Узвесці ў ранг пашаны

- 10:39World Skills

Як на прэстыж рабочай прафесіі ўплывае рух WorldSkills

У Савеце Міністраў нашай краіны адбылася сустрэча прэм’ер-міністра А.У.Кабякова з прадстаўнікамі сістэмы адукацыі, на якой вялося абмеркаванне новых шляхоў развіцця ў Беларусі руху WorldSkills. Трэба падкрэсліць, што Савет Міністраў вельмі пільна адсочвае ўдзел нашай краіны ў міжнародным руху прафесійнага майстэрства WorldSkills. Па сутнасці, пачаткам гэтага руху стала рашэнне нашага ўрада аб членстве Рэспублікі Беларусь у WorldSkills International. У размове прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер урада В.І.Жарко, міністр адукацыі І.В.Карпенка, генеральны дырэктар ААТ “АМКАДОР” В.В.Іванковіч, дырэктар прадпрыемства “СтанкаГомель” У.В.Сасноўскі, рэктар РІПА В.М.Галубоўскі, рэктар БДТУ І.В.Войтаў, дырэктар Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва І.Л.Кузьміна, дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа А.П.Юшчук.

Больш падрабязна аб гэтай сустрэчы і аб тых рашэннях, якія былі на ёй прыняты, нашым чытачам расказвае рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт В.М.ГАЛУБОЎСКІ.

— Валерый Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, як быў прадстаўлены ва ўрадзе стан спраў па развіцці руху WorldSkills у нашай краіне? На чым засяродзіў увагу ў сваім выступленні міністр адукацыі?

— На нарадзе выступіў міністр адукацыі І.В.Карпенка, які паведаміў аб развіцці руху WorldSkills у Рэспубліцы Беларусь. У сваім выступленні ён адзначыў, што на сённяшні дзень сістэма развіцця гэтага руху ўжо дастаткова выбудавана, але, безумоўна, з улікам сённяшніх патрабаванняў да падрыхтоўкі рабочых кадраў і спецылістаў патрабуе ўдасканалення і падтрымкі з боку дзяржавы. І.В.Карпенка адзначыў, што мэтай развіцця руху WorldSkills з’яўляецца не столькі вызначэнне пераможцы спаборніцтваў, колькі ўкараненне механізма сумесных дзеянняў адукацыі і эканомікі, накіраваных на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій у моладзі, павышэнне якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, супастаўнасць кваліфікацый з міжнароднымі стандартамі і забеспячэнне ўмоў інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны. На думку міністра, вырашэнне гэтых задач патрабуе ўдасканалення фінансавых механізмаў і ўключэння ў працэс развіцця руху WorldSkills у Рэспубліцы Беларусь прадстаўнікоў розных сектараў эканомікі, якія з’яўляюцца заказчыкамі на падрыхтоўку кадраў.

— Бадай, адным з самых галоўных пытанняў, якія ставіліся на нарадзе, было пытанне фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы нацыянальных і міжнародных чэмпіянатаў WorldSkills.

— Так, сапраўды, важнай тэмай нарады стала фінансавае забеспячэнне руху WorldSkills у нашай краіне і стварэнне для гэтага неабходных механізмаў. Як вядома, да гэтага часу сродкі з дзяржаўнага бюджэту на гэты кірунак былі задзейнічаны часткова. У большай меры фінансаванне адбывалася за кошт пазабюджэтных рэсурсаў РІПА, устаноў прафесійнай адукацыі, рэгіянальных структур, некаторых прадпрыемстваў і арганізацый. Гэтых сродкаў, безумоўна, не хапала для поўнамаштабнага развіцця руху WorldSkills у нашай краіне. Прэм’ер-міністр даў даручэнне, каб у Дзяржаўную праграму “Адукацыя і маладзёжная палітыка” быў унесены асобны раздзел па фінансаванні, які б прадугледжваў накіраванне мэтавых сродкаў на развіццё руху WorldSkills у Беларусі і непасрэдна на стажыроўкі ўдзельнікаў нацыянальных і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства і іх педагогаў. Таксама даручана прапрацаваць пытанне і накіраваць у Савет Міністраў прапановы аб прадастаўленні прэферэнцый тым арганізацыям і прадпрыемствам, якія аказваюць падтрымку ўстановам прафесійнай адукацыі ва ўдзеле ў спаборніцтвах WorldSkills, асабліва ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Прагучала таксама прапанова аб стварэнні механізма па заахвочванні пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў WorldSkills і іх трэнераў. Прыкладам гэтага можа стаць сістэма заахвочвання ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў. Прафесійны конкурс WorldSkills таксама называюць своеасаблівымі алімпійскімі гульнямі для працоўных рэсурсаў. Удзельнікі нацыянальнай зборнай аб’яднаны адной мэтай: пазіцыяніраваць нашу краіну як адкрытую і прывабную для міжнароднага супрацоўніцтва. Гэта з’яўляецца своеасаблівым сігналам для інвестараў, што прафесійная адукацыя Беларусі здольна рыхтаваць працоўныя рэсурсы, якія могуць рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты.

— Якая ўвага ўдзяляецца нашым урадам пытанню інфармаванасці грамадства ў развіцці руху WorldSkills?

— У ходзе абмеркавання агучаных міністрам адукацыі пытанняў А.У.Кабякоў адзначыў неабходнасць больш эфектыўна і аператыўна асвятляць у СМІ нацыянальныя і міжнародныя чэмпіянаты прафесійнага майстэрства WorldSkills, папулярызаваць рабочыя прафесіі, прадстаўляць лепшых рабочых і спецыялістаў, навучальныя ўстановы, тым самым ствараць у нашым грамадстве станоўчы вобраз рабочага чалавека як запатрабаванага эканомікай прафесіянала, павышаць цікавасць да прафесійнай адукацыі сярод моладзі. Улічваючы тое, што міжнародны рух WorldSkills узнімае на новую вышыню статус рабочага, з боку СМІ неабходна забяспечваць на пастаяннай аснове інфармацыйную падтрымку развіцця гэтага руху. Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што WorldSkills — сур’ёзны інструмент, які забяспечвае не толькі павышэнне якасці прафесійнай падрыхтоўкі рабочых кадраў, прадукцыйнасць працы на вытворчасці, але і ў цэлым эканамічную бяспеку нашай дзяржавы.

— Як вядома, у час размовы была вызначана роля ў развіцці руху WorldSkills Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

— На думку А.У.Кабякова, да развіцця руху WorldSkills у нашай краіне мэтазгодным было б падключыць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. З гэтай мэтай неабходна сумесна распрацаваць маладзёжны праект, скіраваны на папулярызацыю WorldSkills у нашай краіне, на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій і вызначэнне прафесійнага выбару моладзі. Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што гэты праект можа ахапіць значную частку маладых людзей і ўзвесці рабочыя прафесіі ў ранг ганаровых. Такіх прыкладаў пашаны да рабочых рук ужо шмат. Многія былыя канкурсанты, пераможцы спаборнітцваў прафесійнага майстэрства дастойна паказалі сябе і на рабочых месцах. Сёння яны працуюць на вядучых прадпрыемствах і пацвярджаюць сваё прафесійнае майстэрства.

Падчас сустрэчы ў Саўміне таксама ўзнімалася пытанне фарміравання цэласнай праграмы развіцця руху WorldSkills і JuniorSkills, што дазволіць пачынаць больш раннюю прафарыентацыйную работу і вызначаць прафесійны выбар са школьнага ўзросту. Для гэтага ўжо зроблены зачын у выглядзе дапрафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі. Вучні школ могуць у пазаўрочны час альбо ў шосты школьны дзень наведваць установы прафесійнай адукацыі, каб, як кажуць, рэальна дакрануцца да рабочай прафесіі, па блочна-кальцавым метадзе пазнаёміцца з той ці іншай працоўнай дзейнасцю, засвоіць першасныя прафесійныя навыкі і, магчыма, зрабіць свой выбар. Цяпер вядзецца абмеркаванне, як кірунак дапрафесійнай падрыхтоўкі нарматыўна ўдасканаліць.

— Да якой высновы прыйшлі ўдзельнікі сустрэчы ў пытанні фарміравання экспертнай супольнасці з ліку прадстаўнікоў сферы вытворчасці і адукацыі, якія задзейнічаны ў спаборніцтвах WorldSkills?

— Разумеючы тое, што экспертамі і трэнерамі выступаюць на спаборніцтвах WorldSkills звычайна тыя педагогі, якія забяспечваюць прафесійную падрыхтоўку непасрэдна ва ўстановах прафесійнай адукацыі, то на гэты раз яны павінны паклапаціцца пра свой узровень прафесійнай кампетэнтнасці, пастаянна павышаць яго і вучыцца экспертнай рабоце. Будуць сфарміраваны асноўныя кірункі падрыхтоўкі экспертаў і іх адбору. Таксама будуць распрацаваны адукацыйныя праграмы і праграмы стажыроўкі ў замежных краінах. Гэта павінна быць сістэмна спланаваная работа, якая дазволіць у канчатковым выніку за кошт зместу гэтай падрыхтоўкі ўзняць узровень эксперта на больш высокі. Да экспертнай работы і далей будуць падключацца вопытныя, высокакваліфікаваныя прадстаўнікі вытворчасці.

— Якая роля будзе адводзіцца рэсурсным цэнтрам у падрыхтоўцы членаў нацыянальнай зборнай?

— Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася ў час нарады, — гэта стварэнне на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі цэнтраў кампетэнцый для падрыхтоўкі членаў нацыянальнай зборнай WorldSkills. Трэба сказаць, што гэтае пытанне ўжо вырашаецца. На сённяшні дзень па ўсёй краіне створана 40 рэсурсных цэнтраў. Яны адлюстроўваюць найбольш прыярытэтныя сектары нашай эканомікі. У развіццё цэнтраў укладзены пэўныя дзяржаўныя рэсурсы, якія сёння рацыянальна выкарыстоўваюцца, паколькі задзейнічана сеткавая форма навучання. На базе рэсурснага цэнтра навучэнцы з розных профільных устаноў, у тым ліку і вышэйшых, засвойваюць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, выкарыстоўваючы пры гэтым сучасныя тэхналогіі і абсталяванне. З 40 рэсурсных цэнтраў у нас ёсць найбольш падрыхтаваныя, каб стаць у далейшым пляцоўкай для падрыхтоўкі членаў нацыянальнай зборнай па адпаведнай кампетэнцыі. У адпаведнасці з даручэннем прэм’ер-міністра неабходна вызначыць патрабаванні да ўстаноў прафесійнай адукацыі, якія прэтэндуюць на атрыманне такога статусу, а таксама дадатковыя функцыі, якія з’явяцца ў іх пры гэтым, і механізмы іх рэалізацыі. А.У.Кабякоў таксама адзначыў, што ў развіцці руху WorldSkills у нашай краіне не трэба гнацца за колькасцю прафесійных кампетэнцый, па якіх мы маглі б выступаць на міжнароднай арэне. Трэба спачатку развіваць не менш як 30 з іх, найбольш характэрных і прыярытэтных для нашай эканомікі, і культываваць адпаведныя прафесіі, абнаўляць змест навучання, узаемадзейнічаць з сектарамі эканомікі, забяспечваючы сумесную падрыхтоўку кадраў для іх больш высокай кваліфікацыі.

Такім чынам, як бачна з акрэсленых прэм’ер-міністрам кірункаў, па кожным з іх мы маем добрыя напрацоўкі, якія трэба ў поўнай меры выкарыстоўваць, а ў далейшым нарошчваць і развіваць. Безумоўна, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў развіцці руху WorldSkills у Рэспубліцы Беларусь, мы ўзнімемся на яшчэ адну, больш высокую, прыступку развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі, эканомікі і якасці жыцця нашага грамадства.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.