На Віцебшчыне працягваецца рэспубліканская прафілактычная акцыя “Інфабус — Жыццё без наркотыкаў!”
Кожны дзень спецыялісты сістэмы адукацыі і аховы здароўя сумесна з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, грамадскіх арганізацый сустракаюцца з навучэнцамі ў летніх аздараўленчых лагерах. Асноўная мэта — фарміраванне ў падрастаючага пакалення адмоўнага стаўлення да любых эксперыментаў з наркотыкамі, устойлівых ведаў аб наступствах і прававых аспектах адказнасці за іх ужыванне і распаўсюджванне. Разам з міжведамаснай мабільнай групай мы пабывалі ў прышкольным лагеры “Арыенцір” сярэдняй школы № 45 Віцебска імя В.Ф.Маргелава. На гэты раз узроставая аўдыторыя — 10—11 гадоў.
— На жаль, такое здараецца намнога часцей, чым вы, магчыма, уяўляеце: калі хлопчык ці дзяўчынка штосьці шкоднае ўжылі і арганізму стала вельмі дрэнна. У такім выпадку спачатку чалавеку спрабуе захаваць жыццё брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, а потым ён трапляе да нас. Самаму малодшаму нашаму пацыенту 10 гадоў, — расказала дзецям псіхолаг падлеткавага наркалагічнага аддзялення Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Яна Багачова. — Таксама ў нас назіраюцца дзеці, якія былі затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў за ўжыванне спіртных напіткаў, таксічных і наркатычных рэчываў. Я спадзяюся, што нікога з прысутных у якасці пацыентаў ніколі не ўбачу на сваёй рабоце.
Размова са школьнікамі атрымалася шчырай і адкрытай, без “нязручных” пытанняў. Дзеці абмяркоўвалі з дарослымі, як можна вызначыць таго, хто ўжывае наркотыкі, якім чынам фарміруецца залежнасць і што трэба рабіць, калі ўзнікла небеспадстаўная трывога за сябра або знаёмага. Дзяліліся сваімі меркаваннямі, чаму ўжыванне і распаўсюджванне забароненых да абароту рэчываў крымінальна караецца, мадэлюючы канкрэтныя сітуацыі. Паўтаралі правілы аказання першай даўрачэбнай дапамогі і заадно прыгадалі асновы бяспечных паводзін на аўтадарогах і чыгунцы.
— Ахвяры наркотыкаў будзе здавацца, нібыта яна паводзіць сябе нармальна, аднак збоку гэта выглядае зусім не так, — адзначыла Яна Міхайлаўна. — У наркаманаў зрэнкі або пашыраныя, або звужаныя, бялок вока мутны, з прожылкамі — быццам сасуд лопнуў. Трэба ведаць: існуюць і захворванні, калі вочы выглядаюць падобна. Таму толькі па адной гэтай прымеце вывады рабіць няправільна. Калі ж налічылі некалькі з тых, што мы назвалі, то хутчэй за ўсё ваш знаёмы ўжывае наркотыкі.
Існуе мноства спосабаў для таго, каб радавацца жыццю без рызыкі для арганізма, урону для сябе і блізкіх людзей.
У якасці аргументаў, якімі, верагодна, пачынаючы наркаман глушыць голас здаровага сэнсу, школьнікі прывялі вядомае выказванне “Трэба паспрабаваць усё, жывём адзін раз”. А затым лагічна і доказна абверглі гэты спрэчны довад. “Жыццё вялікае, хочацца яго ўсё пражыць, многа чаго паглядзець, убачыць, паспрабаваць, — адзначылі дзяўчаты з групы экспертаў. — Існуе мноства спосабаў для таго, каб радавацца жыццю без рызыкі для арганізма, урону для сябе і блізкіх людзей. Алкаголь, цыгарэты, наркотыкі яўна не ў гэтым спісе. Жыццё ў іх спажыўцоў горшае і карацейшае.”
— Сапраўды так, — падтрымала моладзь участковы інспектар ІСН Першамайскага РАУС капітан міліцыі Віцебска Валянціна Камісарава. — Статыстыка жахлівая: за рэдкім выключэннем, сярэдняя працягласць жыцця наркамана складае 7—10 гадоў. Ёсць і непрыемныя сацыяльныя наступствы: чалавеку з небяспечнай залежнасцю ніколі не дадуць вадзіць машыну, будуць цяжкасці з працаўладкаваннем на пэўныя пасады. Бо ён нездаровы, не здольны ўсведамляць і несці адказнасць, можа нашкодзіць сабе і людзям. Будзьце асцярожныя, не давярайце незнаёмцам, калі яны прапануюць ці ўгаворваюць, напрыклад, пакаштаваць цукерку. Нават тую, якую нібыта сябар ці нехта з родных перадаў, — “цукерка” можа аказацца са шкоднай начынкай.
Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Першамайскага раёна Віцебска Святлана Русецкая адзначыла: “Мерапрыемствы акцыі “Інфабус — Жыццё без наркотыкаў!” праходзяць ва ўсіх дзіцячых аздараўленчых лагерах вобласці. Фарматы задзейнічаны розныя: ад QR-квестаў, інтэрактыўных гульняў і віктарын, прагляду відэаматэрыялаў да трэнінгавых заняткаў, конкурсаў малюнкаў і плакатаў, малюнкаў на асфальце. Мы імкнёмся ў даступнай форме данесці дзецям інфармацыю, каб засцерагчы іх ад кроку, які можа прывесці да бездані”.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.