Вынаходніцтва з карысцю

- 11:12Навіны рэгіёнаў

84 распрацоўкі былі прадстаўлены на ХV Абласным злёце вынаходнікаў і рацыяналізатараў, які арганізаваў Гродзенскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці. Удзел у мерапрыемстве прынялі каманды з 19 прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Конкурс праходзіў у некалькіх катэгорыях: “Свет адкрыццяў” (намінацыі “Машынабудаванне”, “Прыборабудаванне”, “Электроніка і сувязь”, “Сельская гаспадарка”), “Эканомія энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў”, “Лепшы сродак навучання”.

— У Год навукі мы арыентавалі ўдзельнікаў злёту на тое, каб прадстаўленыя імі вынаходкі мелі не толькі інавацыйны характар, але і знаходзілі практычнае прымяненне, — гаворыць дырэктар Цэнтра тэхнічнай творчасці Іван Дашкевіч. — Так, дыпломамі першай ступені адзначаны распрацоўкі, якія прадставіў Гродзенскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж імя І.Шчаснага і якія выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе, — гэта вучэбна-лабараторны стэнд “Тэльфер” і вучэбна-лабараторны стэнд па энергазберажэнні.

Толькі ў конкурсе “Свет адкрыццяў” навучэнцы і майстры вытворчага навучання каледжа прадставілі сем распрацовак. Таксама дыпломам першай ступені адзначаны майстар вытворчага навучання каледжа С.М.Самойла за распрацоўку міні-трактара “Карміцель-GRASSHOPPER”.

Лепшымі таксама прызнаны 3D-прынтар (Скідзельскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй), станок для рэзкі пластычных матэрыялаў (Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй), багі (Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй). Дыпломам І ступені быў адзначаны і адукацыйны партал Avtolk.by Лідскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.