Турнір па мнагаборстве “Бітва Дзядоў Марозаў” аб’яднаў некалькі дзясяткаў аматараў спорту. Ён прайшоў у мінулую суботу на базе сярэдняй школы № 1 Наваполацка ў межах папулярнага праекта “Антыгеймер”, які рэалізуюць бацькі і настаўнікі для дзяцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У бітву за першынство і навагоднія падарункі ўключыліся больш за 30 чалавек. Гэта не толькі навучэнцы азначанай установы, але і іншых школ і каледжаў горада, а таксама іх бацькі. Пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Дзмітрыя Пазняка хлопцы і дзяўчаты разам з татамі адціскаліся і падцягваліся, прысядалі і качалі прэс. Медалі і прызы пераможцы атрымалі ад галоўнага Дзеда Мароза.
Ідэя праекта “Антыгеймер” — падштурхнуць дзяцей адкласці ў бок гаджэты і выйсці ў двор, каб заняцца спортам — належыць мнагадзетнаму тату Аляксандру Лукашку, які актыўна ўзаемадзейнічае са школамі горада. А пачалося ўсё з аднаго міні-турніру, арганізаванага ім тры гады назад для сына і яго сяброў у двары. Дзеці актыўна адгукнуліся на прапанову, але эфектна падцягнуцца не змаглі. Затое ўжо праз пару тыдняў трэніровак яны палепшылі свае вынікі ўтрая. Натхнёныя поспехамі, дзеці стараліся як мага часцей сустракацца на турніках, да іх падключаліся і іншыя дзеці.
Аляксандр Лукашок расказвае:
— Галоўнае ў нашай ініцыятыве — каб дзеці і бацькі аб’ядноўваліся і праводзілі больш часу з карысцю. Калі падлеткі нічым карысным не занятыя, то ў галаву прыходзяць усялякія глупствы, таму і з’яўляюцца згубныя звычкі і ўзнікаюць розныя крымінальныя сітуацыі. А якраз актыўная дваровая занятасць мінімізуе такія негатыўныя сітуацыі, плюс, фізічныя практыкаванні лішнімі не бываюць. На жаль, мы страцілі культ здаровай дваровай актыўнасці, папулярнай некалі. Але ж яе можна аднавіць. Мы прапанавалі дзецям адкласці смартфоны і павярнуцца ў бок жывых зносін. Нам гэта ўдаецца. У нашым горадзе не засталося ніводнага двара, дзе б мы ні праводзілі турніры. Мы пераходзім з адной пляцоўкі на другую. Нават маленькія дзеці, якім бацькі не дазваляюць далёка адыходзіць ад дома, асвойваюць турнікі. Ствараецца здаровае асяроддзе, дзе не культывуюцца дрэнныя звычкі, дзе выдзеліліся лідары, аўтарытэты, на якіх раўняюцца іншыя.
Адзін з такіх лідараў — палачанін Данііл Забароўскі. У свой час ён быў заўзятым геймерам. І тады тата падлетка ў двары зрабіў турнік і паставіў сыну ўмову: “Хочаш зарабіць час на гульню — навучыся падцягвацца. За кожныя 10 падцягванняў — адна гадзіна ў гаджэтах”. І Данііл так захапіўся турніком, што ўжо не хапала часу на смартфон: упарта займаўся самападрыхтоўкай. Для хлопчыкаў ён стаў ідэйным натхняльнікам, які праводзіў з імі першыя трэніроўкі і дзяліўся вопытам. Цяпер Данііл — студэнт факультэта фізічнай культуры і спорту ВДУ імя П.М.Машэрава. Ён не мае шкодных звычак, добра вучыцца, працягвае займацца спортам і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх студэнцкіх ініцыятывах. Так, ён замяніў у сабе гульнявую прыхільнасць на спартыўную.
Турніры праходзяць на спартыўных пляцоўках, у дварах, у скверах Наваполацка і Полацка. Большасць з іх рэгулярныя — спрацоўвае сарафаннае радыё, а таксама падлеткі вядуць групы ў сацсетках — і там жа выбіраюць пляцоўкі і аб’яўляюць збор удзельнікаў. Некаторыя турніры прыўрочваюцца да свята горада, Дня моладзі, Дня абароны дзяцей, Дня сям’і і інш. На буйныя спаборніцтвы прыязджаюць дзеці з татамі з Віцебска, з Мінска. Штогод праводзіцца турнір па выніках года сумесна з Полацкім кадэцкім вучылішчам. На яго збіраецца больш за 150 чалавек. Тут спаборніцтва ідзе не толькі па падцягваннях і адцісканнях, але і па іншых паказальных практыкаваннях — сілавым адзінаборстве.
Каб спартыўны запал юных спартсменаў не згасаў за зіму, да вясны іх трэніроўкі перанесены ў спартыўную залу сярэдняй школы № 1 Наваполацка.
Як расказаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Дзмітрый Пазняк, які са сваімі навучэнцамі даўно ўключыўся ў рух “Антыгеймер”, з гэтага года праект ужо не будзе спыняцца на зіму — спартзала яго 1-й школы стала зімовай пляцоўкай для праекта.
— Гэта дазваляе не ставіць на паўзу трэніроўкі малодшых школьнікаў — у холад яны маглі быць толькі гледачамі. Цяпер да вясны ўсе суботнія турніры будуць праходзіць тут. І якраз “Бітва Дзядоў Марозаў” стала першым спаборніцтвам — упершыню не на дваровай пляцоўцы, — адзначыў ён.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены ініцыятарамі праекта “Антыгеймер”