Днямі Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі быў арганізаваны велапрабег, прысвечаны знакамітаму барцу, трохразоваму алімпійскаму чэмпіёну, прафесару Аляксандру Мядзведзю, які 50 гадоў працуе ў гэтай установе вышэйшай адукацыі. Удзел у цырымоніі адкрыцця ўзяў сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у кіданні молата, а сёння старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Дзевятоўскі.
Велапрабег прайшоў у рамках праекта “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра”.
“Я ведаю, што такое спорт, наколькі ён важны для станаўлення асобы, — адзначыў Вадзім Дзевятоўскі. — На жаль, мы больш бачым сучасную моладзь за гаджэтамі, чым у актыўным руху. Вельмі шмат статыкі, а нам патрэбна дынаміка, таму любое праяўленне актыўнасці мы вітаем.
Студэнты — тая частка грамадства, якая праходзіць стадыю станаўлення ў жыцці. Многае залежыць ад таго, з кім яны зробяць свае крокі. Канечне, сёння вельмі важны прафесійны спорт, гэта візітная картка нашай дзяржавы. На цяперашні момант нацыянальная зборная па лёгкай атлетыцы рыхтуецца да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, якія хутка пройдуць у Рыа-дэ-Жанэйра. Тым не менш я як старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі і мае калегі шмат увагі ўдзяляем масаваму спорту. Студэнты БДУІР сабраліся разам, каб паказаць, як можна з карысцю для здароўя бавіць вольны час. Да таго ж так мы захоўваем чыстай сваю краіну. Я ўсё дзяцінства правёў у вёсцы, і веласіпед быў неад’емнай часткай майго жыцця. А хутка ўжо мой сын стане на свае ножкі, яго першым транспартам таксама стане веласіпед”.
Арганізатары адзначаюць, што не вельмі пашанцавала з надвор’ем, аднак самыя смелыя студэнты ўсё ж далучыліся да велапрабегу.
“Плануем, што ў наступным годзе прабег будзе больш масавым, да нас далучацца не толькі студэнты, але і выкладчыкі, — адзначыла асістэнт кафедры тэлекамунікацыі Таццяна Печань. — Наша задача — прыцягнуць як мага больш маладых людзей да здаровага ладу жыцця, каб яны дабіраліся на вучобу на веласіпедах, тым больш што пляцоўкі ўніверсітэта абсталяваны велапаркоўкамі”.
Дарэчы, ужо сёлета ўдзельнікамі велапрабегу сталі не толькі студэнты, але і загадчык сектара матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння навукова-даследчай часткі БДУІР Павел Пясецкі. “Я заўсёды з задавальненнем прымаю любыя прапановы, звязаныя з маім любімым двухколавым сябрам, — усміхаецца Павел. — Гэта не першы велапрабег, у якім я бяру ўдзел. Стараюся не прапускаць гонкі, заезды, якія праходзяць як у нашай краіне, так і за яе межамі. Напрыклад, сёлета заваяваў 3-е месца ў зімнім марафоне на дыстанцыі 120 км”.
Будзем спадзявацца, што першая спроба ўніверсітэта, а таксама такія падрыхтаваныя супрацоўнікі ў хуткім часе стануць цвёрдай асновай для масавага захаплення веласпортам.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.