Буркі пашчасціла, яе не выселілі. Добра памятаю, як вывозілі людзей. У мяне і цяпер стаіць перад вачыма тая карціна, узгадваю вёскі без дзяцей, засмучаныя твары жанчын. Без слёз нельга ­ўзгадваць, — падзялілася Святлана Пятроўна. — Пасля педвучылішча вярнулася на Брагіншчыну. Потым выйшла замуж і паехала жыць у Мінск. Аднак так склаўся лёс, што ў 1997 годзе зноў вярнулася на радзіму. Ужо і не хачу адсюль з’язджаць. Мы рады, што наш раён адрадзіўся, што будуецца жыллё для мнагадзетных сем’яў, маладыя спецыялісты карыстаюцца льготамі. Таму і вяртаюцца да нас у школу выпускнікі. Мы рады, бо ведаем іх яшчэ вучнямі і разумеем, якімі цудоўнымі настаўнікамі яны будуць.

“І тчэ, забыўшыся, рука…”

Пра сваю малую радзіму, Нараўляншчыну, часта ўзгадвае і настаўнік фізікі Хракавіцкай сярэдняй школы Брагінскага раёна Міхаіл Ерасавіч Казачэнка. Яго родная вёска Смалегаў, як і Чэрнеў, была выселена і закапана. У памяць пра бацькоўскую зямлю настаўнік і вырашыў стварыць у Старых Хракавічах, дзе ён жыве больш за 40 гадоў, дом-музей.

М.Е.Казачэнка за ткацкім станком

— Аварыя на ЧАЭС забрала ў мяне малую радзіму. І я не хачу, каб сваю малую радзіму страцілі мае вучні. Не, не з-за тэхнагеннай катастрофы, а з-за бяспамяцтва. Таму разам са сваёй жонкай, таксама настаўніцай, Валянцінай Анатольеўнай і нашай калегай Ларысай Іванаўнай Ткачэнка вырашылі стварыць музей. Бо любоў да малой радзімы, як вядома, пачынаецца з ведання яе гісторыі, адметнасцей, — паведаміў Міхаіл Ерасавіч.

Ідэя стварыць музей не проста ў вучэбным пакоі (як часта бывае са школьнымі музеямі), а ў асобным вясковым доме прыйшла выпадкова. Падчас адной з экскурсій у дарозе настаўнікі загаварылі пра тое, як было б добра стварыць у школе музей. “Дык у мяне ж дом бацькоў пустуе. Чаму б у ім не размяс­ціць экспазіцыю”, — сказала тады Л.І.Ткачэнка. Сапраўды, чаму б не размясціць, калі на падворку і ў самім доме засталося шмат розных прадметаў побыту, прылад працы…

— Мая жонка сказала, што мы з Ларысай Іванаўнай авантурысты, бо дом стаяў закінуты, у ім 9 гадоў ніхто не жыў, — узгадвае настаўнік. — Але мы настолькі загарэліся музейнай справай, што ўжо праз некаторы час дом быў прыбраны, наведзена чысціня і на тэрыторыі сядзібы. Гле­дзячы на нашу зацікаўленасць, да справы далучыліся іншыя калегі. А калі пра тое, што тут ствараецца музей, даведаліся вяскоўцы, то пачалі прыходзіць, размаў­ляць пра мінулае, прыносіць старыя рэчы.

Л.І.Ткачэнка.

Шмат чаго засталося ад баць­коў Ларысы Іванаўны, яе свекрыві, бабулі. У першую чаргу вышываныя кашулі, ручнікі, розныя накідкі. Нездарма тканыя вырабы займаюць большую частку экспазіцыі. Цэнтральнае месца ў доме адведзена ткацкаму станку. Бачыць жанчыну за такім станком — справа прывычная. Аднак калі за яго сядае мужчына, нават самыя непаслухмяныя вучні-экскурсанты сцішваюцца і ўважліва назіраюць за тым, як Міхаіл Ерасавіч тчэ “заміж персідскага ўзору цвяток Радзімы васілька”.

— У нас цалкам адноўлены цыкл ткацтва. Адзінае, мы не можам знайсці снапок лёну. Цяпер у нашым раёне лён не вырошчваюць, таму даводзіцца дзецям паказваць на карцінках, як ён расце, цвіце, якая гэта прыгажосць. А раней жа, да Чарнобыля, ён у нас тут шмат дзе рос. Памятаю, як у дзяцінстве хадзілі ўбіраць лён, ставілі яго ў снапкі. Мы падрабязна расказваем пра ўвесь працэс апрацоўкі лёну, стварэння з яго адзення. Сакрэты ткацкай справы намагаюся перадаць школьнікам. Але ім пакуль цяжкавата працаваць за станком, асабліва з педалямі, так званымі панажамі, — падзяліўся настаўнік.

Ларыса Іванаўна працягнула экскурсію і засяродзіла ўвагу на ручніках: “Кожная дзяўчына, рыхтуючыся да шлюбу, збірала пасаг. У першую чаргу патрэбна была вялікая колькасць ручнікоў. На кожным дзяўчына вышывала свае ініцыялы — своеасаблівы аўтограф. Вось гэтыя ручнікі ад маёй свекрыві. Гэты ад бацькоў. Калі мама дала згоду выйсці замуж, то падарыла родным таты вось гэтыя ручнікі. Такі трымалі ў царкве падчас вянчання. На гэтых падносілі хлеб-соль. Раней не было вялікай разнастайнасці колеру ў нітках: толькі чорны і чырвоны. Гэтым радном засцілалі ложак. Летам тканіна прахалодная і на ёй вельмі добра спаць. А тут бачым адбеленае палатно. Адбельвалі, дарэчы, у жлукце. А такімі ручнікамі ўпрыгожвалі покуць і рамкі з фотаздымкамі. Яшчэ тут ёсць фіранкі, якія рабіла мая мама ў тэхніцы рэшалье. Калі звернеце ўвагу, то яны ёсць на ўсіх вокнах. Усё гэта ручная работа. Кожную дзірачку мама выразала, а потым абшывала іголкай”.

У настаўнікаў-краязнаўцаў шмат планаў. Цяпер Міхаіл Ерасавіч як кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, збірае фотаздымкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Таксама складае спіс вучняў Хракавіцкай школы за розныя гады. Хоча дапоўніць экспазіцыю новымі матэрыяламі, пашырыць музейную прастору на тэрыторыі самой сядзібы. Справа няпростая, але вельмі карысная. І добра, калі будзе падтрымка.

Не толькі метэарыт

Калі б у наш час над Беларуссю прайшоў метэарытны дождж, інфармацыя пра гэтую з’яву з неверагоднай хуткасцю разляцелася б па інфармацыйных сайтах, сацыяльных сетках. На месца прызямлення касмічных цел прыехалі б навукоўцы, аматары гісторый пра іншапланецян. Гэтае месца стала б папулярным турыстычным аб’ектам.

Метэарытны дождж прайшоў над Брагіншчынай. Але здарылася гэта больш за 200 гадоў назад, калі ні інтэрнэту, ні сацыяльных сетак не было. Таму невыпадкова ад першай знаходкі метэарыта да апошняй прайшло больш за 100 гадоў. Першыя кавалкі жалеза-каменных метэарытаў, якія адносяцца да рэдкага тыпу паласітаў, былі знойдзены сялянамі на пясчаных выспах сярод балот у 1807 го­дзе. Апошняя задакументаваная знаходка адносіцца да 1937 го­да.

Метэарыт “Брагін” вагой 38 кілаграм сёння захоўваецца ў Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэяй і з’яўляецца адной з галоўных адметнасцей краю. Напэўна, няма такога брагінца, які б хоць раз не дакрануўся да гэтага экспаната. Лічыцца, калі пры гэтым загадаць жаданне, то яно абавязкова збудзецца. Праўда тое ці не — кожны няхай вырашае сам. Галоўнае, што гэты ўнікальны экспанат нібы магніт прыцягвае наведвальнікаў. Некаторыя людзі спецыяльна едуць на Брагіншчыну за сотні кіламетраў, каб убачыць дзіва дзіўнае. А яшчэ яны здзіўляюцца, даведаўшыся, што не метэарытам адзіным славіцца гэты край.

— У нашым раёне ёсць яшчэ адзін камень, праўда, ён прыляцеў не з космасу, а апынуўся ў нас у выніку таяння ледавіка тысячы гадоў назад. Адметны валун тым, што, па легендзе, каля яго рабіў прапанову рукі і сэрца Марыне Мнішак Ілжэдзмітрый І, калі гасцяваў у Вішнявецкіх. Знаходзіцца валун у парку вёскі Тэльман. Цяпер камень не такі вялікі, якім быў раней, бо сёння маладыя, каб шлюб быў моцны, садзяцца на яго, а потым адломваюць кавалак. Яшчэ адна наша адмет­насць — іконы. Калі прыглядзецца, то каля выявы святых можна ўбачыць кветкі, якія мясцовыя жыхары называюць капусткамі. Вядомы і Брагінскі строй, адметны шыйным упрыгажэннем з бісеру, вышытымі кветачкамі. Вельмі цікавымі з’яўляюцца вёльцы. Гэта спецыяльныя вясельныя вянкі, сплеценыя на галінах з выкарыстаннем розных стужачак, кветачак, збожжа — усяго, што сімвалізуе дабрабыт, шчаслівае жыццё. Плялі вёльцы абавязкова тры замужнія жанчыны, неразведзеныя, у якіх былі дзеці. За працай спявалі спецыяльныя абрадавыя песні. Галінкі для вёльцаў звычайна выразаў мужчына, які потым на вяселлі быў дружком з боку жаніха, — расказвае пра адметнасці краю малодшы навуковы супрацоўнік музея Галіна Вітальеўна Дзяцел.

Аповед і пра метэарыт, і пра капустачкі на іконах, і пра вёльцы, і, канечне, пра чарнобыльскі лёс краю ад супрацоўнікаў музея мясцовыя школьнікі чулі неаднойчы. Па словах Галіны Вітальеўны, навучэнцы з’яўляюцца самымі частымі наведвальнікамі музея, асноўнай мэтавай аўдыторыяй, паколькі выхаванне падрастаючага пакалення — адна з важных задач дзейнасці музея. Школьнікі наведваюць лекцыйныя, культурна-адукацыйныя заняткі. Для канікулярнага перыяду распрацавана праграма “Музейная школа”. Асноўнай формай работы з дзецьмі з’яўляецца не экскурсія, паколькі ім складана засяро­дзіцца на праслухоўванні экскурсавода, а квест-гульні, прагляд лекцыйных заняткаў, прагулкі па горадзе. Таксама супрацоўнікі музея дапамагаюць студэнтам, прадастаўляючы матэрыялы для напісання дыпломных работ па гісторыі раёна. Знаёмяцца наведвальнікі і з лёсам ураджэнца Брагіншчыны Васіля Іванавіча Ігнаценкі, які адным з першых кінуўся ту­шыць пажар на ЧАЭС, лёсам выселеных вёсак, з помнікамі архітэктуры, якія знаходзяцца на тэрыторыі Брагінскага раёна, карцінамі на чарнобыльскую тэматыку.

Хочацца вярнуцца

Чарнобыльская тэма чырвонай ніткай праходзіла праз маё падарожжа на Брагіншчыну. Ня­дзіўна, бо раён адзін з найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. У той жа час камандзіроўка была напоўнена радаснымі момантамі, жыццёвым аптымізмам. Па­мяць пра страчаную малую радзіму дапамагае настаўнікам рабіць усё магчымае, каб і ў райцэнтры, і ў вёсках заўсёды гучалі дзіцячыя галасы, каб жыццё на гэтай утульнай зямлі было шчаслівым. Цудоўна разумею, чаму адсюль не хочацца з’язджаць, чаму сюды хочацца вярнуцца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.