Валанцёры вучаць бяспецы

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Валанцёрскі атрад “ЭКАС” гімназіі Шчучына дзейнічае на працягу 10 гадоў. Добраахвотнікі цесна супрацоўнічаюць з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа і за апошнія 5 гадоў атрымалі тры гранты на рэалізацыю сваіх ідэй.

Актыўна адгукнуліся валанцёры гімназіі і на ініцыятыву Гродзенскай абласной арганізацыі БТЧК прыняць удзел у конкурсе малых грантаў. Конкурс быў абвешчаны ў снежні 2016 года. Міні-праект атрада “ЭКАС” “Пакаленне.by” атрымаў грант у памеры 300 рублёў. Тэрмін рэалізацыі міні-праекта складаў тры месяцы.

Адной з задач конкурсу стала павышэнне ведаў вучняў аб бяспецы ў інтэрнэт-прасторы. Валанцёры вучаць аднагодкаў і іх бацькоў арыентавацца ў інтэрнэце. Не сакрэт, што дзеці і падлеткі — актыўныя карыстальнікі інтэрнэту, які, акрамя магчымасцей, нясе і шмат рызыкі. Часта падлеткі не ўсведамляюць усе магчымыя праблемы, з якімі могуць сутыкнуцца ў інтэрнэце. Важна зрабіць іх знаходжанне ў сетцы бяспечным. Менавіта навучанне маладога пакалення таму, як выкарыстоўваць розныя інтэрнэт-рэсурсы, як адбіраць інфармацыю, будзе садзейнічаць развіццю сістэмы абароны правоў дзяцей у інфармацыйным асяроддзі, захаванню іх здароўя і нармальнаму развіццю.

Рэалізуючы праект, валанцёры атрада “ЭКАС” правялі шэраг мерапрыемстваў: анкетаванне сярод гімназістаў “Асцярожна — інтэрнэт!”, інтэлектуальны марафон “Інтэрнэт — без небяспекі і бед”, конкурс памятак “Бяспечны інтэрнэт”, тэматычную дыскатэку з конкурснай праграмай “Я і мае віртуальныя сябры”. Адбыўся цыкл заняткаў па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” ў 5—8 класах (KidsControl) і 9—11 класах (інтэрнэт-цэнзар). Падчас “Дня медыябяспекі” праглядалі і абмяркоўвалі відэаролікі на класных бацькоўскіх сходах. Адбылася сустрэча бацькоў, педагогаў са спецыялістамі медыясферы “Чысты інтэрнэт”.

Важнай справай лічаць валанцёры навучанне правілам медыябяспекі людзей старэйшага ўзросту, пенсіянераў і праводзяць заняткі па навучанні іх камп’ютарнай пісьменнасці.

Вольга ГУДЗЕНЬ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Шчучына.