Амаль пяць соцень юных талентаў. Такая колькасць адораных навучэнцаў з усёй краіны сабралася на мінулым тыдні ў Магілёве. Прычына збору — у горадзе на Дняпры, як і ў шэрагу іншых рэгіёнаў, праходзіў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды. Прычым адразу па чатырох вучэбных прадметах: матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы і астраноміі.
Але нават самым добрым ведам патрэбна праверка на трываласць, і юныя інтэлектуалы паказалі нядрэнныя вынікі. Так, па словах старшыні журы Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, загадчыка кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Сяргея Аляксеевіча Мазаніка, сёлетнія ўдзельнікі паказалі даволі добрую падрыхтоўку. Між тым заданні, прапанаваныя ім, мелі пэўную складанасць, хоць і не выходзілі за межы школьнай праграмы.
— Сёлета мы традыцыйна прапанавалі ўдзельнікам алгебраічныя і геаметрычныя задачы, задачы па тэорыі лікаў. Была і камбінаторная задача. Характэрная асаблівасць усіх заданняў — іх творчая накіраванасць. Калі падрабязней, пры ацэнцы ўлічваўся не толькі правільны адказ, але і логіка разваг вучня. Такім чынам, калі ўдзельнік дапусціў нязначныя памылкі, а ход рашэння задачы быў правільны, ён усё роўна атрымае пэўны бал, — адзначыў Сяргей Аляксеевіч. — Вядома, былі задачы, якія выклікалі цяжкасці. Аднак у цэлым з заданнямі навучэнцы справіліся, і большасць з іх змаглі набраць даволі высокія балы.
Добра праявілі сябе і ўдзельнікі Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Як паведаміў старшыня журы алімпіяды, загадчык кафедры агульнай фізікі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Анатоль Іванавіч Слабадзянюк, удзельнікі фізічнай алімпіяды паказваюць моцныя веды кожны год.
— Удзельнікі алімпіяды не проста ведаюць формулы, яны сапраўды разумеюць фізіку. Алімпіядныя заданні крыху выходзілі за рамкі школьнага курса, але практычна ўсе ўдзельнікі набралі больш як палову магчымых балаў. А прадстаўнік каманды Ліцэя БДУ Багдан Звяжынскі наогул нас уразіў. Ён набраў звыш 200 балаў. Гэта вельмі высокі вынік, бо максімум, які маглі атрымаць удзельнікі, складае 250 балаў. Падобныя вынікі нас вельмі радуюць, бо задачы, якія прапаноўваліся для рашэння ў гэтым годзе, не былі стандартнымі. Наадварот, мы пастараліся выбраць не зусім традыцыйныя заданні, для рашэння якіх трэба было паразважаць, — гаворыць Анатоль Іванавіч.
Свае словы старшыня журы падмацоўвае канкрэтнымі прыкладамі заданняў, якія сёлета рашалі ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. На тэорыі прапаноўвалася справіцца з задачамі, якія закраналі разнастайныя раздзелы фізікі. Што тычыцца практычнага тура, то дзевяцікласнікі вывучалі болт і гайку як пад’ёмны механізм. Вучні 10-х класаў апісвалі працэс перацякання адной вадкасці праз другую, а навучэнцы 11-х класаў вывучалі работу транзістара і працэсы люмінісцэнцыі.
— Нам спадабалася, што задачы былі рознага ўзроўню складанасці. Некаторыя простыя — з падобнымі сутыкаліся на занятках ці факультатывах у школе, а іншыя — больш складаныя, дзе для рашэння трэба было добра падумаць. Але мы фізікай захоплены з моманту яе з’яўлення ў школьнай праграме, таму ведаем, што задача на першы погляд можа паказацца складанай, але, калі атрымаецца разабрацца ў яе сутнасці, усё становіцца простым і зразумелым, — расказалі прадстаўнікі каманды Мінскай вобласці Ігар Жаваранак і Максім Есмантовіч.
Не менш рознабаковыя заданні чакалі ўдзельнікаў Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. На тэарэтычным туры алімпіяднікі рашалі задачы па вельмі шырокім коле ведаў з усіх раздзелаў астраноміі. На практычным туры ўдзельнікам прапаноўвалася дамаляваць зоркі, якія адсутнічалі на нямой карце зорнага неба, рашыць задачу пра зацьменне Месяца і інш. Характэрна, што як тэарэтычныя, так і практычныя заданні не выходзілі за рамкі школьнай праграмы і дадатковай факультатыўнай работы.
— Заданні даступныя. Каб знайсці дакладныя рашэнні, неабходна было не баяцца свабодна думаць, умець аналізаваць, прымяняць логіку, творчы падыход. Вядома, нямала залежала і ад трываласці ведаў удзельнікаў, дасканальнасці іх падрыхтоўкі, — адзначыў старшыня журы астранамічнай алімпіяды, дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, кандыдат фізіка-матэматычных навук Станіслаў Станіслававіч Секержыцкі.
— Вядома, алімпіядныя задачы былі складаней за тыя, што мы рашаем на ўроках у школе, але нерашальных не было. Да таго ж мы ўзмоцнена рыхтаваліся да ўдзелу ў алімпіядзе. Асабліва спадабалася задача пра зацьменне, — падзяліліся ўражаннямі ўдзельнікі каманды Мінскай вобласці Кірыл Сяўковіч і Уладзіслаў Капусцін.
Удзельнікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы таксама добра справіліся з падрыхтаванымі заданнямі, якія адпавядалі міжнароднаму ўзроўню.
Як паведаміў намеснік старшыні журы дырэктар TАА “ЯндэксБел” Аляксей Алегавіч Сікорскі, у абодвух турах удзельнікам прапаноўвалася рашыць па чатыры задачы.
— На нашай алімпіядзе няма градацыі па класах. І дзевяцікласнікі, і адзінаццацікласнікі рашаюць адны і тыя ж заданні. Таму мы стараемся выбраць задачы рознага ўзроўню, тыпу, каб іх было цікава рашаць кожнаму.
З гэтай прычыны мы прапанавалі ўдзельнікам як класічныя задачы, дзе патрэбна было распрацаваць праграму з максімальна эфектыўным алгарытмам рашэння, так і нестандартныя. Напрыклад, задача, якая не мела дакладнага рашэння: быў прадастаўлены тэкст, які неабходна набраць на клавіятуры. Заданне — расставіць літары на ўяўнай клавіятуры так, каб набор тэксту заняў мінімальны час, — расказаў Аляксей Алегавіч, які, дарэчы, зусім нядаўна сам быў удзельнікам алімпіяды.
— Як і яшчэ трое нашых членаў журы: Сяргей Кулік, Таццяна Пятрашка, Канстанцін Вільчэўскі, — дадае старшыня журы, загадчык кафедры інфарматыкі Мінскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа, кандыдат фізіка-матэматычных навук Ірына Фёдараўна Кірыновіч. — Тое, што літаральна некалькі гадоў назад яны самі былі пераможцамі рэспубліканскай і міжнародных алімпіяд, дазваляе ім лепш разумець перажыванні сёлетніх удзельнікаў. Для ўсіх членаў журы галоўнае — матывацыя дзяцей на далейшае развіццё сваіх талентаў, захаванне ў іх цікавасці да праграмавання. Таму алімпіядныя заданні заўсёды распрацоўваюцца з улікам дыферэнцыраванага падыходу. Для рашэння ўдзельнікам прапаноўваліся як адносна простыя задачы, так і складаныя, якія патрабуюць ведаў вышэйшай матэматыкі, тэорыі лікаў, камбінаторыкі і іншых навук. Але дзеці малайцы, з заданнямі справіліся добра. Усе пераможныя дыпломы цалкам заслужаныя, — падкрэсліла Ірына Фёдараўна.
Высокія дасягненні і трывалыя веды ўдзельнікаў у поўнай ступені былі адзначаны на цырымоніі ўзнагароджання, падчас якой дыпломамі розных ступеней, пахвальнымі лістамі, а таксама спецыяльнымі прызамі было адзначана каля 200 хлопцаў і дзяўчат.
Лепшыя веды па матэматыцы, удастоеныя дыпломаў І ступені, прадэманстравалі навучэнцы гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Аляксей Гапоненка, Лізавета Манжуліна і Аляксей Васілеўскі, навучэнцы гімназіі Дзяржынска Вадзім Хмара і Глеб Мазго, навучэнец сярэдняй школы № 11 Жлобіна Гомельскай вобласці Анатоль Шаціла, навучэнец гімназіі № 51 Гомеля Ягор Дубовік, навучэнец гімназіі Шчучына Гродзенскай вобласці Андрэй Асанаў, навучэнец гімназіі № 29 Мінска Дзмітрый Вайноў, навучэнец Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Барыс Ліскавец, навучэнец гімназіі № 2 Мінска Аляксандр Юран, навучэнец гімназіі № 174 Мінска Ілья Пчалінцаў і навучэнец Ліцэя БДУ Валянцін Віцязь.
Пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў І ступені па астраноміі сталі навучэнка Ліцэя БДУ Настасся Капінская, навучэнец гімназіі № 3 Гродна Алег Юхневіч і навучэнец ліцэя № 2 Мінска Дзмітрый Міхайлаў.
У веданні фізікі не было сёлета роўных навучэнцам Ліцэя БДУ Багдану Звяжынскаму, Арцёму Піваварчыку, Яну Лагоўскаму і Андрэю Крыштопіку, навучэнцу гімназіі № 10 Мінска Яўгену Шарамеду, навучэнцу сярэдняй школы № 165 Мінска Мікіту Цева, навучэнцу сярэдняй школы № 16 Полацка Віцебскай вобласці Віталю Вістунову, навучэнцу Гродзенскай гарадской гімназіі Эрыку Камлыку, навучэнцу гімназіі № 14 Гомеля Антону Талкачову і навучэнцу ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста Дзмітрыю Бажуку.
Дыпламантамі І ступені па інфарматыцы сталі навучэнцы Ліцэя БДУ Міхаіл Наталевіч, Іван Лук’янаў, Дзмітрый Калабук, Юрый Бандарчук і Сяргей Амелянюк, навучэнец сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Мікіта Сазановіч, навучэнец Іўеўскай сярэдняй школы Гродзенскай вобласці Аляксей Вісцяж, навучэнец гімназіі № 51 Гомеля Фёдар Карабейнікаў, навучэнка гімназіі № 1 Віцебска Барбара Кускова, навучэнец ліцэя Наваполацка Даніла Брычыкаў, а таксама навучэнец ліцэя Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Андруховіч.
Некаторыя ўдзельнікі алімпіяды з сельскай мясцовасці былі адзначаны спецыяльнымі прызамі міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Анатольевіча Жураўкова. Прызы былі ўручаны навучэнцу Лоеўскай раённай гімназіі Гомельскай вобласці Дзмітрыю Шычкову, навучэнцу Воранаўскай сярэдняй школы Гродзенскай вобласці Багдану Шаляшко, навучэнцу Заблоцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гродзенскай вобласці Эдуарду Вільчэўскаму і навучэнцу Аляхновіцкай сярэдняй школы Мінскай вобласці Яфіму Клімашэўскаму.
Спецыяльныя прызы ўдзельнікам алімпіяд былі ўручаны і ад шматлікіх спонсараў інтэлектуальнага спаборніцтва. Асобнымі дыпломамі і падарункамі былі адзначаны маскоўскія школьнікі, якія па-за конкурсам прымалі ўдзел у Рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы і матэматыцы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.