“Воблачныя” перспектывы

XXI стагоддзе — стагоддзе высокіх тэхналогій і масавай камунікацыі. За апошнія 20 гадоў камп’ютарныя тэхналогіі зрабілі велізарны рывок у сваім развіцці. Адзін з новых сэрвісаў, які дорыць неверагодныя перспектывы, — воблачныя тэхналогіі. Гэтыя перспектывы адкрыты і нам, педагогам.

Выкарыстанне воблачных тэхналогій, зручныя сэрвісы па захоўванні і апрацоўцы даных актыўна засвойваюць кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці. Зручным інструментам для правядзення вэбінараў, дыстанцыйных семінараў і майстар-класаў сталі шэсць абласных рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій і арганізаваныя ў студзені 2017 года на іх базе віртуальныя лабараторыі “Кіраванне”. Ідэя іх стварэння належыць Мінскаму абласному ІРА.

Актуальная “воблачная” тэма аб’яднала 98 дырэктараў і намеснікаў дырэктараў школ Жодзіна, Смалявіцкага, Чэрвеньскага раёнаў Міншчыны на вэбінары “Выкарыстанне воблачных інтэрнэт-тэхналогій пры арганізацыі адукацыйнага працэсу”. А той факт, што гэтыя пытанні хвалююць не толькі беларускіх педагогаў, пацвярджаецца падключэннем да вэбінара расійскіх калег з Валагодскай вобласці.

Дыяпазон пытанняў, што абмяркоўваліся на вэбінары, быў шырокі. Настаўнікі з Жодзіна Аксана Аляксандраўна Зашчэпка і Аксана Анатольеўна Кузьмічова прадставілі вопыт работы па выкарыстанні сэрвісу LearningApps.org у навучанні. Сэрвіс дазваляе зручна і лёгка ствараць электронныя інтэрактыўныя практыкаванні для навучэнцаў. Пры жаданні любы настаўнік, які мае мінімальныя навыкі работы з інфармацыйнымі тэхналогіямі, можа стварыць свой вучэбны рэсурс — практыкаванні для тлумачэння новага матэрыялу, замацавання і кантролю ведаў на ўроку.

У работу метадычных аб’яднанняў настаўнікаў вобласці таксама ўкараняюцца сучасныя тэхналогіі. Вопытам прымянення тэхналогіі Web 2.0 падзялілася настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Жодзіна Ірына Іванаўна Бароўская. Цікавая практыка выкарыстання гэтай жа тэхналогіі ў Пліскай сярэдняй школе імя У.А.Мікуліча Смалявіцкага раёна, дзе ёсць уласнае інтэрнэт-ТБ. Школьнікі сельскай школы ствараюць праграму “Мясцовыя навіны”, пазнавальныя перадачы і нават перакладаюць англамоўныя навукова-папулярныя ролікі.

Сацыяльныя сеткі таксама могуць выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе. З упэўненасцю пра гэта гаварыў Ігар Міхайлавіч Шацаў, настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Смалявіч, чые вучні вывучаюць “жывую” англійскую мову з выкарыстаннем сацыяльных сетак і розных сайтаў, накіраваных на дапамогу ў вывучэнні і правільным вымаўленні замежных слоў. Прагляд навучэнцамі фільмаў і мультфільмаў на англійскай мове з субцітрамі, гульні, музыка з тэкстамі песень спрыяюць лепшаму засваенню мовы. Прыёмамі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме сеткавага анлайн-узаемадзеяння падзялілася з удзельнікамі вэбінара настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 імя У.А.Караля Чэрвеня Наталля Уладзіміраўна Камінская.

Сучасныя дзеці — гэта дзеці мультымедыйных тэхналогій, яны вучацца і сталеюць шмат у чым з дапамогай інтэрнэту. У сувязі з гэтым немалаважнае значэнне набывае фарміраванне ў іх уменняў праверкі дакладнасці інфармацыі ў інтэрнэце і крытычнай ацэнкі сайтаў. Пра гэта вяла размову з удзельнікамі вэбінара Эла Мікалаеўна Якубоўская, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна.

Выкарыстанне воблачных тэхналогій у адукацыі — гэта электронныя дзённікі і журналы, асабістыя кабінеты для вучняў і выкладчыкаў, інтэрактыўная прыёмная і тэматычныя форумы. Кампетэнтна і пераканана расказваў пра гэта Руслан Мікалаевіч Мазоль, дырэктар сярэдняй школы № 9 Жодзіна, а прыклады з практыкі прадставіла настаўніца Смалявіцкай раённай гімназіі Людміла Леанідаўна Анісімава. У гімназіі ўжо трэці год выкарыстоўваецца электронны журнал і дзённік. Пераход ад папяровага варыянта да электроннага атрымаў адабрэнне і ў дзяцей, і ў дарослых.

Прымяненне воблачных тэхналогій у працэсе навучання з’яўляецца адной з самых перспектыўных інавацый у сістэме адукацыі. Яны дазваляюць ствараць, распаўсюджваць і выкарыстоўваць у адукацыйным асяроддзі сэрвісы, якія змогуць забяспечваць якасць адукацыі. Словам, да сустрэчы ў “аблоках”.

Ірына ШУЛЬГІНА,
начальнік вучэбна-метадычнага аддзела кіруючых кадраў Мінскага абласнога ІРА.