Узаемная зацікаўленасць

Міністр адукацыі І.В.Карпенка і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арабскай Рэспублікі Егіпет у Расійскай Федэрацыі Іхаб Ахмед Талаат Насар, які выконвае дыпламатычную місію па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь, сустрэліся ў Міністэрстве адукацыі. Іхаб Ахмед Талаат Насар прыбыў у Мінск з нагоды ўручэння даверчай граматы прэзідэнту нашай краіны і наведвання міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, у тым ліку Міністэрства адукацыі.

Ігар Васільевіч Карпенка шчыра павітаў пасла ў галіновым міністэрстве і падзякаваў за ўвагу, якую кіраўнік дыпламатычнай місіі праявіў да адукацыйнай галіны ў Беларусі і тым самым выказаў намер сваёй краіны наладжваць цеснае супрацоўніцтва з Беларуссю ў гэтай сферы.

— Нядаўні візіт кіраўніка нашай дзяржавы ў краіны арабскага свету стварыў новую платформу для нарошчвання сяброўскіх і дзелавых сувязей, у тым ліку ў сферы адукацыі, — адзначыў І.В.Карпенка. — Таму ў развіцці тых палітычных і эканамічных дамоўленасцей, якія былі дасягнуты на самым высокім узроўні, мы прыкладваем сілы, каб нашы адносіны ў сферы адукацыі развіваліся больш інтэнсіўна і выходзілі на новы ўзровень.

Для развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі існуе міжурадавае пагадненне. Для таго каб яно паўнавартасна працавала ў плоскасці канкрэтных праектаў, Міністэрства адукацыі распрацавала на найбліжэйшыя гады праграму супрацоўніцтва паміж урадамі дзвюх краін у сферы вышэйшай адукацыі. Таксама, улічваючы, што Міністэрства адукацыі Беларусі вядзе пытанні маладзёжнай палітыкі, быў падрыхтаваны праект мемарандума аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам моладзі і спорту Арабскай Рэспублікі Егіпет па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне маладзёжнай палітыкі.

І.В.Карпенка засяродзіў увагу на ўзаемадзеянні паміж краінамі ў галіне дрэваапрацоўкі і падрыхтоўкі кадраў для гэтай сферы. Справа ў тым, што прадстаўнікі канцэрна “Беллесбумпрам” і БДТУ пабывалі ў Егіпце, дзе прадэманстравалі магчымасці айчыннай сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў у дрэваапрацоўчай прамысловасці. Па выніках гэтага візіту егіпецкім бокам было прынята рашэнне накіраваць сваіх спецыялістаў у нашу краіну для прафесійнай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ў галіне дрэваапрацоўкі і вытворчасці мэблі на базе БДТУ. У адпаведнасці з запытамі егіпецкага боку, у тэхналагічным універсітэце падрыхтаваны праграмы курсаў на англійскай мове па тэматыцы ў галіне дызайну, праектавання мэблі і лічбавага праграмнага кіравання абсталяваннем для вытворчасці мэблі. Працягласць курсаў — некалькі тыдняў.

Варта адзначыць і супрацоўніцтва паміж Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Табінскім металургічным інстытутам, якое накіравана на стварэнне сумеснага інжынернага факультэта.

І.В.Карпенка адзначыў, што апошнім часам істотна актывізаваліся міжуніверсітэцкія сувязі паміж краінамі, што дазволіла выйсці на падпісанне канкрэтных дагавораў паміж УВА. На сёння заключана ўжо 8 такіх дамоўленасцей. Вельмі важным напрамкам міністр адукацыі лічыць развіццё экспарту адукацыйных паслуг, што вядзе да павелічэння колькасці егіпецкіх грамадзян, якія гатовы вучыцца ў беларускіх установах вышэйшай адукацыі. Сёння гэты працэс мае станоўчую дынаміку.

У працяг размовы пасол Арабскай Рэспублікі Егіпет, па сутнасці, развіў тыя ж самыя кірункі, пра якія расказаў кіраўнік Міністэрства адукацыі Беларусі, і тым самым пацвердзіў, што абедзве краіны зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва. Так, у прыватнасці, пасол звярнуў увагу на павелічэнне колькасці міжуніверсітэцкіх дагавораў, ахоп іншых універсітэтаў і іншых спецыяльнасцей, на пашырэнне падрыхтоўкі навуковых кадраў у аспірантуры, наладжванне абмену студэнтамі і выкладчыкамі, развіццё сумеснай навукова-даследчай дзейнасці. Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў, што ў нашай краіне гэтая работа вядзецца па многіх кірунках, і кожны з іх будзе цікавы для егіпецкіх калег, таму што беларускім бокам тут дасягнуты даволі высокія вынікі. Гэта інжынерыя, медыцына, ІТ, сельская гаспадарка і шэраг іншых сфер. Для развіцця навуковых даследаванняў у вышэйшай школе створаны тэхнапаркі, лабараторыі і іншыя структуры, дзе можна займацца даследчай дзейнасцю.

Напрыканцы размовы Ігар Васільевіч Карпенка папрасіў перадаць запрашэнне наведаць Беларусь кіраўніку Міністэрства вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Арабскай Рэспублікі Егіпет.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.