Віцебск гатовы да правядзення творчага форуму

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

У Віцебскім аблвыканкаме прайшла нарада па падрыхтоўцы да правядзення “Славянскага базару” з удзелам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі.

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў расказаў, што падрыхтоўка да фестывалю выходзіць на фінішную прамую. Значных праблем няма, засталіся невялікія штрыхі. “Гэты юбілейны фестывальны год павінен увайсці ў гісторыю”, — адзначыў губернатар.

Генеральны дырэктар цэнтра культуры “Віцебск” дырэктар фестывалю мастацтваў Глеб Лапіцкі расказаў, што арганізацыйныя пытанні вырашаны, артысты з афіш пацвердзілі свой удзе­л. На сёння рэалізавана 26,3 тысячы білетаў (52 працэнты ад усёй колькасці). Паводле слоў кіраўніка дырэкцыі форуму, у гэтым годзе будзе дзевяць вялікіх праектаў у Летнім амфітэатры. Нядаўна завезлі сцэнічнае абсталяванне, пачаўся яго мантаж. Таксама з’явіцца сцэнічная пляцоўка на прагулачным цеплаходзе.

Гасцей будуць абслугоўваць больш за 100 летніх кафэ і 30 аб’ектаў грамадскага харчавання. Старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Арлоў падкрэсліў, што гарадскія камунальныя службы, транспарт, гасцініцы і іншыя сферы гатовы да творчага форуму. Да фестывалю маюць намер ад­крыць абноўлены ўчастак вуліцы Гагарына. “Зроблена 2,2 км, застаецца 1 км, але да “Славянскага базару” работы бу­дуць завершаны”, — сказаў кіраўнік горада. Ён таксама звярнуў увагу, што ў час рамонту дарогі рух транспарту не спыняўся.

Размаўляючы з журналістамі, Ігар Сергяенка адзначыў, што ў яго склалася пазітыўнае ўражанне ад праграмы і планаў па правядзенні форуму. “Фестываль у гэтым годзе асаблівы, паколькі ён юбілейны. Нягледзячы на спробы яго не заўважаць або прымяншаць значэнне, “Славянскі базар” будзе жыць і развівацца. Службы горада гатовы да форуму, літаральна праз тыдзень атмасфера ў горадзе будзе святочная”, — сказаў ён.

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 15 па 18 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 14 і 19 ліпеня. Чырвонай ніткай у канцэртах фестывалю будуць прахо­дзіць тэмы Года народнага адзінства,
30-годдзя творчага форуму і СНД. Журы дарослага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, дзіцячага — спявак Філіп Жмахер (Сербія). На “Славянскі базар” прыедуць прадстаўнікі 33 краін і каля 5 тысяч артыстаў. Для пашырэння аўдыторыі гледачоў прадугледжаны бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю з 73 дзяржаў. Першы замежны глядач 5 ліпеня ўехаў у Беларусь з Латвіі.

16—17 ліпеня на юбілейным форуме мастацтваў “Славянскі базар” традыцыйныя дні моладзі пройдуць у новым фармаце, гэтым разам гэта будзе фестываль маладзёжнай творчасці “Запальвае моладзь”.