Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці дзейнічаюць 60 класаў ваенна-патрыятычнага кірунку

- 17:07Образование

Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці вядзецца маштабная работа па ваенна­-патрыятычным выхаванні, якая ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі. Пра гэта падчас абласнога семінара-практыкуму “Гадуем патрыётаў: рэгіянальны вопыт ваенна-патрыятычнага выхавання”, якія прайшоў у сярэдняй школе № 25 Барысава, гаварыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Філістовіч, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 У дзень правядзення семінара ў фае школы для гасцей былі падрыхтаваны тэматычныя пляцоўкі, дзе свой вопыт арганізацыі ваенна-патрыятычнага выхавання прадставілі ўстановы адукацыі Мінскай вобласці. Акрамя таго, на выставе-прэзентацыі дэманстравалася ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі Міншчыны з воінскімі структурамі і грамадскімі аб’яднаннямі.

У сваім выступленні Соф’я Філістовіч расказала аб рабоце па ваенна-патрыятычным выхаванні дзяцей і вучнёўскай моладзі ва ўстановах адукацыі Міншчыны: “Сёння мы можам гаварыць аб рэалізацыі кластара па ваенна-патрыятычным выхаванні, які не проста мае міжведамасны характар, а дазваляе аб’яд­наць педагагічную грамадскасць устаноў адукацыі, кансалідаваць яе. Важна, што разам са школай у вырашэнне пытанняў выхавання патрыятызму ўключаны многія зацікаўленыя структуры. Гэта падкрэс­лівае значнасць той работы, якая праводзіцца, на дзяржаўным узроўні і ўскладае на нас сур’ёзную адказнасць”.

Сёння ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці дзейнічаюць 60 класаў ваенна-патрыятычнага кірунку, у якіх вучацца 1256 дзяцей. Што тычыцца ваенна-патрыятычных клубаў, то на Міншчыне іх ужо больш за 100.

“Галоўнай вартасцю ваенна-патрыятычнага клуба з’яўляецца яго добраахвот­насць, а таксама нефармалізаванасць, — зазначыла Соф’я Філістовіч. —  Клубная дзейнасць дазваляе рэаліза­ваць на практыцы і адпраца­ваць атрыманыя веды па дапрызыўнай падрыхтоўцы, краязнаўстве, фізічнай культуры, гісторыі, спалучыўшы іх ра­зам”.

Падчас семінара-практыкуму адбылося ўзнагаро­джанне пераможцаў абласнога агляду-конкурсу сярод ваенна-патрыятычных клубаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці “Гадуем патрыётаў”. А напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі пасадзілі яблыневы сад на тэрыторыі сярэдняй школы № 25 Барысава ў межах рэспубліканскай акцыі “Сад надзеі”.

Наталля САХНО