Варта раўняцца

- 12:45Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Не проста даць веды, але і выхаваць дзяцей сумленнымі, прыстойнымі, працавітымі і высокамаральнымі людзьмі. Па такім прынцыпе выбудоўваюць адукацыйны працэс у сярэдняй школе № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага.

— Наша навучальная ўстанова носіць імя кіраўчаніна Кірыла Пракопавіча Арлоўскага, вядомага сваім патрыятызмам і гераічнымі справамі далёка за межамі рэгіёна. Гэта да многага абавязвае, — паведаміла дырэктар школы Галіна Русецкая.

У прыярытэце — асоба

Другая кіраўская школа адкрылася ў 1964 годзе. Кірыл Арлоўскі неаднойчы бываў у гэтай установе. Прысутнічаў на мітынгах і ўрачыстых лінейках, гутарыў з навучэнцамі, наведваў музей. У канцы 60-х, практычна адразу пасля сыходу з жыцця легендарнага старшыні, навучальнай установе было прысвоена яго імя.

Сёння сярэдняя школа № 2 з’яўляецца лідарам па многіх паказчыках адукацыйнай дзейнасці ў раёне. Педагагічны калектыў тут працуе ў інавацыйным рэжыме. Мясцовыя настаўнікі рэалізавалі шэраг рэспубліканскіх праектаў, накіраваных на паляпшэнне якасці адукацыі і выхавання.

— Зараз у нас вучацца 442 вучні і працуюць 43 педагогі. Кожны з іх — захоплены, творчы настаўнік, гатовы ствараць усе ўмовы для развіцця здольнасцей дзяцей. Нашы педагогі выкарыс­тоўваюць як традыцыйныя, так і перадавыя адукацыйныя тэхналогіі, пастаянна працуюць над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства. Усё гэта станоўча адбіваецца на паспяховасці навучэнцаў, — адзначыла Галіна Русецкая.

Сапраўды, вучні 2-й кі­раўскай школы рэгулярна вызначаюцца перамогамі ў алімпіядным руху, розных творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Многія навучэнцы заканчваюць установу з атэстатам асаб­лівага ўзору, паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і паступаюць у беларускія УВА.

— Якасць навучання, несумненна, важная рэч. Але раскрыць таленты, сфарміраваць асобу, дапамагчы правільна выбраць прафесійны шлях — усё гэта лічым не менш значным. Сваёй ключавой мэтай таксама бачым прывіццё маладому пакаленню любові да роднай зямлі. У гэтым нам вельмі дапамагае гісторыя жыцця Кірыла Арлоўскага, — адзначыла Галіна Іванаўна.

Наглядны прыклад

Адразу пасля прысваення школе імя Кірыла Арлоўскага ў музеі стварылі куток памяці заслужанага земляка. Тут прадстаўлены інфармацыйныя стэнды, на якіх можна прасачыць асноўныя вехі і яркія моманты жыцця Кірыла Пракопавіча. На своеасаблівым стэндзе-фотарэпартажы адлюстравана яго працоўная дзейнасць. Побач на стэлажах размясціліся асабістыя рэчы і некаторыя дакументы гэтага выбітнага чалавека.

Кірыл Пракопавіч Арлоўскі — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі ў гады Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, разведчык-чэкіст, партыйны і гаспадарчы дзеяч, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы. Пад кіраўніцтвам Кірыла Арлоўскага гаспадарка ў яго роднай вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёна стала першым у пасляваенным СССР калгасам-мільянерам. Акрамя дзвюх Зорак Героя, у ліку яго ўзнагарод пяць ордэнаў Леніна, ордэн Чырвонага Сцяга і шэраг медалёў. Кірыл Арлоўскі выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, кандыдатам у члены ЦК КПСС. Яго імя носяць вуліцы ў некалькіх беларускіх гарадах, шэраг устаноў адукацыі, санаторый і згаданы калгас “Рассвет”.

У музеі праводзяцца экскурсіі, падчас якіх навучэнцы не толькі слухаюць і задаюць пытанні, але і самастойна знаёмяцца з экспазіцыяй, каб лепш даведацца, якім быў Кірыл Арлоўскі.

— Легендай К.П.Арлоўскага называюць не проста так. Гэта быў чалавек неверагоднай сілы духу і моцных перакананняў, сапраўдны патрыёт роднага краю. Да апошняга свайго дня імкнуўся прыносіць карысць грамадству. Пасля аднаго з баёў у Вялікую Айчынную вайну стаў інвалідам. Мог застацца жыць у Маскве — там у яго была кватэра і персанальная пенсія. Але ў сваім знакамітым лісце Сталіну Кірыл Пракопавіч напісаў: “Матэрыяльна жыву добра, маральна — дрэнна. Адольвае пытанне: ці ўсё я аддаў для Радзімы?”

Калі ён у 1944 годзе прыехаў у Мышкавічы, большая частка вёскі была зруйнавана. У яго мары аб перадавым калгасе ніхто тады не верыў. А Кірыл Пракопавіч нават гаспадарку перайменаваў у “Рассвет” — як арыенцір на светлую будучыню. І дзякуючы яго ўпартас­ці і мэтанакіраванасці, усё задуманае рэалізавалася. Атрымалася гэта яшчэ і таму, што Арлоўскі заўсёды думаў аб грамадскім больш, чым аб асабістым. Прыклад гэтага апісаны ў нашым школьным падручніку гісторыі для 9 класа.

Калі Пётр Міронавіч Машэраў прыехаў да Арлоўскага развітацца, то звярнуў увагу, што ў яго доме няма святла. А між тым усе фермы ў калгасе ў той час ужо былі электрыфікаваны. Некалькі тысяч рублёў з асабіс­тых зберажэнняў Кірыл Пракопавіч аддаў на будаўніцтва сельскай школы. Усе, хто прыязджае ў Мышкавічы, і зараз адзнача­юць: і вёска, і гаспадарка ўнікальныя. Гэта — наглядны прыклад камунізму, якім ён першапачаткова планаваўся ў сельскай гаспадарцы, — запэўнівае кіраўнік музея настаўніца гісторыі і грамада­знаўства Валянціна Валер’еўна Яскевіч.

Па словах дырэктара, грама­дзянска-патрыятычнае выхаванне ў школе выбудавана вакол асобы Кірыла Арлоўскага.

— Праводзім мноства тэматычных мерапрыемстваў, класныя і інфармацыйныя гадзіны, запрашаем на гутаркі цяперашняга кіраўніка калгаса і перадавікоў гаспадаркі. Штогод у нас праводзіцца дзень памяці Кірыла Пракопавіча. Зараз часта гучаць размовы пра тое, што сённяшняя моладзь іншая — больш прагматычная, сканцэнтраваная на матэрыяльным, а не маральным і духоўным. Мы перакананы ў адваротным. Маладое пакаленне ў нас цудоўнае. Але, каб дзеці раслі патрыётамі, якія любяць сваю зямлю і свой народ, ім патрэбны правільныя арыенціры. Для нашых вучняў наглядны прыклад таго, якімі трэба быць, — Кірыл Арлоўскі, — адзначыла Галіна Іванаўна.

Адметна, што словы дырэктара пацвярджаюць самі навучэнцы. Яны ганарацца тым, што іх школа носіць імя знакамітага земляка.

— Кірыл Пракопавіч — не толькі герой вайны, але і герой мірнай працы. З нуля ў пасля­ваенныя гады ён аднавіў калгас, вельмі любіў родную вёску. Гэта быў выдатны чалавек, на якога варта раўняцца, — упэўнены адзі­наццацікласніцы Вераніка Русанава, Валерыя Філіпец і Лізавета Лапо.

Моцная сувязь

Імя Кірыла Арлоўскага на Кіраўшчыне носіць не толькі 2-я гарадская школа, але і калгас, якім ён некалі кіраваў. З ААТ “Рассвет” у навучальнай установы наладжана вельмі цеснае супрацоўніцтва.

— Узаемадзеянне трывалае і рознабаковае. Землі гаспадаркі ўшчыльную падыхо­дзяць да школы. Ды і імя Кірыла Арлоўскага моцна звязала нас. Кіраўніцтва калгаса наведвае ўсе нашы значныя мерапрыемствы, аказвае важкую спонсарскую дапамогу на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Дзякуючы гэтай падтрымцы, цалкам адрамантаваны будынак — ад падлогі да столі. Пачалі з першага паверха, сёлета дайшлі ўжо да трэцяга. Калгас дапамагае нам і з патанненнем харчавання ў школьнай сталовай, ладзіць дабрачынныя святы з уручэннем падарункаў дзецям на Новы год, а пасля заканчэння навучальнага года матэрыяльна заахвочвае лепшых вучняў, — заўважыла Галіна Русецкая.

Паводле яе слоў, дапамагае гаспадарка і з прафарыентацыяй. Акрамя сустрэч і дыялогаў з вучнямі, гэта і арганізацыя рэальнай дзейнасці. Калгас прымае да сябе на работу падлеткаў са школьнага лагера працы і адпачынку. Гэтым летам, займаючыся ў палях відавой праполкай раслін, навучэнцы змаглі зарабіць звыш 300 рублёў.

— Улічваючы, што працавалі вучні ўсяго па 4 гадзіны на працягу 18 дзён, заробак вельмі добры. Так, праполка — справа не з лёгкіх. Але ўсе навучэнцы засталіся задаволены. Ды і кіраўніцтва гаспадаркі заўсёды падкрэслівае: любыя грошы трэба зарабіць, з паветра яны не з’яўляюцца, — расказала Галіна Іванаўна.

Дастойныя ўсходы

Многія вучні школы ў перыяд летніх канікул працуюць у ААТ “Рассвет” у тым ліку і па асабістай ініцыятыве. Яны даглядаюць школьны ўчастак, дзе сумесна з педагогамі вырошчваюць розныя агароднінныя культуры. Нядзіўна, што пэўны працэнт гарадскіх дзяцей выбіраюць для сябе сельска­гаспадарчыя прафесіі. Нямала выпускнікоў школы пасля атрымання спецыяльнасці вяртаюцца на малую радзіму.

— Многія нашы выпускнікі працуюць у ААТ “Рассвет”. Ды і тыя, хто выбірае для сябе іншыя прафесійныя сферы, нярэдка прыязджаюць жыць у родны раён. Наогул, кожны з нашых былых вучняў знайшоў сваё месца ў грамадстве, стаў дастойным грамадзянінам. Гэта лепшае пацвярджэнне таго, што тыя арыенціры, тое зерне, якое мы закладваем у дзяцей у сценах школы, дае чаканыя ўсходы, — падкрэс­ліла дырэктар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.