Віктар Сняжыцкі: “У нашай справе не павінна быць абыякавых”

- 12:13Кампетэнтна

Паўстагоддзя назад, у 1964 годзе, у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце адбыўся першы выпуск. Дыпломы ўрача атрымалі тады 284 чалавекі, 22 з іх скончылі навучанне з чырвоным дыпломам. На гэты час Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт даў пуцёўку ў прафесійнае жыццё амаль 19 тысячам спецыялістаў.
Аб перспектывах, бачанні і стратэгіі падрыхтоўкі медыцынскіх работнікаў мы гутарым з рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам Віктарам СНЯЖЫЦКІМ.

— Віктар Аляксандравіч, новы навучальны год толькі пачаўся. Якія вынікі ўступнай кампаніі 2014 года? Якія абітурыенты да вас прыйшлі?
— У параўнанні з мінулым годам прахадны бал у нашых абітурыентаў вышэйшы. На лячэбны факультэт ён склаў 288 балаў. Больш за 80% мелі сярэдні бал атэстата 8 і вышэй. 13% залічаных — медалісты. Гэта сведчыць пра тое, што прафесія ўрача па-ранейшаму запатрабаваная ў моладзі. У асноўным нашы першакурснікі — гэта жыхары Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, 15% — з іншых рэгіёнаў Беларусі.

— У сувязі са змяненнем дэмаграфічнай сітуацыі адчувалі цяжкасці з наборам на платныя месцы?
— Сёлета набор у наш універсітэт склаў 680 чалавек: 425 — на бюджэтную форму навучання і 205 — на платную. З наборам на бюджэт цяжкасцей не было. Некаторая напружанасць да апошніх дзён адчувалася пры наборы на платную форму навучання. Але план быў выкананы.
Бачым тэндэнцыю апошніх гадоў: з аднаго боку, колькасць выпускнікоў школ змяншаецца, а з другога боку, вялікая колькасць выпускнікоў-медыкаў. Так, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Гродзенскі, а таксама Віцебскі і Гомельскі медыцынскія ўніверсітэты сёлета выпусцілі больш як 2,5 тысячы спецыялістаў. У папярэднія гады былі вялікія наборы.

— Ці змянілася ў сувязі з гэтым прафарыентацыйная работа?
— Так, новыя ўмовы патрабуюць і новых падыходаў. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе нашы спецыялісты сустракаліся не толькі з гродзенскімі школьнікамі. Выязджалі ў Ліду, Пінск, Баранавічы.

— У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце замежныя грамадзяне вучацца з 1998 года. Геаграфія — амаль 30 краін свету…
— Агульная колькасць замежных студэнтаў сёння — 500 чалавек. У гэтым навучальным годзе першакурснікамі стануць сто чалавек, пераважна гэта грамадзяне Індыі, Нігерыі, Туркменістана. 60% заняткаў вядзецца для замежных студэнтаў на англійскай мове. Аднак і вывучэнне дзяржаўнай мовы абавязковае, бо практычныя заняткі ў медыцынскіх установах праходзяць з беларускімі пацыентамі.

— Ці зацікаўлены супрацоўнікі ўніверсітэта выкладаць на англійскай мове?
— Мы назіраем стабільную зацікаўленасць выкладчыкаў. Па-першае, веданне мовы павышае магчымасці атрымання прафесійнай інфармацыі з замежных часопісаў, інтэрнэту, пры зносінах з калегамі з іншых краін. Па-другое, выкладчыкі атрымліваюць даплату за выкладанне на англійскай мове.
Штогод арганізуем 5—6 груп для навучання выкладчыкаў за кошт універсітэта. У канцы кожнага года праходзіць атэстацыя. Гэты экзамен вельмі адказны. Бываюць выпадкі, што з першага разу яго не праходзяць. На гэты час у нас 150 выкладчыкаў — ад асістэнтаў да дацэнтаў і прафесараў, якія выкладаюць на англійскай мове.
Назіраем таксама дастатковы ўзровень валодання замежнымі мовамі ў студэнтаў. Напрыклад, нядаўна ў нас чытаў лекцыю “Індыйская філасофія і сучасная навука” (на англійскай мове) Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці. У зале прысутнічалі і замежныя, і беларускія студэнты і выкладчыкі.
Калі гаворка зайшла пра мовы, хачу сказаць, што мы гатовы адкрываць і беларускамоўныя групы. Наш выкладчык Віктар Варанец падрыхтаваў дапаможнік па медыцынскай лексіцы “Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў”. Гэта ўнікальная работа па змесце і аб’ёме.

— Практыка-арыентаваная падрыхтоўка спецыялістаў, асабліва медыкаў, — патрабаванне часу. Як ажыццяўляецца гэты прынцып у Гродзенскім медыцынскім універсітэце?
— Спалучэнне фундаментальнасці і ўтылітарнасці медыцынскай адукацыі — толькі так сёння можна рыхтаваць урачоў. Навучанне ў бальніцах і іншых медыцынскіх установах нашы студэнты пачынаюць пасля чацвёртага семестра. Агульная колькасць гадзін практычнага навучання складае амаль палову вучобы. Гэты працэс накіраваны на работу ў групе, ды і вучэбная сітуацыя набліжана да рэальнай.
Унікальныя магчымасці дае першая ў нашай краіне лабараторыя практычнай падрыхтоўкі, дзе студэнты на трэнажорах праходзяць так званае сімуляцыйнае навучанне. Тут заняткі пачынаюцца ўжо з другога курса.
Не адмаўляючыся ад класічнага падручніка, выкарыстоўваем і такія сучасныя формы, як кансультацыі на інтэрнэт-форуме, анлайн-тэсціраванне, тэлеканферэнцыі, адукацыйныя форумы па розных прадметах. Напрыклад, з нашымі ўрачамі-інтэрнамі, якія працуюць у розных кутках Беларусі, праводзім вэбінары. Праз адлегласць з імі праводзяць заняткі, кансультацыі, прафесары ўніверсітэта адказваюць на пытанні. Для гэтага ёсць адпаведнае абсталяванне.

— Студэнты-медыкі — найбольш загружаныя студэнты. Ім ад сесіі да сесіі не даводзіцца жыць весела?
— Як рэктар і выкладчык я пастаянна сустракаюся са студэнтамі, стараюся абавязкова сустрэцца з усімі групамі першакурснікаў і даводжу да іх такую думку: вучыцца ў медыцынскім універсітэце трэба кожны дзень. Вучэбны працэс у нас арганізаваны так, што апытанне праходзіць штодзённа. Маладым людзям даю такую параду: знаходзьце максімум інфармацыі, рыхтуйцеся да заняткаў не па адным падручніку.
За 6 гадоў навучання каля 10% студэнтаў адлічаецца. Гэта аб’ектыўны працэс. Некаторыя разумеюць, што выбралі не справу свайго жыцця, некаторыя проста не могуць справіцца з вучэбным працэсам.
Мы павінны знайсці падыход да кожнага студэнта і зацікавіць да самаразвіцця, каб у нашай прафесіі не было абыякавых. Адзнака — не заўсёды паказчык будучай паспяховасці ў прафесіі. Згаджаюся, што высокія балы сведчаць аб працаздольнасці і адказнасці. Але ўрач павінен лячыць і справай, і словам, і ўласным стаўленнем да людзей. У медыцыне столькі напрамкаў, што патрэбны і розныя характары. Хірургу часта трэба імгненна прымаць рашэнні, а дыягносту патрэбны разважлівасць і няспешны роздум.
Мы практыкуем такія заняткі: у прысутнасці групы і выкладчыка студэнты павінны правесці размову з пацыентам. Для некаторых такая размова даецца вельмі цяжка. Падрыхтаваныя праз тэсты, яны часам не маюць навыкаў камунікатыўных зносін. Гэтаму мы таксама павінны навучыць студэнтаў.
Нашы студэнты не завучкі, а звычайныя маладыя людзі. Актыўныя ў навуцы, творчасці, спорце. Ва ўніверсітэце працуюць шматлікія творчыя калектывы, ладзяцца розныя конкурсы, вечары інтэлектуальных гульняў, дні факультэтаў, падчас якіх праводзяцца студэнцкія канферэнцыі, мультымедыйныя прэзентацыі, акцыі за здаровы лад жыцця, канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы.

— Віктар Аляксандравіч, вы — вядомы ў Беларусі кардыёлаг, кіраўнік навуковай школы “Клінічная арытмалогія”, падрыхтавалі 8 кандыдатаў навук. Як складваецца лёс вашых, калі можна так сказаць, асабістых вучняў?
— Мне пашанцавала, што мае вучні працуюць побач. Гэта дае магчымасць бачыць іх вынікі і вучыцца адно ў аднаго. Так, Віталь Шышко — загадчык 2-й кафедры тэрапіі ў Гродзенскім медуніверсітэце. Алена Пелеса і Алена Зухавіцкая — дацэнты 1-й кафедры тэрапіі нашага ўніверсітэта. Міхаіл Дзяшко выйграў конкурс Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў і атрымаў магчымасць праходжання клінічнай ардынатуры на працягу аднаго года ў Англіі.

— Летам гэтага года вы былі ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У мінулым годзе ўніверсітэт быў адзначаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. А якія справы хвалююць і радуюць рэктара сёння?
— У найбліжэйшы час адкрыем факультэт павышэння кваліфікацыі. Падрыхтоўка будзе весціся па 10 цыклах, сярод якіх “Санаторна-курортнае лячэнне”. Гэты напрамак будзе толькі ў нашым універсітэце.
Як я ўжо гаварыў, у нас адкрыта першая (і пакуль адзіная) лабараторыя практычнага навучання студэнтаў (сімуляцыйны цэнтр), аснашчаная самым сучасным абсталяваннем. Тут студэнты, інтэрны і ўрачы адточваюць практычныя навыкі. Гэты напрамак — адзін з самых прыярытэтных для нас, таму будзем і далей яго ўдасканальваць.
А яшчэ ідзе будаўніцтва інтэрната на 1030 месцаў. Ужо ўзведзены першы паверх. Завяршэнне будаўніцтва намечана на канец 2015 года. Новы інтэрнат знаходзіцца побач з галоўным корпусам універсітэта. Так што ў наступным навучальным годзе для іншагародніх студэнтаў пытанне з пражываннем будзе вырашана.
Мы з задавальненнем адзначаем, што адбыўся добры набор на спецыяльнасць “Сястрынская справа” на медыка-дыягнастычным факультэце. Мы ўпэўнены, што ёсць патрэба ў кадрах такой кваліфікацыі. Прынялі 25 чалавек на дзённую форму навучання і 25 — на завочную. Конкурс на завочную форму склаў 3,7 заявы на месца, на дзённую — 1,4 заявы. Тут шмат трэба будзе зрабіць па дыстанцыйным навучанні завочнікаў і інтэрнаў.
Плануем на наступны год дапоўніць навучанне ў магістратуры па шэрагу клінічных спецыяльнасцей, у тым ліку і такой перспектыўнай, як “Медыцынская біятэхналогія”. Праграма навучання па гэтай спецыяльнасці і вучэбныя дапаможнікі былі распрацаваны нашымі выкладчыкамі ў рамках праграмы TEMPUS.

— Дзякуй за размову, Віктар Аляксандравіч. Поспехаў вам і неабыякавых студэнтаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.