Ваенная навука па-сучаснаму

Цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі створаны на базе сярэдняй школы № 8 Ліды. Тут праходзяць навучанне 10—11-класнікі Ліды і Лідскага раёна.

Пры абмеркаванні навучальнай установы, дзе будзе створаны цэнтр, адной з галоўных прычын выбару сярэдняй школы № 8 стала наяўнасць стралковага ціра, тактычнага поля, паласы перашкод, каравульнага гарадка. Школьны цір добра аснашчаны, тут адбываюцца спаборніцтвы абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

— Адна з галоўных прычын стварэння цэнтра дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі — гэта акумуляцыя кадраў выкладчыкаў і тэхнічнай базы, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 8 Леанід Стэльмах. — На Лідчыне толькі шостая частка выкладчыкаў гэтай дысцыпліны — кадравыя ваенныя. У большасці выкладанне вялі настаўнікі іншых прадметаў.

Стварэнне цэнтра дапаможа падняць выкладанне прадмета на якасна новы ўзровень. Памяшканні цэнтра — два класы для заняткаў дапрызыўнай падрыхтоўкай хлопцаў і два — для медыцынскай падрыхтоўкі — добра адрамантавалі, закупілі новую мэблю і аргтэхніку. Хол цэнтра ўпрыгожаны 3D-фоташпалерамі на тэматыку Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Заняткі ў цэнтры пабудаваны па модульнай сістэме. Складзены графік, у адпаведнасці з якім на працягу тыдня навучэнцы займаюцца ў цэнтры. За 35 гадзін яны праходзяць поўны курс прадмета, ім выстаўляюцца адзнакі за чвэрць і выніковая гадавая.

Зараз вядуцца перамовы з ваеннымі ведамствамі аб дадатковым абсталяванні цэнтра. Стварэнне яшчэ двух цэнтраў дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі намечана ў Гродне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *