Выхаванне — галоўная задача адукацыі

- 10:05Актуально, Апошнія запісы

Шляхі ўдасканалення ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь абмеркавалі на семінары-нарадзе, які адбыўся ў Гродне.

Удзел у ім прынялі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, прарэктары па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ўстаноў вышэйшай адукацыі, начальнікі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі абласных і мінскага інстытутаў развіцця адукацыі, рэспубліканскіх і абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, кіраўнікі і спецыялісты галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, ідэалагічны актыў Гродзенскай вобласці.

Удзельнікі семінара абмеркавалі актуальныя пытанні ідэалагічнай і выхаваўчай работы на ўсіх узроўнях адукацыі, інавацыйныя формы ўзаемадзеяння з органамі выканаўчай улады, грамадскімі арганізацыямі, сродкамі масавай інфармацыі ў гэтай рабоце, новыя падыходы да грамадскага выхавання навучэнцаў і студэнтаў.

Выхаваць грамадзяніна высокай сацыяльнай і грамадзянскай адказнасці

Адкрываючы работу семінара-нарады, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў адзначыў важнасць тэмы, якая разглядаецца, і тое, што павінны быць выпрацаваны рашэнні, як працаваць з сучаснай моладдзю.

— Моладзь патрабуе асаблівага падыходу. І гэта павінна быць кропкавая работа выкладчыкаў, настаўнікаў з кожным маладым чалавекам. Ён павінен быць пачуты. Моладзі важна ўбачыць, што яе ініцыятывы рэалізуюцца, — адзначыў Максім Уладзіміравіч. — Моладзь першая ўбірае як пазітыўныя, так і негатыўныя выдаткі сучаснасці, таму важна прапанаваць такі алгарытм жыццядзейнасці, які захавае яе патэнцыял для пазітыўнага развіцця, дасць магчымасць уключыць ва ўсе стваральныя працэсы, будзе спрыяць развіццю краіны як стабільнай, эканамічна развітой дзяржавы.

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка ў сваім дакладзе “Актуальныя аспекты ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь і шляхі яе ўдасканалення” вялікую ўвагу ўдзяліў пытанням узаемаадносін і супрацоўніцтва сям’і і школы, выхаваўчага патэнцыялу вучэбных заняткаў, зместу новых падручнікаў і праграм, патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў і студэнтаў, светапогляду педагогаў і ўплыву іх на навучэнцаў, а таксама адзначыў, што наспела пытанне аб стварэнні кодэкса гонару педагога.

— У сучасных умовах ідэалагічная работа ва ўстанове адукацыі з’яўляецца адным з ключавых кірункаў, — сказаў І.В.Карпенка. — Дзяржавай створаны ўсе неабходныя ўмовы для эфектыўнай самарэалізацыі і паспяховай сацыялізацыі моладзі, для развіцця яе патэнцыялу ў інтарэсах краіны. Сёння моладзь Беларусі даказала сваю сталасць. Праекты, мерапрыемствы і акцыі, ініцыіраваныя самой моладдзю, сталі сапраўды агульнанацыянальнымі, накіраванымі на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне новых пакаленняў. Выхаванне дзяцей і моладзі ў Рэспубліцы Беларусь мае канцэптуальна і метадалагічна вывераную ідэалагічную аснову. Прыярытэт ідэалагічнага выхавання замацаваны ў асноўных нарматыўных прававых дакументах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Канцэпцыі і Праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2016—2020 гады, праграмах выхавання і іншых дакументах.

Міністр адукацыі засяродзіў увагу на пытаннях удасканалення работы па фарміраванні кадравага патэнцыялу, павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, стварэння станоўчага іміджу сучаснага педагога, работы ў сацыяльных сетках, дзеяння сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, эфектыўнасці форм і метадаў работы ў суботні дзень з улікам магчымасцей устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, удасканалення сістэмы школьнага і студэнцкага спорту.

— У кожнага педагога ёсць унікальная магчымасць выхоўваць навучэнцаў як праз змест вучэбнага прадмета, так і праз розныя формы арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, — сказаў І.В.Карпенка. — І тут эфектыўнасць вырашэння выхаваўчых задач залежыць перш за ўсё ад мэтанакіраванага адбору зместу вучэбнага матэрыялу, які паказвае ўзоры сапраўднай маральнасці, духоўнасці, грамадзянскасці і патрыятызму, гуманізму, і, безумоўна, ад прафесіяналізму самога педагога.

Аб шляхах удасканалення рэгіянальнай сістэмы ідэалагічнай і выхаваўчай работы з дзецьмі і моладдзю гаварыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. У вобласці перагледжана работа сістэмы дадатковай адукацыі і школьных аб’яднанняў па інтарэсах — яны сталі працаваць у вячэрні час, суботу і нядзелю, асабліва актыўна падчас канікул, што дазволіла павялічыць працэнт уключанасці старшакласнікаў у аб’яднанні па інтарэсах з 25 да 45%. З’явілася і такая форма работы, як культурная субота.
Спартыўныя залы і стадыёны навучальных устаноў сталі даступнымі і для сямейных заняткаў спортам, для жыхароў мікрараёнаў. Прынцыпова зменены падыходы да экскурсійнай і турыстычнай работы з дзецьмі, пастаўлена задача наведвання кожным навучэнцам не менш як чатырох гістарычных месцаў Беларусі на працягу года.

— Стала відавочна, што ў рабоце з навучэнцамі неабходна шукаць новыя формы работы з апорай на студэнцкае і вучнёўскае самакіраванне, — сказаў В.А.Лісковіч. — Прыярытэтным кірункам у рабоце з моладдзю лічым грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, фарміраванне якога ажыццяўляецца шляхам рэалізацыі сумесных праектаў з грамадскімі аб’яднаннямі.

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Кароль прадставіў сістэму выхаваўчай работы ў ВНУ і створаныя ўмовы для самарэалізацыі студэнтаў у рамках вучэбнай, навуковай і пазавучэбнай дзейнасці. Прыкладамі такой грамадзянскай і патрыятычнай самарэалізацыі маладых людзей сталі акцыі “Жывая гісторыя”, грамадзянска-патрыятычны марафон “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь”.

Аб ідэалогіі ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з РГА “Белая Русь” і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі гаварылі старшыня Рэспубліканскага савета РГА “Белая Русь” Аляксандр Радзькоў і першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” Андрэй Белякоў. Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Марат Жылінскі сваё выступленне прысвяціў пытанням фарміравання кадравага патэнцыялу і ідэалогіі як неабходнага складніка сістэмы падрыхтоўкі кіраўніцкіх кадраў.

380 тысяч навучэнцаў і 14 тысяч педагогаў аб’ядноўвае сістэма дадатковай адукацыі краіны. Аб тым, як дадатковая адукацыя можа і павінна фарміраваць асобу навучэнца, гаварыла ў сваім выступленні дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка.

Выпрацаваць рашэнні, удасканаліць работу, падзяліцца вопытам

Тэорыю і практыку ідэалагічнай і выхаваўчай работы з моладдзю абмеркавалі прарэктары па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце вышэйшых навучальных устаноў падчас работы секцыі, якая працавала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Удзельнікі яе гаварылі аб фарміраванні нацыянальнай ідэі, асаблівасцях работы з моладдзю ва ўмовах сучаснай масавай культуры, інфармацыйнай бяспецы навучэнцаў, тэндэнцыях міжкультурнага ўзаемадзеяння ў вышэйшай школе.

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Сіманоўская, у новай Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі падкрэслена важнасць ідэалагічнай і выхаваўчай работы і што важна шукаць новыя формы і падыходы да гэтых працэсаў.

Работа секцыі “Інфармацыйная культура моладзі: выклікі часу і рашэнні” праходзіла ў рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда” ў фармаце адкрытага дыялогу. Мадэратарам секцыі з’яўляўся дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вадзім Гігін. У рабоце секцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, абласных камітэтаў БРСМ, сродкаў масавай інфармацыі.

У цэнтры ўвагі было фарміраванне інтэрнэт-культуры. Як адзначыў В.Ф.Гігін, работу тут трэба будаваць з улікам таго, што цікавасць моладзі да інтэрнэт-рэсурсаў можна выкарыстоўваць для выхавання патрыятычнай, грамадзянскай пазіцыі. Аб рызыках сучаснага інфармацыйнага грамадства і ў сувязі з гэтым важнасці навуковага маніторынгу інтэрнэту для выяўлення негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі, выхавання адказнасці насельніцтва ў выкарыстанні інтэрнэту гаварыла дацэнт кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Надзея Яфімава.

У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі працавалі дзве секцыі. Начальнікі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, кіраўнікі інстытутаў развіцця адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі падчас работы секцыі “Актуальныя аспекты ўдасканалення выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” азнаёміліся з сістэмай выхавання ў Гродзенскай вобласці, у прыватнасці з інавацыйнай практыкай у вырашэнні пытанняў эфектыўнай якасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Гродзенскім раёне. Члены Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі працавалі ў секцыі “Выхаваўчае асяроддзе ўстаноў прафесійнай адукацыі як умова фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі будучага спецыяліста”. Былі абмеркаваны навуковыя асновы стварэння сістэмы выхавання і развіцця асобы ва ўмовах прафесійнай адукацыі, новыя падыходы да дзейнасці сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, выхаваўчае асяроддзе ў інтэрнатах.

Другі дзень семінара-нарады быў прысвечаны азнаямленню з вопытам работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў ва ўстановах адукацыі Гродна і дзейнасцю маладзёжных арганізацый. Міністр адукацыі Ігар Карпенка пабываў у маладзёжным цэнтры “Гродна” і сярэдняй школе № 36 Гродна з польскай мовай навучання.

Арганізацыю работы ў шосты школьны дзень удзельнікам семінара-нарады прадставілі ў сярэдняй школе № 38. У адной з самых вялікіх гарадскіх сярэдніх навучальных устаноў — тут вучыцца звыш 2000 дзяцей — назапашаны вялікі вопыт пазакласнай работы з навучэнцамі і бацькамі. Гасцей азнаёмілі з 6 цэнтрамі работы, якая арганізавана ў шосты школьны дзень: бяспекі, спорту і фізічнага развіцця; турыстычных і экалагічных маршрутаў; вольнага часу і творчага развіцця; паспяховага бацькоўства; праф-арыентацыі і працоўных спраў. Пабывалі госці ў школьным музеі “Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і”.

Канцэпцыю каледжа-музея і звязаныя з ёй магчымасці выхаваўчай і патрыятычнай работы прадставілі ў гуманітарным каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы. Навучэнцы і выкладчыкі прадэманстравалі традыцыйныя і інавацыйныя формы грамадзянска-патрыятычнага выхавання: акцыю “Памяць”, тэхналогію асацыяцый у патрыятычным выхаванні, конкурс на лепшае выкананне Дзяржаўнага гімна. Эфектыўны падыход да правядзення прафесійных субот паказалі ў каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну.

У завяршэнне семінара-нарады міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што выхаваўчая работа застаецца прыярытэтам адукацыі. У выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце не павінна быць фармалізму, яе трэба будаваць з улікам патрэб моладзі. У Беларусі будзе распрацаваны навукова-метадычны комплекс па суправаджэнні ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі ўсіх узроўняў. І.В.Карпенка даў высокую ацэнку сістэме выхаваўчай работы Гродзенскай вобласці, таксама адзначыў паспяховы вопыт ГрДУ імя Янкі Купалы ў рэалізацыі рэйтынгавай сістэмы ацэнкі дзейнасці прафесарска-выкладчыцкага складу. Удзельнікі семінара-нарады падкрэслілі важнасць супрацоўніцтва з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй, аб’яднаннем “Белая Русь”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.