Ва ўмовах лічбавай трансфармацыі

- 10:27Актуально, Апошнія запісы

Каля 3 тысяч удзельнікаў сабрала на гэтым тыдні ў сталіцы Міжнародная спецыялізаваная выстава-форум “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” (ІТЕ-2017). Арганізатарамі гэтага мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі нашай краіны разам з Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам. Ва ўрачыстым адкрыцці выставы прыняў удзел міністр адукацыі І.В.Карпенка.

Адкрываючы форум, міністр адукацыі выказаў спадзяванне, што ІТЕ-2017 унясе істотны ўклад у лічбавую трансфармацыю галіны: пасадзейнічае актыўнаму ўкараненню інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс, павышэнню лічбавай пісьменнасці работнікаў сістэмы адукацыі, а таксама дазволіць сфарміраваць узаемавыгадныя партнёрскія адносіны паміж прадстаўнікамі сістэмы адукацыі і рэальнага сектара эканомікі для стварэння сумесных інавацыйных праектаў. “Эфектыўнае выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій — залог канкурэнтаздольнасці нацыянальнай сістэмы адукацыі”, — падкрэсліў І.В.Карпенка.

На першы план сёння выходзіць не толькі і не столькі аснашчанасць навучальных устаноў тэхнікай, сучаснымі ІТ-сродкамі, а менавіта пытанні падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, пытанні супастаўлення сучасных сродкаў навучання з вучэбнымі планамі і праграмамі, якія пастаянна мяняюцца.

— Сёння важна не проста падсумаваць тое, што розныя кампаніі, структуры напрацавалі ў плане навучання па тых ці іншых прадметах, напрыклад, тое, што пастаўляем у кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі ў агульнаадукацыйных школах. Важна, каб гэтыя распрацоўкі суадносіліся з праграмай, якая павінна быць рэалізавана ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, з дзяржаўнымі стандартамі, устаноўленымі ў сістэме вышэйшай адукацыі”, — патлумачыў міністр адукацыі.

Гаворачы пра праект “Электронная школа”, І.В.Карпенка адзначыў, што ён не зводзіцца выключна да ўвядзення электронных дзённікаў і журналаў. Гэты праект прадугледжвае распрацоўку комплексу розных мерапрыемстваў, уключаючы карту навучэнца, якой можна карыстацца ўсюды па краіне.

Па словах міністра, апытанне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу сведчыць пра тое, што неабходна адзіная праграмная платформа па праекце “Электронная школа”. “Мы закладваем сродкі з наступнага года і праграмныя дакументы, якія дазволяць нам па сістэме агульнай сярэдняй адукацыі цэнтралізаваць гэтую работу. Мы павінны бачыць не проста паспяховасць асобнага вучня. Мы павінны бачыць і дынаміку: як гэтая паспяховасць будзе рэалізоўвацца ў маштабах школы, раёна, вобласці, рэспублікі, — пракаменціраваў Ігар Васільевіч. — Гэта шырокі спектр пытанняў, якія сёння актыўна абмяркоўвае ГІАЦ. Хутчэй за ўсё ён выступіць адзінай пляцоўкай, якая будзе ажыццяўляць каардынацыю і цэнтралізацыю ў гэтым працэсе”.

У межах выставы прайшлі семінары-прэзентацыі, воркшопы, майстар-класы, трэнінгі і круглыя сталы, працавалі дыскусійныя пляцоўкі. На пяці камунікацыйных зонах выступілі айчынныя і замежныя спецыялісты — прадстаўнікі кампаній Аррle, beCloud, Microsoft і інш., супрацоўнікі УВА краіны — БДУІР, БДПУ імя Максіма Танка, БДУ і інш., абмяркоўваліся пытанні стварэння рэспубліканскай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, выкарыстання адукацыйных дадаткаў, мабільнага абсталявання, сацыяльных сетак у працэсе навучання ў школах і ўстановах вышэйшай адукацыі, а таксама шэраг іншых тэм, якія тычацца ўкаранення ІТ-тэхналогій у адукацыйную сферу.

Воблачныя тэхналогіі, лічбавыя падручнікі, дапоўненая рэальнасць … Наведвальнікі і ўдзельнікі форуму змаглі азнаёміцца з найноўшымі распрацоўкамі вядучых ІТ-кампаній у галіне адукацыі. Так, кампанія ZTE прэзентавала рашэнне “Разумны клас”, якое дазваляе ўкараніць перадавыя воблачныя тэхналогіі з адзінай платформай кіравання медыярэсурсамі ў адукацыйны працэс. Найбольш распаўсюджанымі сцэнарыямі выкарыстання рашэння “Разумны клас” з’яўляюцца: інтэграцыя аўдыяабсталявання са школьнымі камп’ютарамі для арганізацыі вывучэння замежнай мовы; правядзенне заняткаў у некалькіх класах ці школах адначасова з дапамогай відэа- і аўдыя-анлайн-трансляцый; аўтаматычная апрацоўка даных у адпаведнасці са змяненнямі ў раскладзе ў рэжыме рэальнага часу і інш. Сёлета кампанія запусціла некалькі пілотных праектаў па “Разумным класе” ў Беларусі.

Кампанія Microsoft прадставіла праграму ліцэнзавання для адукацыйных устаноў — магчымасць атрымаць права на выкарыстанне прадуктаў кампаніі на выгадных умовах. Яшчэ адна навінка Microsoft— акуляры дапоўненай рэальнасці, якія можна выкарыстоўваць на ўроках біялогіі альбо геаметрыі, каб разгледзець патрэбны орган ці фігуру з розных ракурсаў, у разрэзе.

Інстытут лічбавага тэлебачання “Гарызонт” прадставіў сенсарную сістэму Н-board — памочніка пры правядзенні прэзентацый і інтэрактыўным навучанні. Яна мае шэраг пераваг: доступ да рэсурсаў сучасных інтэрнэт-сэрвісаў, магчымасць работы з адукацыйнымі рэсурсамі; зручнасць і прастата ў выкарыстанні нават пры вялікіх маштабах работы; сучасныя рашэнні для інтэграцыі з дэвайсамі аўдыторыі і фарміраванне адзінай сістэмы інтэрнэт-прасторы.

Несумненна, выстава стала імпульсам для ўстанаўлення дзелавых кантактаў і плённага супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі сістэмы адукацыі і пастаўшчыкамі інфармацыйных тэхналогій, для рэалізацыі новых сумесных праектаў. Хочацца спадзявацца, што яна будзе праходзіць рэгулярна, тым самым дазволіць аператыўна рэагаваць на змяненні, што адбываюцца ў ІТ-сферы, і знаходзіць ім прымяненне ў адукацыйным працэсе.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.