У рамках візіту дэлегацыі Туркменістана ў Беларусь 10 мая міністр адукацыі І.В.Карпенка прыняў у галіновым міністэрстве намесніка міністра адукацыі Туркменістана па вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах Акнабат Атабаеву.
У ходзе сустрэчы суразмоўцы абмеркавалі бягучы стан і перспектывы развіцця беларуска-туркменскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Зазіраючы ў гісторыю супрацоўніцтва дзвюх краін у адукацыйнай галіне, трэба сказаць, што ўзаемадзеянне паміж Рэспублікай Беларусь і Туркменістанам мае шырокое прававое поле. Паміж міністэрствамі адукацыі дзвюх краін падпісаны шэраг міжурадавых і міжведамасных пагадненняў аб супрацоўніцтве, а таксама 18 прамых міжуніверсітэцкіх дагавораў аб узаемадзеянні.
У гэтым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі нашай краіны вучацца 8785 грамадзян Туркменістана, якія выбіраюць не толькі сталічныя, але і рэгіянальныя УВА. Беларускія ўстановы адукацыі таксама забяспечваюць падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў і спецыялістаў сярэдняга звяна для работы на Гарлыкскім горназдабываючым камбінаце.
З абодвух бакоў была падкрэслена важнасць наладжвання прамога ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі Беларусі і Туркменістана. Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка выказаў зацікаўленасць у падрыхтоўцы спецыялістаў для патрэб галін эканомікі і сацыяльнай сферы Туркменістана ў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі нашай краіны.
Дэлегацыя Туркменістана наведала шэраг устаноў адукацыі, у тым ліку Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і інш.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.