Вальс Штрауса ў чатыры лыжкі

- 11:11Навіны рэгіёнаў

У яслях-садзе № 39 Гродна дзецям лыжкі даюць ва ўзросце двух гадоў. І не толькі лыжкі звычайныя, але і незвычайныя — музычныя. У ансамблі “Званочак” дзеці іграюць на драўляных лыжках, трашчотках, свістульках, бубнах, ксілафонах, цымбалах.

—Наша дашкольная ўстанова пачала працаваць у 1969 годзе, — расказвае загадчык ясляў-сада Вера Марцулевіч, — і тады ж былі выбраны два кірункі развіцця выхаванцаў — эстэтычны і фізічны. У нас працуюць гурткі “Вясёлыя ноткі”, “Вясёлы пэндзлік”, “Танцавальны калейдаскоп”, гурток акцёрскага майстэрства “У гасцях у казкі”, спартыўныя гурткі “Школа мяча” і “Ролікавыя канькі”. Усе дзеткі вучацца плаваць у нашым вялікім басейне. З 12 груп — 3 лагапедычныя. Для нашых выхаванцаў вельмі важныя заняткі творчасцю, у тым ліку ў ансамблі “Званочак”, дзе яны могуць праяўляць свае таленты.У яслі-сад дзяцей прымаюць з двух гадоў. І ўжо ў такім узросце музычныя кіраўнікі пачынаюць праводзіць з імі заняткі, выяўляюць схільнасці выхаванцаў. А вопыту нашым супрацоўнікам не займаць. 39 гадоў аддала рабоце ў 39-м садзе Таццяна Аляксееўна Салавейка, 38 — Таццяна Уладзіміраўна Мінаева. Сёння гэтыя жанчыны — прыклад актыўнасці і творчага падыходу да развіцця дзяцей. Самі прыдумваюць сцэнарыі мерапрыемстваў, шукаюць новыя формы работы, не раз дзяліліся сваім вопытам на раённых метадычных аб’яднаннях.
— А зараз трэмала, глісанда, іграем вальс Шастаковіча “Жарт”, — дае каманды Таццяна Аляксееўна.
Юныя музыканты выконваюць старанна і, можна сказаць, прафесійна і народныя кампазіцыі, і творы Бетховена, Штрауса, Шастаковіча. А “Паланэз” Агінскага выклікае такі эмацыянальны ўздым, што ў слухачоў нават слёзы на вачах з’яўляюцца! Гледачамі на канцэртах юных музыкантаў бываюць не толькі бацькі і бабулі з дзядулямі. Часта “Званочак” запрашаюць выступаць на вялікую сцэну. Напярэдадні 8 Сакавіка выступалі перад жанчынамі будаўнічага трэста “Гроднагарбуд” у гарадскім Доме культуры. Запрашалі юных выканаўцаў і на канцэрт, прысвечаны юбілею “Гроднапрамбуда”, пасля якога дырэктар прадпрыемства Абдулвагаб Вагабаў адзначыў, што “Званочак” стаў сапраўдным упрыгажэннем мерапрыемства.
Рэпетыцыя ансамбля доўжыцца каля 25 хвілін. Музычны кіраўнік імкнецца, каб заняткі ўтрымлівалі і элемент гульні, і фізічныя практыкаванні для пальчыкаў, і азнаямленчы элемент — аповед аб кампазітары, яго творы.
— Перад тым як пачаць развучванне новага твора, абавязкова разбіраем яго, гаворым пра кампазітара, каб дзеці свядома падыходзілі да выканання, — расказвае Таццяна Аляксееўна.
Т.А.Салавейка вучыць дзетак дырыжыраваць, знаёміць іх з нотамі. Напрыклад, Дзяніс Жураўлёў не толькі можа іграць на чатырох лыжках (паспрабуйце самі хоць бы на дзвюх!), але і з роллю дырыжора добра спраўляецца.
Задаволены ўдзелам у “Званочку” не толькі дзеці (асабліва ім падабаецца выступаць на канцэртах), але і іх бацькі. Мама шасцігадовага Захара Азімкі Вольга Мікалаеўна гаворыць, што яе сын і спортам займаецца (дзюдо), і ўдзельнічае ў ансамблі. Такая рознабаковая дзейнасць вельмі вітаецца ў іх спартыўнай сям’і. У гэтым годзе Захар стане школьнікам, і бацькі хочуць, каб гэтыя два кірункі ў яго развіцці былі прадоўжаны. На пытанне, музыка якога кампазітара падабаецца Захару больш за ўсё, юны музыкант адказаў: “Штрауса”.
Пачаўшы знаёмства з музыкай і творчасцю ў дзіцячым садзе, многія выхаванцы працягваюць займацца гэтым і ў школе. Сярэдняя школа № 18, якая знаходзіцца побач з яслямі-садам № 39 і куды ідуць вучыцца многія выпускнікі дашкольнай установы, — з музычным ухілам. Навучэнцы школы і выхаванцы ясляў-сада часта выступаюць з канцэртамі адно ў аднаго.
Сама Т.А.Салавейка іграе на фартэпіяна, акардэоне, калісьці ў аркестры іграла на домры і, канечне, на лыжках.
Першыя лыжкі ў сад прывезла пасля экскурсіі ў Жыровіцкі манастыр Вера Мікалаеўна Марцулевіч. Адтуль прыехалі і трашчоткі. Набываюць лыжкі зараз на свяце Казюкі, дзе народныя майстры Гродзеншчыны прадстаўляюць свае вырабы. А лыжак патрэбна шмат: інструмент недаўгавечны. І гучыць кожная пара гэтых музычных прылад па-асабліваму.
Улічыўшы музычныя інтарэсы дзяцей, Таццяна Аляксееўна пачынае развучванне новага твора — вальса Штрауса “На цудоўным блакітным Дунаі”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.