Ведаць гісторыю сваёй краіны

- 11:15Спецыяльная адукацыя

Па выніках работы над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчыцкай кампетэнцыі навучэнцаў на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны” ў Ельскай дапаможнай школе-інтэрнаце Гомельскай вобласці з’явіўся лялечны тэатр батлейка, асвоена тэхніка выцінанкі, створаны вучнёўскі клуб “Спадчына”, праводзіцца работа па вывучэнні роднага краю.

Як расказаў дырэктар школы Якаў Дзмітрыевіч Ліпскі, мэта інавацыйнага праекта — вывучэнне каляндарна-абрадавых свят, характэрных для Ельскага раёна. Для этнаграфічнага пакоя школы, дзе праводзяцца экскурсіі, заняткі і пазакласныя мерыпрыемствы, вучні і настаўнікі збіралі экспанаты па вёсках раёна. У экспазіцыі прадстаўлены прадметы хатняга ўжытку, прылады працы, адзенне і інш. — усё, што дае ўяўленне аб асноўных відах дзейнасці жыхароў Ельшчыны ў мінулым (рыбалоўства, бортніцтва, ткацтва, вышыўка і інш.). Сярод найбольш цікавых экспанатаў — самаробны драўляны ложак, скрыня, прасніцы, жорны, даматканыя посцілкі, адзенне. 

Члены аб’яднання “Умелыя ручкі” пад кіраўніцтвам творчых выхавальнікаў В.У.Панфіленка і А.А.Шаўчэнка праявілі свае здольнасці ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці, добра асвоілі беларускую тэхніку выцінанкі. Работа членаў клуба “Спадчына” (9—10 класы), дзейнасцю якога кіравалі выхавальнікі Г.І.Шэцка і Л.М.Юзэфовіч, пачалася са знаёмства з каляндарна-абрадавымі святамі і прысвяткамі, вывучэння асаблівасцей нацыянальнай культуры беларусаў, удзелу ў школьных мерапрыемствах. Старшакласнікі разам з выхавальнікамі Л.У.Канопліч і І.А.Таргонскай вывучалі гісторыю ўзнікнення, асаблівасці і развіццё беларускага лялечнага тэатра батлейкі, спосабы вырабу лялек. Са спектаклямі вучні дапаможнай школы-інтэрната выязджалі ў агульнаадукацыйныя школы і дзіцячыя садкі.

“Калі ў краіне быў аб’яўлены Год малой радзімы, у школе-інтэрнаце пачалася і працягваецца вялікая работа па вывучэнні родных мясцін. Якое захапленне яна выклікае не толькі ў дарослых, але і ў вучняў! — гаворыць Якаў Дзмітрыевіч. — У чэрвені бягучага года ў школе працаваў аздараўленчы лагер гістарычна-краязнаўчага кірунку. У яго праграму былі ўключаны экскурсіі па гістарычных месцах Ельшчыны, што асабліва важна ў год 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На нашым шляху былі помнікі загінуўшых воінаў, спаленыя вёскі Копанка, Круглае, Забалоцце, мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Адбылася экскурсія па Мазырскім замку. Мы пазнаёміліся з побытам палешукоў у адселеных пасля чарнобыльскай аварыі вёсках аграгарадка Зашыр’е. Прыгажосць малой радзімы адчулі на возеры Асалода, пра якое складзены вершы і песня на словы мясцовага паэта-песенніка члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Рыгора Бабчанкі. Яму мы ўдзячны за ўдзел у вырашэнні многіх школьных праблем матэрыяльнага і выхаваўчага характару. А нядаўна выйшаў чарговы зборнік вершаў Рыгора Бабчанкі “Вышыня”. Некаторыя яго творы ўключаны ў падручнік па беларускай літаратуры пад аўтарствам А.М.Змушко. 

Ужо два гады як наша ўстанова падтрымлівае добрыя ўзаемаадносіны з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Феліксам Валянцінавічам Яшковым, чаму ў значнай ступені дапамагла рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці”. Сёлета, дзякуючы гэтаму чалавеку і падтрымцы Белмытсэрвісу, мы змаглі адправіцца ў вандроўку па новых маршрутах. 24 вучні і настаўнікі наведалі археалагічныя раскопкі ў Тураве, адзін з найстаражытных гарадоў краіны Пінск з яго музеем беларускага Палесся. Наш шлях праходзіў праз Кобрын з яго ваенна-гістарычным музеем імя А.В.Суворава, мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць — герой”. Мы ўсклалі кветкі да манумента і скульптур. Наведалі Камянецкую вежу, Белавежскую пушчу і сядзібу Дзеда Мароза. Пабывалі каля загона з зубрамі і іншымі жывёламі пушчы. З сабой прывезлі незабыўныя ўражанні і станоўчыя эмоцыі. 

Лічу, што галоўнае ў наш час — выхаваць патрыёта, чалавека, які добра ведае гісторыю сваёй краіны і ніколі не здрадзіць ёй. Чалавека, які будзе ўпэўнена глядзець у будучыню, мець шырокі кругагляд і ладзіць з рознымі людзьмі. Менавіта карпатлівая штодзённая выхаваўчая работа з дзецьмі дасць свой плён і сфарміруе ў іх гордасць за нашу Беларусь. Цудоўны прыклад: наша вучаніца выпускнога класа Іна Ткачэнка з Петрыкава ў аповедзе аб сваім горадзе пералічыла ўсе яго 42 вуліцы, арганізацыі, аб’екты сацыяльнай сферы. Невыпадкова Ельская дапаможная школа-інтэрнат у 2019 годзе заняла 1-е месца за лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы сярод устаноў адукацыі Гомельшчыны. А пачалося ўсё з перамогі (2-е месца) на першым рэспубліканскім конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі. Установа занесена на раённую Дошку гонару. Многія нашы педагогі маюць падзякі, ганаровыя граматы, у тым ліку Міністэрства адукацыі. Усё гэта служыць добрым падмуркам для руху наперад”. 

Вынікі інавацыйнага праекта па вывучэнні духоўна-маральнай і культурнай спадчыны народа ўстанова прадстаўляла на ХVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці моладзі, Рэспубліканскім фестывалі інавацыйнага педагагічнага вопыту. Удзел у інавацыі падштурхнуў кіраўніка ўстановы Я.Д.Ліпскага абагульніць вопыт работы калектыву за апошнія 25 гадоў і выдаць кнігу “Права на жыццё”. Сваімі думкамі аб каштоўнасці ўласнай дзейнасці Якаў Дзмітрыевіч падзяліўся і праз аўтабіяграфічную кнігу “Шлях да сябе”. “У сваіх разважаннях хочацца на прыкладзе жыцця аднаго чалавека, асабіста сябе, расказаць, як мянялася жыццё, як асвойвалі цывілізацыю дзеці з аддаленых палескіх вёсак, дзе ўладарылі буслы, жаўрукі, дзікія жывёлы, а ў пракапаных людзьмі панскіх канавах — вялікая колькасць уюноў, а на балотах — журавіны і буякі. Гэтым і жылі, — піша аўтар. — Кожнае пакаленне лічыць, што толькі яно штосьці стварае, не ўсведамляючы таго, што гэтым займаліся многія пакаленні”.

Надзея ЦЕРАХАВА.