Ва ўсе часы кніга — вялікі памочнік у жыцці

- 10:26Актуально, Апошнія запісы

Такое меркаванне выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў на цырымоніі адкрыцця 24-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Ён зачытаў прывітанне прэзідэнта з нагоды адкрыцця выставы-кірмашу.

“Літаратура адыгрывае выключную ролю ў вырашэнні агульнанацыянальных задач, захаванні духоўнай спадчыны, актывізацыі дыялогу культур, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ваш маштабны форум служыць аўтарытэтнай пляцоўкай для абмену ідэямі, прымае ганаровых гасцей з блізкага і далёкага замежжа”. Прэзідэнт лічыць глыбока сімвалічным, што дзякуючы выставе тэма 500- годдзя ўсходнеславянскага кнігадрукавання набывае шырокае міжнароднае гучанне. Менавіта наш зямляк Францыск Скарына пяць стагоддзяў назад выдаў Псалтыр на старабеларускай мове, пачаўшы гісторыю айчыннай кнігі. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што мерапрыемства паслужыць развіццю друкаванага слова і ўзбагачэнню нацыянальнай літаратурнай традыцыі.

У сваю чаргу міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч выказала надзею, што пасланнікі ў сферы кнігавыдання і гуманітарнага супрацоўніцтва, якія прыехалі ў Мінск з больш як трох дзясяткаў краін, унясуць важкі ўклад у развіццё дружалюбных, добрасуседскіх адносін і ўмацаванне самага вялікага здабытку — міру. Паводле слоў Ліліі Ананіч, важна, што святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання стартуе ў 2017 годзе менавіта з кніжнай выставы-кірмашу, а потым ужо атрымае развіццё на мерапрыемствах па ўсёй краіне і за яе межамі. “З дапамогай кнігі мы будзем гаварыць, што слова вызначае, што слова — гэта веды і сіла, наш духоўны запавет нашчадкам”, — дадала кіраўнік ведамства.

У 24-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая праходзіць 8—12 лютага, удзельнічаюць прадстаўнікі больш як 30 краін (Беларусь, Азербайджан, Вялікабрытанія, Венесуэла, Германія, Ізраіль, Іран, Італія, Казахстан, Кітай, Карэя, Куба, Малдова, Пакістан, Палесціна, Польшча, Расія, Сірыя, Сербія, Славакія, ЗША, Таджыкістан, Туркменістан, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эквадор і інш.). Пры гэтым Грэцыя ўдзельнічае ў мерапрыемстве ўпершыню.

Пачэсны госць — Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. На стэндзе Вялікабрытаніі плануюцца прэзентацыі: школ англійскай мовы, брытанскіх універсітэтаў, магчымасцей для бізнес-адукацыі ў Мінску, перакладаў брытанскай літаратуры на беларускую мову, а таксама беларускай літаратуры на англійскую. Акрамя таго, на выставе адбудзецца прэзентацыя бібліятэкі Францыска Скарыны ў Лондане, прадстаўнік бібліятэкі раскажа аб яе рабоце.

У размове з журналістамі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў адзначыў: “Такая колькасць краін-удзельніц 24-й выставы, такое мноства кніг і стэндаў, а таксама прафесіяналаў, якія працуюць на гэтым мерапрыемстве, яшчэ раз пацвярджаюць яго статус. У сістэме як мінімум Усходняй Еўропы яно адно з наймацнейшых”. Па словах Максіма Рыжанкова, Міністэрства інфармацыі і іншыя арганізатары правялі вялікую работу, каб на сёлетняй выставе не толькі наведвальнікі, але і госці, якія прыехалі са сваім кніжным прадуктам, адчувалі сябе як дома. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта звярнуў увагу, што на выставе-кірмашы можна пазнаёміцца з гісторыяй беларускага кнігадрукавання і нават убачыць, пры дапамозе якога станка стагоддзі назад Францыск Скарына выдаў сваю першую кнігу.

“Я вельмі рады таму, што сёння, у век інтэрнэту, калі ў ім сядзяць дарослыя і дзеці, а гаджэт ператварыўся ў працяг рукі, усё роўна ёсць прага людзей да такой цудоўнай крыніцы інфармацыі, як друкаваная кніга, ёсць прага пазнання цікавых рэчаў праз той фармат, які яна прадастаўляе”, — прызнаўся Максім Рыжанкоў. Ён расказаў, што ў вольны час аддае перавагу друкаванай, а не электроннай кнізе, у першую чаргу цікавіцца гістарычнай дакументальнай літаратурай. Максіму Рыжанкову таксама падабаюцца добра ілюстраваныя выданні, прысвечаныя гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі.

У час выставы пройдзе каля 300 мерапрыемстваў. Знойдуць сваё адлюстраванне такія тэмы, як 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, юбілейныя даты Пімена Панчанкі, Янкі Брыля і іншых пісьменнікаў. Запланавана ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Традыцыйна пройдзе міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”. У бягучым годзе гэта трэці па ліку сімпозіум, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання (пройдзе 8—9 лютага). Акрамя таго, упершыню адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў “Першацвет”.

Па матэрыялах БелТА.