Ваенна-патрыятычны клуб «Фартэцыя» адкрыўся ў сярэдняй школе № 1 Ляхавіч

- 15:10Новости

Сярод навабранцаў — 20 юнакоў і дзяўчат з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Юныя патрыёты прамовілі словы клятвы і паабяцалі быць узорам у вучобе і паводзінах, прымнажаць слаўныя традыцыі роднага горада і краіны ў цэлым.

Ва ўрачыстым адкрыцці клуба ўдзельнічалі начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Алег Шулякоўскі, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз і іншыя пачэсныя госці. А. Шулякоўскі павіншаваў школьнікаў з уступленнем у рады ваенна-патрыятычнага клуба і пажадаў ім з гонарам і годнасцю несці званне членаў «Фартэцыі».

У рамках святочнага мерапрыемства было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж сярэдняй школай № 1 Ляхавіч і УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Клубаўцы разам са звычайнымі вучэбнымі прадметамі будуць спасцігаць асновы ваеннай падрыхтоўкі, тактыкі і стральбы. Акрамя таго, з падлеткамі будуць праводзіцца дадатковыя заняткі па гісторыі Беларусі. Адкрыццё клуба дазволіць развіць у вучняў лідарскія якасці, імкненне асвойваць новае.

Мерапрыемства стала значнай падзеяй для ўстановы адукацыі, выдатным працягам работы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. У школе лічаць, што праз вывучэнне гісторыі малой радзімы і краіны ў чалавека фарміруецца любоў да іх. Нездарма назва ваенна-патрыятычнага клуба звязана з гісторыяй Ляхавіч. Горад быў сведкам шматлікіх гістарычных падзей, у тым ліку ўзнікнення і падзення Ляхавіцкай фартэцыі ў XVI—XVII стагоддзях. Нягледзячы на разбурэнне, фартэцыя засталася сімвалам горада і адлюстравана на яго гербе, а ў знак памяці пабудавана капліца.

Іван ШПАК,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
сярэдняй школы № 1 Ляхавіч
Фота прадастаўлены школай