Увага! Знята!

- 11:21Навіны рэгіёнаў

Яны равеснікі — тэлерадыёвяшчальны канал “Гродна плюс” і кафедра журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — створаны ў 2008 годзе. І адразу паміж імі пачалося супрацоўніцтва: тут праходзяць вучэбную і вытворчую практыку студэнты, супрацоўнікі канала праводзяць майстар-класы і заняткі, па замове канала выконваюцца курсавыя і дыпломныя работы, разам ладзяцца медыяфестывалі і медыяалімпіяды для школьнікаў.

Філіял кафедры журналістыкі быў створаны на канале “Гродна плюс” у маі гэтага года, а зусім нядаўна адбылася яшчэ адна значная падзея — тут адкрыта вучэбная аўдыторыя філіяла кафедры журналістыкі. Аўдыторыя аснашчана сучасным абсталяваннем — відэапраектарам, тэлекамерамі, дыктафонамі, радыёмікрафонамі, рэжысёрскім пультам.

— Ва ўніверсітэце зараз дзейнічаюць 80 філіялаў кафедраў, 35 — ва ўстановах адукацыі, 45 — на прадпрыемствах і ў арганізацыях, — расказвае першы прарэктар ГрДУ Ірына Кітурка. — Гэта дазваляе студэнтам атрымаць практычныя навыкі яшчэ падчас вучобы. Адкрыццё вучэбнай аўдыторыі на базе тэлерадыёвяшчальнага канала “Гродна плюс” — гэта новы крок у пашырэнні практыка-арыентаванага навучання.

У аўдыторыі будуць праводзіцца лекцыйныя заняткі і трэнінгі, у ролі выкладчыкаў выступяць тэле- і радыёжурналісты, аператары, інжынеры мантажу і работнікі рэкламнай службы, а атрыманыя практычныя веды студэнты змогуць прымяніць непасрэдна на тэлеканале, радыё MFM 105.0 і ў часопісе “Гродна”.

На ўрачыстасць з нагоды адкрыцця вучэбнай аўдыторыі запрасілі намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Лісковіча, намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зою Кулеша, першага прарэктара ГрДУ Ірыну Кітурка. А замест чырвонай стужкі, з улікам спецыфікі тэлеканала, ганаровыя госці перарэзалі стужку VHS, якую раней выкарыстоўвалі ў тэлевытворчасці. І адразу адбылася практычная частка — студэнтка трэцяга курса Ірына Чабатарэвіч узяла інтэрв’ю ў гасцей. Віктар Андрэевіч Лісковіч, адказваючы на пытанні, сказаў, што адкрыццё вучэбнай аўдыторыі прынясе вынікі і ў найбліжэйшы час, і ў аддаленай будучыні. Гэта дапаможа ўніверсітэту палепшыць падрыхтоўку спецыялістаў для медыйнай сферы, навучыць будучых спецыялістаў перадаваць дакладную, праўдзівую і якасную інфармацыю, своечасова інфармаваць аўдыторыю.

У сумесных планах кафедры журналістыкі і “Гродна плюс” — работа са школьнікамі. Як адзначыў дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала Сяргей Мазайла, наступным летам плануецца арганізаваць летні лагер для вучняў 7—9 класаў, якія мараць аб прафесіі журналіста.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.