Узняць імідж аграрнай адукацыі

- 12:15Навука і інавацыі

“Чалавечая медыцына захоўвае чалавека, ветэрынарная медыцына засцерагае чалавецтва”. Гэтыя словы вядомага рускага ветэрынара С.С.Яўсеенкі бачыць кожны, хто прыходзіць на факультэт ветэрынарнай медыцыны Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Але галоўнымі “спажыўцамі” гэтай мудрасці павінны стаць студэнты — так лічыць дэкан факультэта, доктар ветэрынарных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі экалогіі Віктар Малашка.

За гады існавання факультэта тут падрыхтавана звыш 1000 спецыялістаў, якія працуюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Урач ветэрынарнай медыцыны — запатрабаваны сёння спецыяліст, які аказвае ўплыў на харчовую бяспеку краіны. І патрабаванні да яго таксама высокія.

— Пачынаючы з 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў жывёл выяўлена больш за 20 відаў новых вірусаў, якія выклікаюць захворванні, — расказвае Віктар Віктаравіч. — Гэта паказвае, што ветэрынарная медыцына пастаянна развіваецца, патрабуюцца новыя даследаванні і новыя методыкі прафілактыкі і лячэння. Вучыць студэнтаў трэба таксама з прымяненнем самых сучасных ведаў. Практыка-арыентаванае навучанне дазваляе выпускаць прафесійна падрыхтаванага спецыяліста.

На факультэце ветэрынарнай медыцыны падрыхтоўка студэнтаў вядзецца ў спецыялізаваных вучэбных класах і клініках, працуе акрэдытаваная праблемная навукова-даследчая лабараторыя з сучасным абсталяваннем. Штомесяц праводзяцца круглыя сталы па рознай тэматыцы з запрашэннем спецыялістаў-практыкаў. Сёлета на базе аднаго з самых перадавых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гродзеншчыны “Прагрэс-Верцялішкі” створаны вучэбны навукова-практычны цэнтр. Там з прымяненнем найноўшых камп’ютарных тэхналогій студэнты могуць назіраць за ўсімі вытворчымі працэсамі ў рэальным часе.

Прафесар Малашка асабіста і ў суаўтарстве апублікаваў больш за 300 навуковых работ, больш за 50 вучэбна-метадычных дапаможнікаў, 3 падручнікі, 4 манаграфіі, звыш 50 рэкамендацый вытворчасці, мае 4 аўтарскія пасведчанні.

Віктар Віктаравіч лічыць, што ўжо з першага курса студэнтаў можна далучаць да даследчай работы праз удзел у навуковых гуртках. На факультэце працуюць такія гурткі па акушэрстве, анатоміі, фізіялогіі, хірургіі. Адна з умоў — бал гурткоўца не павінен быць ніжэй за 7. А навучыць студэнта можа толькі той, хто сам пастаянна вывучае новае, займаецца навукай.

Кандыдацкая і доктарская дысертацыі Віктара Віктаравіча былі прысвечаны механізму ўздзеяння біялагічна актыўных рэчываў на арганізм жывёлы. Кандыдацкую ён абараніў у 1981 годзе (дарэчы, праз пяць гадоў пасля заканчэння з адзнакай Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі). За раскрыццё механізма дзеяння стымулятараў на арганізм жывёлы быў адзначаны медалём імя Гумбальта (Германія).

— На той час, у 90-я гады мінулага стагоддзя, гэта была прагрэсіўная тэхналогія, а сёння і я, і мае вучні-аспіранты даследуем уздзеянне прабіётыкаў на арганізм жывёлы як альтэрнатыву антыбіётыкам, выкарыстанне лазерных тэхналогій у ветэрынарнай медыцыне, нанатэхналогіі.

Пад кіраўніцтвам прафесара Малашкі падрыхтавана 18 кандыдатаў навук. Сёлета адбыліся абароны ў двух вучняў Віктара Віктаравіча: Ганна Казыра прысвяціла даследаванне хваробам і лячэнню цялят, грамадзянін Ірака Алі Амар Хусейн Алі — выкарыстанню прабіётыкаў пры вырошчванні бройлераў. Яшчэ тры чалавекі працягваюць дысертацыйныя даследаванні пад кіраўніцтвам прафесара Малашкі.

— Навуковы кіраўнік павінен мець запас ведаў і навуковае прадбачанне, каб падзяліцца са сваімі вучнямі, падказаць кірунак даследавання, — разважае Віктар Віктаравіч. — І калі твой вучань дасягае пэўнага выніку (абараняе дысертацыю), гэта і абарона навуковага кіраўніка, ацэнка яго работы.

Сваіх студэнтаў прафесар Малашка вучыць не толькі высокай навуцы, ён гаворыць аб тым, што з дрэнным настроем лячыць нельга, што ветэрынарны ўрач павінен быць таксама псіхолагам, быць вытрыманым і акуратным.

— Наша краіна захавала высокі ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці. І ўклад ветэрынарнай медыцыны тут таксама ёсць, — гаворыць Віктар Віктаравіч. — Нам трэба са школы фарміраваць аграрнае мысленне ў тых, хто ў будучыні звяжа свой лёс з работай у аграпрамысловым сектары, падтрымліваць імідж аграрнай адукацыі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.