Вікторыя АЛЕШКА: “Я не хачу сядзець у яме! Я хачу на сцэну!”

- 14:40Моя школа

Чарговым госцем праекта “Мая школа” стала вядомая беларуская спявачка, якая была выхавана ліхімі 90-мі, прайшла 10-гадовае гартаванне ў вядомым ансамблі “Верасы” і, нарэшце, знайшла сябе ў шансоне. Сёння на пытанні “Настаўніцкай газеты” адказвае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вікторыя АЛЕШКА.

— Ці памятаеце вы сваё 1 верасня?

— Ёсць пэўны працэнт людзей, якія не памятаюць сябе ў дзяцінстве, а я адношуся да тых, хто амаль не памятае свой школьны перыяд жыцця. Больш запомніўся час з 13-гадовага ўзросту.

Маці расказвала мне, што я вельмі хацела ў школу. Калі яшчэ была ў дзіцячым садку, увесь час пыталася: “Калі ж мы ўжо пойдзем у школу?” І наколькі я хацела ў школу, настолькі ж яна мяне расчаравала. Відаць, час быў такі: разгул крыміналу ва ўсіх сферах жыцця. І настаўнікам прыходзілася з усім гэтым змагацца.

Я дзіця 80—90-х гадоў, таму, відаць, самыя яркія ўспаміны адносяцца менавіта да гэтага часу. Многія памятаюць, што адбывалася ў той час у нашай краіне. І з намі настаўнікам прыходзілася падчас быць вельмі жорсткімі, таму што мы дазвалялі сабе такія рэчы, якія зараз у галаве проста не ўкладваюцца. Гэта было вельмі непрыгожа, але гэта ў маім жыцці было. Таму пахваліцца, што я была добрай вучаніцай, не магу.

На мяне вельмі вялікі ўплыў аказала дваровае асяроддзе. Мяне не цікавілі лялькі і банцікі. У асноўным я бавіла час з хлопцамі: білі шкло, палілі класныя журналы. Эх… (Смяецца.)

— Ці хацелі б вярнуцца ў той час?

— Не думаю, што мне б гэтага хацелася. З аднаго боку, было весела, з другога — сусветная туга. Усё было шэрым, здавалася, што не будзе ніякай перспектывы і ніколі не будзе добра. І на фоне гэтай атмасферы нядзіўным было тое, што я памяняла чатыры школы. Я была вельмі вядомай асобай, і мяне далікатна прасілі пайсці ў іншую школу. Паводзіны былі такія, што мяне ведала ўся школа: і вучні, і настаўнікі.

— З кім вы сябравалі ў школьныя гады? Ці сустракаецеся з аднакласнікамі?

— У мяне не было сяброў у школе. Мне было гэта нецікава. Больш зносін было з тымі, хто жыў побач са мной. Амаль усе мае сябры жылі ў раёне праспекта Пушкіна, вуліц Альшэўскага, Сердзіча, Матусевіча. Так выйшла, што з аднакласнікамі мы не сустракаемся, ды і яны мяне не запрашаюць, таму што мы ніколі не былі блізкімі сябрамі.

З 1-га па 4 клас я вучылася ў школе № 32, 5 клас — у 9-й школе, з 6-га па 9-ы — у 113-й, а заканчвала я ўжо 41-ю мінскую школу, якая, дарэчы, мне запомнілася больш, чым усе астатнія. Найперш таму, што там я пачала спяваць.

— Раскажыце, як гэта адбылося.

— Першыя спробы спяваць у мяне былі яшчэ ў 113-й школе, з лёгкай рукі педагога-арганізатара Сяргея Аляксандравіча Собаля. Ён пісаў музыку, і песня, якую я выканала на шырокую публіку на маім першым гарадскім конкурсе маладых выканаўцаў “Белая Русь”, дзе я ўзяла гран-пры, якраз была напісана ім. Мне тады было 16 гадоў.

Сяргей Аляксандравіч быў першым чалавекам, які разгледзеў мой вакальны талент і потым дапамагаў у творчым і прафесійным росце.

Са 113-й школы адначасова пайшлі ён і завуч Уладзімір Канстанцінавіч Шчэрба, якога запрасілі на пасаду дырэктара 41-й школы. Мяне яны ўзялі з сабой. (Смяецца.) Менавіта дзякуючы ім я скончыла-такі школу.

А на вялікую сцэну ўпершыню трапіла з лёгкай рукі Аляксандра Дзмітрыевіча Вавілава, які аднойчы прыйшоў у нашу школу, шукаючы невядомых таленавітых юнакоў і дзяўчат на канцэрт, які меў адбыцца да 20-годдзя Маскоўскага раёна. Для мяне гэта быў першы канцэрт такога высокага ўзроўню — у ім удзельнічалі Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Саладуха, Іна Афанасьева.

Але на той момант я нікога з беларускіх выканаўцаў не ведала. Такую музыку не слухала. У мяне на слыху былі The Cranberries, Ace of base, AC/DC і інш. І вось Вавілаў (відаць, я таксама яму спадабалася) прапанаваў мне праслухацца ў “Верасы” да Васіля Пятровіча Раінчыка. Сяргей Аляксандравіч таксама не быў супраць, а нават яшчэ і падбадзёрваў мяне.

Мы прыехалі ў філармонію. Сустрэўшы нас, Раінчык запытаў мяне: “Ты хоць ведаеш, хто я?” — “Не”, — шчыра адказала я. Я была трохі дзікаватай і па характары больш падобнай да хлопца. “Не басі”, — зрабіў ён мне заўвагу. — Тут усе свае. Будзеш са мной працаваць?” З праекцыяй на той час — гэта быў 1996 год — я не ведала, чаго ад мяне чакаюць. Некалькі месяцаў я глядзела на яго як ваўчаня, забіўшыся ў кут, увесь час чакала падвоху і пастаянна задавалася пытаннем: з чаго раптам мяне, фактычна, чалавека з вуліцы, які не мае багатых бацькоў і ўплывовых сувязей, запрасілі ў такі калектыў? Я ніколі не лічыла сябе нейкай асаблівай, а тут адразу такі скачок уверх. Потым зразумела, што, відаць, былі прычыны на тое, што столькі людзей захацелі мне дапамагчы.

— Дзе вы атрымлівалі музычную адукацыю?

— Калі я вучылася ў 1 класе, да нас прыходзілі розныя людзі, якія запрашалі ў секцыі і гурткі і давалі візітоўкі — паперкі з назвай гуртка і пэўнай інфармацыяй. Праз некаторы час у мяне сабраўся даволі вялікі стос гэтых паперак, бо мяне цікавіла абсалютна ўсё. І мама з усяго гэтага выбрала навучанне ігры на скрыпцы, каб праверыць, ці ёсць у мяне які-ніякі слых і талент.

Аказалася, што ў мяне абсалютны слых. Я пачала іграць, але доўжылася гэта нядоўга: мне хутка надакучыла. І настаўніца мяне вельмі хваліла: “Вікулечка, — казала яна, — у цябе ёсць усе магчымасці, каб стаць добрым музыкантам”. (Я вельмі не люблю, калі на мяне сварацца, нават магу на злосць зрабіць, калі мне не спадабаецца.) У мяне была фенаменальная музычная памяць: разбіраючы твор, я ледзь не адразу вывучвала яго на памяць. З-за гэтага я не навучылася як след чытаць па нотах. Аднойчы яна сказала: “Вось вырасцеш, станеш добрай скрыпачкай, будзеш сядзець у тэатры ў сімфанічным аркестры ў яме…” — “Што? У якой такой яме? Я не хачу сядзець у яме! Я хачу на сцэну!” Так яна адным словам збіла мяне з гэтага шляху. Прыйшоўшы дадому, я сказала маці, што больш хадзіць у музычную школу не буду. (Смяецца.)

Але, нягледзячы на гэта, я потым скончыла вакальнае аддзяленне ўніверсітэта культуры. І мае настаўнікі, якія, можа, мяне яшчэ памятаюць, шчыра здзіўляюцца, што з мяне нешта атрымалася.

— Ці цяжка было вашай маці выхоўваць такое непаслухмянае дзіця?

— У якасці меры ўздзеяння маці ў адносінах да мяне часцей карысталася бізуном, чым пернікам. У тыя часы інакш, відаць, было нельга.

Чамусьці мяне “заклеймавалі” моцнай жанчынай, што мне вельмі не падабаецца. Рабіць выгляд і быць — вялікая розніца. Як артыстка і як чалавек у грамадстве я не магу дазволіць сабе быць слабай. А можа, я проста не змагла навучыцца гэтаму, бо з прычыны адсутнасці мужчыны ў доме з самага дзяцінства прыходзілася многія пытанні вырашаць самастойна. Я прывыкла, што дапамагчы сабе магу толькі я сама.

Калі вучылася ў школе, неяк пасварылася з дзецьмі ў двары і мяне пакрыўдзілі. І, як многія дзеці, я пабегла клікаць маці на дапамогу. А яна сказала: “Ты звязалася з гэтым, сама і разбірайся!” І пасля многіх гадоў такой самаабароны сталася, што, нават калі побач з’яўляецца чалавек, які хоча абараніць мяне і стаць апорай і сцяной, я не ўмею перабудавацца, хаця вельмі гэтага хачу. Асабліва пасля разводу я зразумела, што, мабыць, зараз ужо не змагу каму-небудзь іншаму настолькі даверыць сябе.

— Якія прафесійныя сустрэчы аказалі на вас найбольшы ўплыў?

— Я вельмі цаню ўсіх людзей, якія трапляліся мне на жыццёвым шляху, таму што ад кожнага я брала нейкія часцінкі вопыту і характару. Сваім хросным бацькам у творчасці я ўсё ж лічу Сяргея Аляксандравіча Собаля. Калі б не ён, я не стала б артысткай. Сама б я не стала прабівацца: у маім баявым характары няма славалюбства. Амбіцыі ёсць, але яны не планетарнага маштабу. Мяне забаўляе сітуацыя, калі людзі на пустым месцы выпінаюцца, каб нечага дасягнуць.

— Калі б не знакавыя сустрэчы з Собалем і Раінчыкам, чым бы вы займаліся ў жыцці?

— З 11 гадоў я стала займацца веласпортам і паказвала дастаткова добрыя вынікі. І, відаць, я магла б зрабіць кар’еру ў прафесійным спорце. Мне гэта падабалася, але ў той час музыка ўзяла верх.

— Двары 90-х немагчыма ўявіць без спеваў пад гітару…

— Я самастойна навучылася іграць на гітары, і ўсім вельмі падабалася, калі я спявала. Я ўвогуле без гітары на вуліцу не выходзіла. Нават прахожыя спыняліся, слухалі і апладзіравалі. Рэпертуар быў надзвычай шырокі: ад “блатных” песень да класікі рускага рока. Спявала нават песні Уітні Хьюстан (канечне, не пад гітару).

Я ўдзячна лёсу, што ў маім жыцці сустрэлася многа прафесійных мудрых людзей, якія ўбачылі ўва мне нешта цікавае і дапамаглі ў маім станаўленні.

— Вікторыя, колькі вы працавалі ў “Верасах”?

— З Васілём Раінчыкам я працавала 10 гадоў, а потым зразумела, што трэба выходзіць з-пад яго крыла.

Я не ведала свайго роднага бацьку, і Васіль Пятровіч фактычна стаў для мяне творчым татам. Мы вельмі шмат часу бавілі разам. Нават калі я не ўдзельнічала ў канцэрце, ён браў мяне з сабой. З-за гэтага мяне многія сталі лічыць яго дачкой, а некаторым нават здавалася, што мы нечым падобныя. Мы смяяліся з гэтага і пакідалі ўсё без каментарыяў.

“Верасовая” школа для мяне была вельмі важнай. Тут я навучылася трымацца на сцэне і прыгожа выглядаць. Раінчык прывёў мяне ў патрэбныя месцы, дзе мяне навучылі ўсяму (я нават вучылася ў мадэльным агенцтве): і хадзіць на абцасах, і правільна карыстацца касметыкай. З 17-гадовага ўзросту і да гэтага часу я працую ў Мала-дзёжным тэатры эстрады.

— Ці плануеце нейкім чынам адсвяткаваць 20-гадовы юбілей на сцэне тэатра?

— Мне б не хацелася проста выйсці і праспяваць пад інструментальны банд. Безумоўна, як кожнаму артысту, хочацца зрабіць шоу. Каб людзі радаваліся, разумеючы, што беларуская эстрада — гэта не усё так сумна, як многім здаецца. Нашы артысты вельмі таленавітыя, але ўсё ўпіраецца ў памеры нашай краіны і магчымасці рэалізацыі маштабных праектаў. Нават калі знойдзецца мецэнат, гатовы ўкласці грошы ў цікавы канцэртны праект, ён павінен будзе зразумець, што яго ўкладанні не вернуцца, гэта проста дабрачынная дапамога…

У нас вельмі якасная музычная прадукцыя, ёсць добрыя кампазітары і аранжыроўшчыкі, артысты прывозяць музычны матэрыял з Расіі і Украіны. Але максімум, што мы можам зрабіць ва ўмовах нашай маленькай краіны, — гэта выйсці на сцэну ў прыгожым касцюме і ўжывую праспяваць. У шоу-бізнесе ёсць многа правіл, якія ва ўмовах малой тэрыторыі і невялікай колькасці насельніцтва проста не могуць працаваць.

У мяне быў адзін выпадак з добра знаёмай нашай публіцы групай “Аўра”. У недалёкім мінулым я па радыё чула шмат цікавых песень, якія, як аказалася, выконвала менавіта гэтая група. Я была шчыра здзіўлена, бо не сумнявалася, што гэта замежны прадукт.

Неяк, прыехаўшы на адзін маскоўскі карпаратыў, я пяць разоў спявала сваю песню “За цябе”, якую напісалі Генадзь Маркевіч і Вольга Плотнікава. Можа, калі б гэтая песня выйшла не ў Беларусі, яна мела б шансы стаць хітом.

— Магчыма, у нас не такая публіка?

— Публіка ўсюды аднолькавая, галоўнае — яе трэба зацікавіць. Пяць гадоў ужо як я памяняла напрамак творчасці. Я стала спяваць шансон, які, як аказалася, вельмі стасуецца з маім тэмбрам. Любы артыст шукае свой твар у творчасці, і я, нарэшце, знайшла сябе, свайго гледача і сваю публіку.

І мне вельмі не падабаецца, калі нехта атаясамлівае шансон — гарадскі раманс — з турэмнай лірыкай. Гэта абсалютна розныя рэчы. Шансон — гэта Шарль Азнавур, Патрысія Каас і многія іншыя спевакі, у першую чаргу Францыі, а таксама і іншых краін. Менавіта 90-я гады пераблыталі ўсё ў разуменні гэтага напрамку.

Хаця, скажу, што нашы слухачы ўсё ж адрозніваюцца. У мяне ў рэпертуары ёсць адна песня, якая карыстаецца папулярнасцю ў слухачоў. Неяк мне патэлефанаваў Герман Цітоў і прапанаваў песню: “Віка, песня на 100% твая!” Так мы запісалі песню “Успокойтесь, мужчина!”, на якую чамусьці многія мужчыны крыўдзяцца, успрымаючы яе як абразу ў свой адрас. Дзіўна, што, калі на сцэну выходзіць Лаліта і спявае “Пошлю его на… небо за звездочкой”, усе ў захапленні пляскаюць у далоні.

Нашай публіцы патрэбна розная музыка. І не трэба яе заганяць у пэўныя рамкі. Канечне, падчас карпаратыву і на канцэрце ўспрыманне рознае, але ўсюды павінны гучаць розныя песні.

Ніхто не павінен успрымаць тое, што гучыць са сцэны, у свой адрас. Я артыст, паяц, які можа блюзнерыць на сцэне і рабіць што заўгодна, ствараючы шоу.

— У адным з інтэрв’ю вы расказвалі пра нечаканую сустрэчу з Тота Кутунья. Як вы з ім пазнаёміліся?

— Знаёмствам гэта можна назваць з вялікай нацяжкай. У 2001 годзе я прымала ўдзел у фестывалі “Залаты шлягер” у Магілёве. Мы павінны былі спяваць песню “Любви прощальный бал”. За раялем быў сам Васіль Раінчык, разам з намі на сцэне — народны артыст Малдовы Канстанцін Масковіч з наем. Пасля нас на сцэну павінен быў выйсці Тота Кутунья. Пасля рэпетыцыі, спускаючыся са сцэны, я сутыкнулася з ім твар у твар. “Вellissimo angelo!” — прамовіў у мой адрас італьянскі спявак, і журналісты, якія прысутнічалі падчас рэпетыцыі, адразу падхапілі і панеслі гэтыя словы на старонкі сваіх газет. Сапраўды, вельмі прыемна, калі майстры сцэны планетарнага маштабу звяртаюць на цябе ўвагу і станоўча ацэньваюць тваю творчасць.

— Як вы бавіце вольны час?

— Па-рознаму. Люблю сваіх сяброў. Іх у мяне нямнога, але, калі збіраемся, нашы сустрэчы праходзяць вельмі душэўна. І гэта для мяне сапраўдны адпачынак: не паехаць на мора і смажыцца на пяску, а адпачываць душой, калі побач са мной блізкія людзі.

— Як у вас зараз са спортам?

— З веласіпедам нанова пасябраваць не атрымліваецца, але ў мяне ёсць ролікавыя канькі. Мы з сяброўкай час ад часу выязджаем пакатацца, але гэта бывае вельмі рэдка.

Я люблю горныя лыжы і стараюся хаця б раз у год выбрацца пакатацца. Нягледзячы на тое, што ў нас таксама ёсць гарналыжныя трасы, Сілічы для нас ужо не тое… Хаця станавілася на лыжы я вельмі цяжка, напачатку нават думала, што ніколі не паеду, бо мне было вельмі страшна. Я не баюся ні вышыні, ні хуткасці, але лыжы выклікалі паніку. Аднак мне пашанцавала з інструктарам. Я надзвычай хутка асвоіла тэхніку, і зараз людзі кажуць, што гэта крута. Для мяне галоўнае, што гэта хутка і здорава.

Фітнес-клубы я не наведваю, бо пабудаваць нейкую стабільную сістэму не атрымліваецца з-за канцэртнага графіка. Затое за апошнія некалькі месяцаў прывучыла сябе кожную раніцу рабіць зарадку. І няважна, дзе я знаходжуся: на гастролях ці дома. У праграме абавязкова планка, якую я стаю 2 хвіліны 10 секунд, адціскаюся я ўжо 7 разоў, дзякуючы гімнастыцы, развіваю гнуткасць і ўжо зараз, нахіляючыся, свабодна дастаю далонямі да падлогі. І калі раптам прыходзіцца прапусціць зарадку з-за ранняга вылету ці па якіх іншых прычынах, ужо разумею, што мне яе не хапае.

Я дастаткова лёгкі на пад’ём чалавек. Неяк прымала ўдзел у праекце тэлеканала АНТ “Бітва гарадоў” у Ніцы. Удзельнічала там у лёгкіх конкурсах (да быкоў нас, дзяўчат, канечне, не пускалі). Падабаецца гуляць у валейбол, а вось бегавыя лыжы не люблю.

— Вы любіце лета?

— Гэта мая любімая пара. Люблю гарачыню і доўгі дзень. Сёлета, канечне, хочацца больш цяпла, але я ўжо пабывала ў леце: у канцы мая падарожнічала ў Камбоджу і В’етнам. Так што я адпачыла і зараз буду працаваць. У найбліжэйшых планах — работа ў журы Міжнароднага дзіцячага конкурсу ў рамках фестывалю “Славянскі базар”. Па маіх назіраннях (ды і не толькі па маіх), на гэты конкурс з’язджаюцца вельмі таленавітыя дзеці. Выбраць лепшага з лепшых надзвычай складана.

— Як думаеце, ці хутка настане той момант, калі вам захочацца перадаць свае веды пачынаючым артыстам?

— Мяне неаднаразова запрашалі выкладаць вакал, але я пакуль што не хачу гэтага. У мяне проста не хапае вытрымкі. Я чалавек рэзкі, і мне хочацца ўсё і адразу. Калі побач са мной чалавек, які доўга не можа зразумець, што я хачу, мяне гэта раздражняе. Я не магу некалькі разоў тлумачыць адно і тое ж. Да педагога я не дарасла ў эмацыянальным плане. Гэта можа ста ць вялікай праблемай і для мяне, і для маіх патэнцыяльных вучняў.

— Ці праглядаеце відэазапісы сваіх выступленняў?

— Канечне, але зараз гляджу на ўсё не настолькі крытычна. Раней як было? Глядзела і думала: столькі касякоў, мінусаў і нюансаў… Зараз самакрытыкі стала менш, але не з-за зніжэння патрабаванняў да сябе. Навошта сябе заганяць у нейкія рамкі? Калі ты сябе не любіш, як цябе палюбяць гледачы?

— Што вы яшчэ не зрабілі і чаго хочаце дасягнуць?

— Я шмат чаго яшчэ не зрабіла. Атрыманне звання заслужанай артысткі Беларусі не дало заспакаення. Гэта, канечне, асаблівы гонар і адказнасць, пацвярджэнне таго, што я выбрала правільны шлях, а людзі, якія мяне калісьці падтрымалі і падтрымліваюць да гэтага часу, зрабілі правільны выбар. Але ў той жа час стымул для таго, каб рухацца далей: вышэй і наперад. Запісваць новыя песні і працаваць над сабой.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Вікторыі АЛЕШКА.