“Варушынак” ужо стаў своеасаблівым брэндам Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога.
Колькі гадоў запар новы навучальны год ва ўніверсітэце пачынаецца з танцавальна-спартыўнай зарадкі, у якой прымаюць удзел студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўстановы. На працягу тыдня на вялікім перапынку на пляцоўцы перад галоўным уваходам нязменна збіраецца мноства ўдзельнікаў і гледачоў.
Па традыцыі танцавальна-спартыўнае мерапрыемства адкрывае прарэктар па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Віктар Кірыенка, які, дарэчы, заўсёды сам з’яўляецца актыўным удзельнікам вялікай універсітэцкай зарадкі.
“Варушынак” — ад дзеяслова “варушыцца”. Такую варыяцыю некалькі гадоў назад прыдумалі арганізатары гэтага цікавага праекта — аддзел выхаваўчай работы з моладдзю ГДТУ імя П.В.Сухога і рэдакцыя ўніверсітэцкай газеты “Сушка”. Тады хацелася прапанаваць студэнтам нешта незвычайнае, асабліва стараліся для першакурснікаў.
— Насамрэч, калі знаёмства з альма-матар пачынаецца з такога масавага вясёлага правядзення часу, дзе ў адной гурбе студэнты і выкладчыкі, то неяк адразу з’яўляюцца цёплыя пачуцці, хочацца парадніцца з гэтымі сценамі, — дзеліцца ўражаннямі першакурсніца Алена.
Варта сказаць, што з году ў год мерапрыемства не паўтараецца, у ім заўсёды ёсць што-небудзь новае. Каб разварушыць студэнтаў і выкладчыкаў, на танцавальна-спартыўнае мерапрыемства запрашаюцца мясцовыя зоркі, якія прафесійна займаюцца танцамі. Дарэчы, прымаючы ўдзел у “Варушынку”, можна навучыцца розным танцавальным напрамкам.
Сёлета ў першы дзень акцыі разварушыць моладзь падахвоціўся Генадзь Байдак са студыі тэатра і танца “LIVEНЬ”. Студыя з’яўляецца пераможцам конкурсаў сучаснага танца Time to dance і Must dance, атрымала гран-пры адкрытага чэмпіянату па сучаснай харэаграфіі Bizon Open Cup — 2016. Сярод спецыяльна запрошаных гасцей мерапрыемства ў гэтым годзе былі сертыфікаваныя інструктары зумбы Вольга Быстрова і Уладзіслаў Бахараў, якія пазнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з такім напрамкам танца, як ZUMBA. Яны прадставілі цэлую танцавальную фітнес-праграму на аснове папулярных лацінаамерыканскіх рытмаў.
У ролі інструктараў і завадатараў выступалі таксама і прадстаўнікі ўніверсітэта: начальнік спартыўнага клуба і трэнер па фітнесе Вікторыя Мастабай і члены спартыўнага клуба, прафсаюзны камітэт ГДТУ, культоргі факультэтаў Ілья Лапцеў, Яна Данчанка, Яўген Бушуеў, Ганна Бандарэнка і Ілья Уздоўскі.
Завадная музыка і вясёлы настрой студэнцкай моладзі прыцягвалі і прахожых. Адны падыходзілі і назіралі за вясёлай зарадкай, а другія проста далучаліся да студэнцка-выкладчыцкага натоўпу. Для ўдзельнікаў акцыі былі таксама арганізаваны некалькі фотазон з фатографамі, таму кожны мог пакінуць для сябе памяць аб удзеле ў акцыі 2017 года.
Два гады назад Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт прадстаўляў свой праект “Варушынак” на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Арт-вакацыі”, дзе проста пакарыў членаў журы. Арганізатары танцавальна-спартыўнага мерапрыемства кажуць, што ідэя ўзнікла як магчымасць аб’яднаць палітэх, але яны нават не разлічвалі на такую папулярнасць акцыі.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.