Любоў Валянцінаўна Гаталюк працуе майстрам вытворчага навучання ў Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў ужо больш за 40 гадоў.
За гэты час яна падрыхтавала тысячы рабочых для будаўнічай галіны. Яе выхаванцы, выпускнікі базавай школы, якія выбралі прафесіі будаўніцтва, працуюць амаль ва ўсіх арганізацыях будаўнічай галіны Брэста і рэгіёна. Час няўмольна бяжыць наперад, і разам з ім мяняюцца будаўнічыя тэхналогіі, абсталяванне, з’яўляюцца новыя, больш эфектыўныя формы і метады навучання будаўнікоў. Мяняецца і моладзь. Яна крэатыўная, мэтанакіраваная, добра валодае сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.
— Таму нам, педагогам, нельга адставаць ад сённяшніх патрабаванняў, а трэба імкнуцца ўдасканальваць сваё педагагічнае майстэрства, вучыцца самім і вучыць іншых па-новаму, — адзначыла Любоў Валянцінаўна. — Таму я імкнуся да інавацый у адукацыйнай сферы і ў галіне будаўніцтва, я ў курсе сучасных патрабаванняў, выкарыстоўваю сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў час падрыхтоўкі навучэнцаў, на ўроку вытворчага навучання, каб зрабіць урок цікавым і эфектыўным, даступным і захапляльным.
Любоў Валянцінаўна робіць ухіл на практычнае навучанне, інакш у будаўнічай справе якасна работу не выканаеш. Калі пачаўся рух WorldSkills, Любоў Валянцінаўна ўспрыняла яго як яшчэ адзін крок у якаснай падрыхтоўцы кадраў. У кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы” яна выступае экспертам для свайго выпускніка Мікіты Карпіевіча, які цяпер працуе ў будаўнічай арганізацыі “Брэстжылбуд”.
— Я Мікіту запрыкмеціла яшчэ з таго часу, як ён прыйшоў вучыцца ў ліцэй, — расказала Любоў Валянцінаўна. — Ён адразу праявіў дапытлівасць, стараннасць і працавітасць. Мог доўгі час засвойваць той ці іншы прыём у малярнай справе і тынкаванні, каб добра набіць руку. Мне вельмі спадабалася яго імкненне ўдасканальваць прафесійнае майстэрства. У нашай прафесіі гэта вельмі важна: хоць мы і працуем з паверхнямі, але ж глыбіня прафесійных якасцей тут вельмі неабходна.
У гэтай кампетэнцыі канкурсантаў чакаў цэлы шэраг заданняў, якія трэба было выканаць падчас конкурсу. Гэта былі абклейванне шпалерамі, сценапіс (выкананне фрэскі), афарбоўка дзвярэй і інш. Удзельнік павінен самастойна выканаць падрыхтоўку паверхняў пад афарбоўку, падрыхтоўку і паклейку шпалераў, нанесці малюнак, умець змяшаць колеры для афарбоўкі, нанесці геаметрычныя фігуры, падрыхтаваць і афарбаваць дзверы з выкарыстаннем апарата для пнеўматычнага распылення фарбы. Такім чынам, удзельнік павінен прадэманстраваць навыкі абклейвання, грунтавання, афарбоўкі, шпаклявання, нанясення малюнка, разметкі, прадэманстраваць вобразнае мысленне, творчы запал, а таксама ўмела прымяняць вымяральны інструмент і інструмент для малярных і дэкаратыўных работ. У рабоце Мікіты быў, як кажуць, увекавечаны вобраз знакамітага брэсцкага ліхтаршчыка В.П.Кірысюка.
Кожнаму ўдзельніку прадастаўлены імправізаваны пакой — П-падобны ізаляваны стэнд, які складаецца з трох плоскасцей (сцен). Вуглы паміж плоскасцямі могуць вар’іравацца ад 90 да 130 градусаў у залежнасці ад плошчы, выдзеленай пад рабочую пляцоўку. Сцяна А прызначана для абклейвання шпалерамі і ўстаноўкі афарбаваных дзвярэй. Сцяна B прызначана для выканання фрэскі з выкарыстаннем трафарэта (або без яго) і абклейвання шпалерамі. Сцяна C прызначана для нанясення малюнка на хуткасць. Агульны час, адведзены на выкананне задання, складаў 16 гадзін.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.