Самыя шыкоўныя арнаменты – на фасадах веткаўскіх дамоў. Як у горадзе захоўваюць спадчыну

- 11:22Родная земля

Драўляныя ліштвы з адмысловымі карункамі можна ўбачыць у розных куточках Беларусі. Але самыя шыкоўныя арнаменты — на фасадах веткаўскіх дамоў.

Выявы сонца, кветак, птушак, звяроў, рыб, раслін сустракаюцца ў Ветцы літаральна на кожным кроку і нада­юць былому мястэчку ўрачысты выгляд у любую пару года і любое надвор’е. Гадзіны-другой няспешнай прагулкі па ўтульных вуліцах дастаткова, каб прачытаць своеасаблівую энцыклапедыю народнай творчасці, азнаё­міцца з унікальнай матэрыяльнай спадчынай мінулых пакаленняў.

Паглядзіце ўважліва на фотаздымкі. Усе гэтыя мудрагелістыя фігуры створаны разьбярамі не проста так. Напрыклад, выявы сонца сімвалізуюць жыццё, а птушкі — гэта захавальніцы часу, якія павінны прыносіць у дом шчасце. Драўляныя вужы ці змеі выразаліся майстрамі, каб гаспадарка была ўрадлівай, а ў сям’і панавалі дабрабыт і мудрасць у адносінах. А вось шматлікія раслінныя арнаменты сведчаць пра важ­насць прыроды ў жыцці чалавека, сімвалізу­юць наша адзінства з роднай зямлёй, яе багацце.

Веткаўшчына здаўна славіцца арыгінальнай народнай архітэктурай. Дэкаратыўныя сюжэты абавязкова ўтрымліваюць салярны знак — сімвал сонца і сусвету. Таксама ў іх можна ўбачыць шматлікія сімвалы-абярэгі — русалак, парныя профілі галоў вужоў, быкоў. Багацце гэтых арнаментаў пабудавана на стылізаваных выявах рыб, птушак, людзей, герояў казак і міфаў. Разьбянымі ўзорамі пакрытыя франтоны дамоў, карнізы, застрэшша і асабліва ліштвы і аканіцы. Выдатным прыкладам з’яўляецца вось гэты дом, — паведаміў настаўнік гісторыі гімназіі Веткі Міхаіл Міхайлавіч Канавалаў, калі мы падыходзілі да сапраўднага шэдэўра веткаўскай архітэктуры дома № 7 па вуліцы Заслонава.

Драўляны архітэктурны дэкор у веткаўскіх традыцыях прайшоў шлях ад скульптурна-аб’ёмных рашэнняў да шырокага прымянення тэхнікі прапільнай разьбы, якая і стала асноўнай у гэтым краі.

Разам з навучэнцамі педагог ужо некалькі гадоў даследуе асаблівасці драўляных узораў на фасадах веткаўскіх дамоў. Таму Міхаіла Міхайлавіча, ураджэнца суседняй Чачэршчыны, можна смела нараўне з супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя
Ф.Р.Шклярава назваць спецыялістам па мясцовай разьбе. Арыгінальнай драўлянай спадчынай ён зацікавіўся адразу ж, як прыехаў працаваць сюды ў 2015 годзе. І першае заданне, якое даў свайму 10 класу, — абысці ўсе вуліцы горада, запісаць нумар дома і сфатаграфаваць на ім разьбу.

Веткаўшчына — гэта частка стара­абрадніцкага рэгіёна, куды таксама ўвахо­дзіць горад Злынка суседняй Бранскай вобласці. Рэгіён адзін, аднак разьба там і ў нас мае значныя адрозненні. Вось мы і вырашылі даследаваць гэтыя адметнасці. Праведзеная намі работа дазволіла раскрыць значэнне архітэктурнага дэкору ў фарміраванні мастацкага вобраза народнага жылля і вызначыць уплыў стараабрадніцкай культуры ў Ветцы на развіццё архітэктурнага дамавога дэкору. Мы ажыццявілі сістэмны збор фотаматэрыялаў на тэрыторыі Веткаўскага раёна і Злынкі. Збор фотаматэрыялаў праводзіўся па спецыяльнай методыцы. Па характэрных прыметах, будаўнічых матэрыялах візуальным метадам і метадам параўнальнага аналізу выяўляліся дамы з узорамі архітэктурнага разнога дэкору пэўнага гістарычнага перыяду. Для фотафіксацыі падбіраліся як самыя тыповыя ў пэўным населеным пункце прыклады драўлянага разьбярства, так і адзінкавыя, арыгінальныя рашэнні. З мэтай асвятлення ўсіх асаблівасцей выкарыстання дэкору мы імкнуліся зафіксаваць усе магчымыя яго мадыфікацыі і асаблівасці размяшчэння. Усяго ў нашым архіве каля 600 фатаграфій. Такі падыход дазволіў у далейшым пры аналізе сабраных фотаматэрыялаў дастаткова дакладна вызначыць агульныя рысы, характэрныя для разьбы таго ці іншага населенага пункта. Ветка разам з Гомелем, Чачэрскам і Добрушам уваходзіць у арэал паўднёва-­ўсходняй рэгіянальнай традыцыі драўлянага дэкаратыўнага ўпрыгожвання, — паведаміў настаўнік.

Для навуковага аналізу сабранага матэрыялу выкарыстоўваліся звесткі аб будаўніцтве дамоў, якія знаходзіліся ў мясцовым бюро рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі. Для праверкі дакладнасці даных праводзілася дадатковае апытанне жыхароў 92 дамоў. Работа, сапраўды, была праведзена маштабная!

Такіх адмысловых узораў, як на Веткаўшчыне, не сустрэнеш больш нідзе ў Беларусі: ні на Брэстчыне, ні на Гродзеншчыне, ні на Віцебшчыне. Яны толькі на беразе Сожа. Канечне, драўлянымі карункамі свае дамы ўпрыгожваюць жыхары ўсіх рэгіёнаў нашай краіны, але толькі ў Ветцы і навакольных вёсках сфарміравалася свая школа разьбярства, якая склалася пад уплывам стара­абрадніцтва.

Унікальнасць веткаўскай разьбы ў тым, што раслінныя матывы пераклікаюцца з барочнымі. Таму мясцовую архітэктуру можна смела назваць веткаўскім драўляным барока. Сакрэты народнага ўмельства перадаюцца на працягу стагоддзяў з пакалення ў пакаленне. На жаль, сёння толькі адзінкавыя майстры працягваюць справу прадзедаў. Як і належыць сапраўдным даследчыкам, вучні Міхаіла Міхайлавіча разам з настаўнікам наведаліся ў госці да гэтых майстроў і распыталі пра некаторыя сакрэты стварэння драўляных кветак, птушак, русалак. 

— Барочная пышнасць і дэкаратыў­насць былі шырока прадстаўлены ў стара­абрадніцкім мастацтве, але стараабраднікі не маглі іх перанесці ў наш край з Расіі, паколькі там толькі ў другой палове XVII стагоддзя пачалі актыўна асвойваць новую мастацкую плынь праз дзейнасць майстроў-перасяленцаў з Беларусі. Больш за тое, нават у сярэдзіне XVIII стагоддзя прышлыя ўцекачы-стараабраднікі ў сваім побыце адрозніваліся выключнай сціпласцю, нават аскетызмам, што было адзначана археолагамі пры параўнанні іх культуры з тагачаснай местачковай гарадской культурай. Таму не выклікае сумненняў, што мастацтва барока было перанята стараабраднікамі ў асноўным у Ветцы і найбліжэйшых слабодах усходняй Гомельшчыны праз перапрацоўку ўсходнебеларускай мастацкай традыцыі XVII—XVIII стагоддзяў. Гэтыя барочныя рысы ў канцы XIX стагоддзя шырока прадстаўлены таксама ў разьбяным дэкоры драўлянага дойлідства ўсяго гэтага рэгіёна. Такім чынам адбыўся своеасаблівы сімбіёз культур: аўтэнтычнай беларускай, якая мела свае карані ў мясцовых асаблівасцях познебарочнай культуры ўсходу ВКЛ, Рэчы Паспалітай, і стараверскай, заснаванай на старажытнарускіх традыцыях, — паведаміў Міхаіл Міхайлавіч.

Адметнасцю ўпрыгожвання веткаўскіх дамоў з’яўляецца спалучэнне барочнай пышнасці, беларускай аўтэнтыкі і стараабрадніцкіх традыцый.

Развіццё новых тэхналогій у будаўнічай сферы, безумоўна, робіць Ветку больш сучаснай. Кожны год узводзяцца рознакаляровыя шматпавярховікі з усімі выгодамі для камфортнага жыцця. І ўсё ж асаблівую прыгажосць і ўтульнасць былому мястэчку надаюць не новыя цагляныя дамы, а аднапавярховыя драўляныя, узведзеныя з выкарыстаннем няхай і састарэлых, але традыцыйных, надзейных тэхналогій. Нездарма навучэнцы гімназіі даследавалі дамы, якім больш за сотню гадоў.

Што яшчэ цікава, мяняючы драўляныя рамы на шклопакеты, гаспадары не выкідаюць разныя ліштвы і аканіцы, а вяртаюць іх на ранейшае месца. У Ветцы ўмеюць захоўваць спадчыну!

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара