Ксеніі Чурсіной 15 гадоў, яна вучыцца ў 10 класе сярэдняй школы № 40 Віцебска і на сёлетнім чэмпіянаце свету сярод дзяўчат і юніёрак па пажарна-выратавальным спорце заваявала чатыры медалі. Мы пагутарылі з дзяўчынай і яе трэнерам намеснікам начальніка ПАВЧ № 3 Віцебска Вячаславам Боскавым пра бацькоўскія страхі, настройванне падлеткаў і спакой перад стартамі.
Пажарна-выратавальны спорт нарадзіўся ў 1937 годзе, калі прайшлі першыя спаборніцтвы пажарнай аховы НКУС СССР. У праграме былі пад’ём па штурмавой лесвіцы і трохкаленнай лесвіцы ў вокны вучэбнай вежы, 100-метровая паласа з перашкодамі, эстафета 6´100 м з тушэннем вадкасці, якая гарыць, баявое разгортванне, спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, стральбе і гімнастыцы. Тры апошнія віды выключылі ў 1938 годзе. У Беларусі пажарны спорт развіваецца з 1947 года. Іван Васільевіч Шульга — першы чэмпіён свету з беларусаў. Ён стаў лепшым у 100-метровай паласе з перашкодамі ў 1973 годзе.
Уверх, як па прамой
Х чэмпіянат свету сярод юнакоў і юніёраў і VI чэмпіянат свету сярод дзяўчат і юніёрак праходзіў 9—15 жніўня ў Чакаўцы, Харватыя. З Віцебскай вобласці туды паехалі Ксенія Чурсіна і Ілья Грыгор’еў. Ілья стаў 5-м у пад’ёме па штурмавой лесвіцы і 6-м на 100-метровай паласе з перашкодамі. Ксенія ўзяла “серабро” ў пад’ёме па штурмавой лесвіцы (7,85 сек) і ў складзе зборнай заваявала бронзавыя медалі ў эстафеце, баявым разгортванні і агульнакамандным заліку.
— Я займаюся пажарна-выратавальным спортам з пачатку 2018 года, тады мне было 12, — расказвае дзяўчына. — Прыйшла за старэйшымі сёстрамі, якія вельмі дапамаглі адаптавацца. Да гэтага хадзіла на лёгкую атлетыку, бегала доўгія дыстанцыі. Было цяжка перайсці на спрынт, але, дзякуючы трэнеру, усё атрымалася. Яшчэ ў пачатку вельмі баялася падымацца па штурмавой лесвіцы. З часам прызвычаілася, цяпер, калі падымаюся, ні пра што не думаю, нічога не адчуваю. Успрымаю гэта як звычайны гладкі бег. Бацькі за мяне хвалююцца, я іх супакойваю, але здараюцца і непрыемныя сітуацыі. На чэмпіянаце Беларусі сярод жанчын я ледзь не ўпала са “штурмоўкі” ўніз, бацькі прасілі больш іх так не пужаць.
Ксенія трэніруецца штодзень, акрамя нядзелі. Прыходзіць, размінаецца, потым адпрацоўвае канкрэтныя віды (пад’ём па штурмавой лесвіцы ці
100-метровую паласу з перашкодамі), у канцы — АФП. Па часе гэта займае ад 2 да 4 гадзін. Перад чэмпіянатам свету дзяўчына трэніравалася ў Мінску на зборах. Хутка знайшла агульную мову з новым настаўнікам, тым больш ён сябруе з асноўным трэнерам Ксеніі Вячаславам Боскавым і пры неабходнасці ўдакладняў у таго асаблівасці падрыхтоўкі.
— Перад чэмпіянатам свету я не асабліва хвалявалася. Раней на спаборніцтвах адчувала страх, але зараз працую са спартыўнымі псіхолагамі, і мой эмацыянальны стан дазваляе выходзіць на старт спакойнай. На канкрэтнае месца сябе не настройвала, проста хацела паказаць вынік, які паказваю на трэніроўках, годна выступіць і, калі атрымаецца, трапіць у тройку.
“Нашы выхаванцы часцей за ўсё становяцца трэнерамі, настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя ці паступаюць ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. А выхаванкі прафесіі выбіраюць розныя, для іх спорт хутчэй хобі”.
Побач, хоць анлайн
Напэўна, толькі трэнеры хочуць перамогі для сваіх выхаванцаў больш, чым самі спартсмены. Спачатку гады трэніровак, потым розныя адборы і нарэшце выступленне на самых важных спаборніцтвах. Такі доўгі шлях павінен быць узнагароджаны.
— На зборы, дзе адбіралі будучых удзельнікаў чэмпіянату свету, трапілі чацвёра маіх выхаванцаў. У асноўны склад трапілі двое — Ксенія і Ілья, — расказвае Вячаслаў Боскаў. — Я ведаў, што выступяць яны добра. У Ксеніі была сур’ёзная матывацыя, бо яна самай юнай паехала на свой першы чэмпіянат свету ў 2019 годзе. Тады ёй не хапіла вопыту, але пасля вяртання мы разабралі ўсе памылкі, пачалі над імі працаваць. У наступным годзе Ксенія паставіла нацыянальны рэкорд у пад’ёме па штурмавой лесвіцы ў малодшай узроставай катэгорыі, выйграла на чэмпіянаце краіны. Хоць летась чэмпіянат свету не праходзіў, мы не расслабляліся, падтрымлівалі форму, удзельнічалі ва ўсіх магчымых спаборніцтвах. Зараз бачна: недарэмна. Акрамя індывідуальнага “серабра”, Ксенія магла атрымаць і залаты медаль у 100-метроўцы, але на фінішы ў яе адляцела гайка, таму спробу не залічылі. Ілья двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў пад’ёме па штурмавой лесвіцы, даказаў на зборах, што ён у добрай форме, але на чэмпіянаце яму не хапіла вопыту.
Вячаслаў Аляксандравіч не паехаў з выхаванцамі ў Харватыю, але сачыў за іх выступленнямі анлайн на YouTube-канале Firesport Belarus. Зараз там можна паглядзець выніковы ролік з чэмпіянату. Ён такі энергічны, якасны і натхняльны, што адразу хочацца ўбачыць падобныя спаборніцтвы ўжывую.
— Пасля таго як выхаванцы зробяць спробу, яны мне тэлефануюць, мы абмяркоўваем, што рабіць, я даю ім настаўленні. Дзіця, асабліва падлетка, трэба настройваць. Калі штосьці не атрымліваецца, спартсмены засмучаюцца, не могуць сабрацца, тут важна падабраць правільныя словы. Для гэтага трэнер павінен быць вопытным, павінен ведаць характар кожнага выхаванца.
Шлях на чэмпіянат свету выглядае так: гарадскія спаборніцтвы — абласныя — чэмпіянат Беларусі — прагляд у Мінску. Далей фарміруецца склад спартсменаў, якія будуць прадстаўляць краіну на міжнародных і матчавых сустрэчах, чэмпіянаце свету.
Трэніроўкі для спрынтараў
Секцыя пажарна-выратавальнага спорту працуе ў Віцебску на спартыўнай базе МНС. У ёй тры ўзроставыя групы: малодшая (12—13 гадоў), сярэдняя (14—15 гадоў) і старэйшая (16—17 гадоў). Трэніроўкі праходзяць штодзень, акрамя выхадных, 2 разы на дзень па 1,5—2 гадзіны. Ранішнія заняткі для тых, хто ходзіць у школу ў другую змену, вячэрнія — для тых, хто ў першую.
— Мы праводзім майстар-класы, спартландыі, прыходзім на ўрокі фізкультуры. Выбіраем сабе дзяцей і запрашаем з бацькамі да нас у манеж, дзе расказваем і паказваем, што гэта за від спорту. Чалавек, які ў яго прыходзіць, павінен быць трывалым, хуткім, мець гімнастычныя і акрабатычныя даныя, таму мы шукаем жвавых дзяцей, якія добра сябе паказваюць на кароткіх дыстанцыях, — гаворыць Вячаслаў Боскаў.
Трэніроўкі ў секцыі падобны да трэніровак па лёгкай атлетыцы для спрынтараў. Дзеці вучацца азам бегу на кароткія дыстанцыі і тэхнічным элементам: як схапіць рукавы, як прабегчы па бервяне, як далучыць рукаўную лінію і г.д. Таксама працуюць над агульнафізічнай падрыхтоўкай.
— З малодшай групай мы тэхнічныя элементы не чапаем. Спачатку дзяцей трэба ўмацаваць, навучыць правільна выконваць практыкаванні, размінку. Потым пакрысе ўводзіць снарады, назіраць, што атрымліваецца, што — не. Цяжэй за ўсё выхаванцам даюцца злучэнне разгалінавання і хват рукавоў. Гэта робіцца на высокай хуткасці, патрабуе дакладнасці, сабранасці і не дапускае памылак, бо, калі ты памыліўся, спробу не залічаць.
Па меркаванні Вячаслава Аляксандравіча, поспех спартсмена залежыць ад яго ўзаемадзеяння з трэнерам. Калі яны давяраюць адно аднаму, калі разумеюць, што робяць і навошта, калі шчыра пытаюцца, як у каго справы, тады будзе вынік. У віцебскага трэнера такое стаўленне да сваіх выхаванцаў абсалютна шчырае. Напэўна, гэта яшчэ адзін важны складнік поспеху.
У спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце ўваходзяць:
• пад’ём па штурмавой лесвіцы. Спартсмен з лесвіцай у руках па сігнале бяжыць да вучэбнай вежы і падымаецца на яе любым спосабам. Галоўнае — не перашкаджаць іншым;
• 100-метровая паласа з перашкодамі. Удзельнік пераадольвае плот, бярэ рукавы, прабягае па бервяне (буме), злучае рукавы паміж сабой, бяжыць да разгалінавання, далучае да яго рукаўную лінію і пракладвае яе;
• дваябор’е. Уключае дысцыпліны, апісаныя вышэй;
• эстафета 4´100 метраў. Замест эстафетнай палачкі — пажарны ствол. На першым этапе спартсмен падымаецца на дах доміка па штурмавой лесвіцы, саскоквае на бегавую дарожку за абмежавальную лінію і датыкаецца да пляцоўкі. На другім этапе трэба пераадолець плот, у гэты час у блясе падпальваецца вадкасць. На трэцім этапе спартсмен бярэ рукавы, прабягае па бервяне, далучае да разгалівання рукаўную лінію і пракладвае яе. Апошні спартсмен падбягае да вогнетушыцеля, нясе яго да бляхі і тушыць вадкасць;
• баявое разгортванне. Удзельнікі дабягаюць да шчыта, дзе складзена пажарна-тэхнічнае ўзбраенне. Злучаюць магістральную лінію з мотапомпай і разгалінаваннем, пракладваюць дзве рабочыя лініі па адным рукаве. Ствольшчыкі становяцца за 45 м ад цэнтра шчыта, іншыя ўдзельнікі адначасова далучаюць усмоктвальны рукаў да заборнай сеткі і мотапомпы. Мотапомпа запускаецца, вада забіраецца з рэзервуара і падаецца па рукаўных лініях. Ствольшчыкі павінны напоўніць ёмістасці дзвюх мішэней па 10 літраў.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва К.Чурсіной.