Тэму выбару прафесіі выпускнікамі школ нярэдка ўзнімаюць спецыялісты і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Некаторыя проста выказваюць занепакоенасць, а іншыя ўжо б’юць трывогу, нагадваючы, што абітурыенты часта выбіраюць для сябе абсалютна незапатрабаваныя грамадствам прафесіі і ў выбары свайго прафесійнага шляху абапіраюцца на свае даволі туманныя ўяўленні аб прэстыжнасці спецыяльнасці, ігнаруючы пры гэтым патрэбы рынку працы. Пакуль сітуацыя выглядае менавіта так, тэма прафарыентацыйнай работы не страціць сваёй актуальнасці.
Пошук найбольш эфектыўных форм работы па прафарыентацыі школьнікаў адбываецца на розных узроўнях, у тым ліку і ва ўстановах адукацыі. На Міншчыне асабліва плённа і разнастайна працуе ў гэтым кірунку Вілейскі дзяржаўны каледж. Тут не стамляюцца прыдумваць усё новыя і новыя спосабы знаёмства дзяцей з прафесіямі, якім навучаюць у каледжы, і прапаганды рабочых спецыяльнасцей. Так, амаль на любым мерапрыемстве раённага ці абласнога маштабу з удзелам школьнікаў Вілейскі каледж “рэкламуе” сябе эфектнымі паказамі, імпрэзамі, выставамі. Каледж славіцца цікавымі шоу-праграмамі, святамі, на якія запрашаюцца навучэнцы школ і гімназій раёна, дзе дзеці весела бавяць час і непрыметна для сябе даведваюцца больш аб прафесіях. Гэта “Дранік-шоу”, “Дзень судака”, “Свята малака”, “Энергія прыгажосці” і многія іншыя.
І вось новы кірунак прафарыентацыйнай работы: на базе каледжа арганізаваны курс дапрофільнага навучання “Уводзіны ў прафесію”. Праграма навучання разлічана на 38 гадзін. Кожную суботу на працягу паўгоддзя жадаючыя школьнікі будуць прыязджаць у каледж, дзе майстры вытворчага навучання і выкладчыкі каледжа будуць праводзіць для іх заняткі. У распараджэнні школьнікаў — рэсурсны цэнтр, усе майстэрні і абсталяванне каледжа. Зразумела, толькі пад наглядам майстроў і ў межах разумнага. Хлопчыкі, знаёмячыся з прафесіяй вадзіцеля і слесара па рамонце аўтамабіля, канечне, за руль не сядуць, а вось пад капот зазірнуць і нават паспрабуюць што-небудзь адрамантаваць. Таксама юнакі больш даведаюцца аб прафесіях зваршчыка, электраманцёра, муляра. Дзяўчаты “прымераюць” прафесію кухара, цырульніка, візажыста, майстра па манікюры, швачкі. Усіх чакае і тэорыя, і практыка, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання пастараюцца, каб заняткі былі змястоўныя, але простыя для ўспрымання і цікавыя.
26 хлопчыкаў і 18 дзяўчат — навучэнцаў 8-х класаў школ Вілейкі і Вілейскага раёна ўжо прыступілі да заняткаў. Яны распачаліся экскурсіяй па каледжы: дзеці наведалі лабараторыі, майстэрні, кафэ “Пары”, цырульню “Лада”, што працуюць у каледжы. Пасля першых заняткаў уражанні ў школьнікаў былі самыя станоўчыя, некаторыя нават цікавіліся, ці будзе ў іх магчымасць прадоўжыць курс у наступным навучальным годзе.
Зразумела, стаць цырульнікам ці аўтаслесарам пасля гэтых заняткаў школьнік не зможа, але гэта цудоўная магчымасць зірнуць на прафесію знутры, каб мець аб ёй правільнае ўяўленне і скласці асабістае меркаванне. Цудоўна, калі сярод гэтых спецыяльнасцей малады чалавек знойдзе сабе справу па душы. Але нават калі ён зразумее, што ніводная для яго не падыходзіць, гэта таксама нядрэнна, ён скіруе свой пошук у іншы бок, і яго шанс зрабіць правільны выбар узрасце.
Дар’я РЭВА.
Фота Вілейскага дзяржаўнага каледжа.