Утульны сад на радасць дзецям

- 11:12Навіны рэгіёнаў

На радасць маленькім жыхарам Стоўбцаў і іх бацькам у горадзе адкрыўся новы дзіцячы сад. У дашкольнай установе створаны спрыяльныя ўмовы для росту і развіцця выхаванцаў.

Новы будынак, што з’явіўся ў Стоўбцах, прыгожы і звонку і ўнутры. 12 утульных абсталяваных груп разлічаны на 230 маленькіх выхаванцаў. Для ўсебаковага развіцця дзяцей прадугледжаны спартыўная, трэнажорная, музычная і харэаграфічная залы, а таксама камп’ютарны пакой. Каб выхаванцы сада паўнавартасна і смачна харчаваліся, у харчаблоку з’явілася сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, якое дазваляе захоўваць у прадуктах максімальную колькасць карысных рэчываў. Для здароўя дашкольнікаў — фізіятэрапеўтычны і масажны кабінеты, а таксама басейн. Дарэчы, гэта першы ў Стоўбцах сад з басейнам. Цудоўныя ўмовы створаны і на спартыўнай пляцоўцы, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць гуляць у баскетбол, футбол, валейбол і іншыя рухавыя гульні.

У дзень урачыстага адкрыцця дашкольнай установы гасцей мерапрыемства запрасілі на цікавыя заняткі па пазнавальным развіцці і выяўленчай дзейнасці, таксама дзеці і выхавальнікі падрыхтавалі невялікі канцэрт. Прысутныя пераканаліся: у новым садзе ёсць усё для таго, каб дзеці былі здаровыя і шчаслівыя.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі,
спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама.