Віртуальны кабінет па суправаджэнні дзяцей ранняга ўзросту створаны ў Горках

- 12:17Новости

Як арганізаваць міжведамаснае ўзаемадзеянне спецыялістаў ЦКРНіР і медыцынскіх работнікаў, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар ЦКРНіР Горак Вольга Цыркунова.

На афіцыйным сайце ЦКРНіР Горак створаны віртуальны кабінет міжведамаснай каманды спецыялістаў па бесперапынным суправаджэнні дзяцей ранняга ўзросту. У яго склад увайшлі спецыялісты Горацкай цэнтральнай раённай бальніцы, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ЦКРНіР. Для спрошчанага доступу да кабінета распрацаваны QR-коды.

Віртуальны кабінет уключае наступныя раздзелы:

  1. “Каманда спецыялістаў”, дзе размешчана агульная інфармацыя аб віртуальным кабінеце, звесткі аб камандзе спецыялістаў, да якіх можна звярнуцца па кансультацыю, спасылкі на афіцыйныя сайты ўстаноў.
  2. “Тэсты”, дзе прадстаўлены матэрыялы медыцынскіх і педагагічных работнікаў.
  3. “Развіццёвыя гульні” з варыянтамі інтэрактыўных і дыдактычных гульняў.
  4. “Кансультацыі спецыялістаў: карысныя матэрыялы ў дапамогу бацькам”.
  5. “Медыятэка”, якая ўключае ў сябе кнігі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі, гуказапісы і камп’ютарныя прэзентацыі, аўтарскія відэаматэрыялы спецыялістаў па арганізацыі заняткаў з дзецьмі дома.
  6. “Электронны запіс на кансультацыйны прыём да спецыялістаў” у вочным рэжыме.
  7. “Анлайн-кансультацыя”.
  8. “Індывідуальныя анлайн-заняткі”.

Найбольш запатрабаванымі ў бацькоў з’яўляюцца раздзелы “Электронны запіс на кансультацыйны прыём да спецыялістаў” у вочным рэжыме і “Анлайн-кансультацыя спецыяліста”. Звесткі аб электронных запытах і зваротах адпраўляюцца на электронную пошту адказнага спецыяліста, які ўзгадняе графік анлайн-кансультацый і накіроўвае інфармацыю аднаму з бацькоў па электроннай пошце ці нумары тэлефона. Можна запісацца на прыём да спецыяліста або групы спецыялістаў і ў вочным рэжыме.

— У 2023 годзе названымі паслугамі скарысталіся 37 бацькоў. 16 з іх прайшлі электронны запіс на кансультацыйны прыём да спецыялістаў у вочным рэжыме, 21 атрымаў анлайн-кансультацыю, — падкрэсліла Вольга Леанідаўна. — У параўнанні з 2022 годам колькасць бацькоў, якія звярнуліся да спецыялістаў, павялічылася. Таксама мамы і таты ўнеслі прапановы аб пашырэнні кола спецыялістаў, якія аказваюць кансультацыйную дапамогу (юрыст, медсястра па масажы) у рамках віртуальнага кабінета міжведамаснай каманды спецыялістаў па аказанні ранняй комплекснай дапамогі.

Надзея ЦЕРАХАВА