У 5 гадоў яна ўпершыню выйшла на сцэну, у 6 — спявала з аркестрам Михаіла Фінберга і атрымала прыз сімпатый гледачоў на тэлефестывалі “Усе мы родам з дзяцінства”, у 7— выступала на “Славянскім базары ў Віцебску”, у 8 — заваявала тытул “Першая віцэ-міні-міс-Свету”, у 10 — прадставіла Беларусь на “Дзіцячым Еўрабачанні” і стала тэлевядучай. Сённяшняя госця праекта “Мая школа” — уладальніца трох гранд-прэмій і лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, спявачка і вядучая тэлеканала “Беларусь-3” Вольга САЦЮК.
— Вольга, з чым для вас асацыіруецца слова “школа”?
— Як бы банальна гэта ні гучала, найперш гэта звычайная беларуская школа ў маім родным горадзе Кобрыне, дзе я вучылася да 8 класа. І, канечне, са словам “школа” ў мяне асацыіруюцца заняткі ў кобрынскім Доме творчасці юных, якія пастаянна ішлі паралельна са звычайнай школай. Калі абагульняць, то школа для мяне асацыіруецца з маім родным Кобрынам. У галаве ўзнікаюць карцінкі тых месцаў, дзе я вучылася, і твары людзей, якія мяне вучылі.
У 5-й школе, якая зараз ужо стала гімназіяй, маёй першай настаўніцай была Алена Мікалаеўна Швайчук. Вельмі добра памятаю дырэктара Мікалая Васільевіча Аляхновіча, які кіруе навучальнай установай да гэтага часу, і педагога па вакале Ірыну Кузьмінічну Чырун. Яркія моманты ў маім дзіцячым жыцці звязаны менавіта з гэтымі людзьмі.
— Зразумела, што вы памятаеце першую настаўніцу і першага педагога па вакале. А чым так запомніўся Мікалай Васільевіч?
— Дырэктар школы выкладаў фізіку, а я не вельмі разумела гэты прадмет. Да таго ж калі мы пачалі вывучаць яго, я была рэдкім госцем на ўроках — амаль увесь час займала творчая дзейнасць і гастролі. Тады я не заўсёды разумела гумар нашага настаўніка — любыя яго падначванні я ўспрымала ў штыкі, а зараз разумею, што было і цікава, і весела.
Мне трэба, каб усё было ідэальна па ўсіх пазіцыях: калі я прыходзіла на ўрокі (а імкнулася гэта рабіць, як толькі вярталася ў горад), заўсёды як след рыхтавалася і рабіла дамашняе заданне — мне было сорамна прыходзіць на ўрок непадрыхтаванай.
Калі я прыходзіла ў школу, і ў той дзень у раскладзе была фізіка, я заўсёды адказвала ля дошкі. Таму ў класе вельмі любілі, калі я прысутнічала на фізіцы: гэта азначала, што за ўсіх аддувацца буду я. (Смяецца.) Тады я вельмі здзіўлялася, як настаўнік адным пытаннем даведваўся, што я не разумела, пра што расказвала. (Смяецца.)
На ўроках фізікі ў мяне вельмі добра пісаліся тэксты. Увогуле, лічу, што творчы чалавек павінен быць творчым ва ўсім. Мае канспекты па фізіцы былі ўзорнымі: акуратным почыркам (нягледзячы на тое, што я ляўша) напісаны ўсе правілы і формулы і зроблены каляровыя малюнкі. Яшчэ ўзорнымі былі канспекты па хіміі. Мне падабалася хімія шмат у чым, таму што ў нас быў цудоўны настаўнік Мікалай Мікалаевіч.
Што да маёй педантычнасці, яна праяўлялася не толькі ў адносінах да фізікі. У мяне былі цудоўныя чытацкія дзённікі па беларускай і рускай літаратуры (пры тым што ніхто мяне не прымушаў гэтага рабіць), і ва ўніверсітэце культуры ў мяне здарылася трагедыя: пасля здачы экзамену па літаратуры я некаму аддала пакарыстацца маім дзённікам, і мне яго не вярнулі. Мяне ніхто гэтаму не вучыў, але пасля азнаямлення з біяграфіяй пісьменніка я ўспрымала мастацкі твор зусім у іншым святле.
У 5-й школе таксама вучылася мая старэйшая сястра Насця. Мы абедзве былі актыўнымі ўдзельніцамі школьнай самадзейнасці, тым больш што я спявала ледзь не на ўсіх школьных святах, калі гэта было неабходна, а сястра была вядучай. Акрамя таго, Насця была актыўным членам каманд КВЗ і “Што? Дзе? Калі?”, займалася танцамі і пісала вершы. Калі дадаць, што гэтую ж школу скончыў і мой тата — Алег Віктаравіч, то зразумела, што на школьную дынастыю Сацюк звярталі ўвагу.
— Ці часта зараз, прыязджаючы дадому, наведваеце школу?
— Справа ў тым, што бацькі жывуць якраз насупраць маёй школы. І для мяне больш родных мясцін, чым гэтыя, не было і ніколі не будзе. Там прайшло маё дзяцінства, і там да гэтага часу працуюць настаўнікі, якія мяне вучылі.
— Наколькі я ведаю, у вашай сям’і няма прафесійных музыкантаў.
— Не было да таго моманту, пакуль я не атрымала дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”. Але наша сям’я заўсёды была вельмі музычная па духу. Маці — матэматык, а тата — біёлаг, але ў маладосці яны актыўна займаліся музыкай на аматарскім узроўні. Нядаўна на некалькі дзён я прыязджала ў Кобрын, мы пераглядалі відэазапісы 80—90-х гадоў, дзе бацькі выступаюць у складзе гомельскага студэнцкага трыа “Талісман”, а пасля — у складзе ансамбля народнай музыкі “Скарб”гастралююць па Еўропе.
Да сённяшняга часу бацька іграе на скрыпцы і з’яўляецца ўдзельнікам народнага клуба аматараў фальклору “Магдаліна” і народнага ансамбля песні і музыкі “Зараніца”. Маці з дзіцячых гадоў спявала, іграла на фартэпіяна, пісала песні, а ў апошні час з’яўлялася дырэктарам Рэспубліканскага фестывалю інклюзіўнай творчасці “Пад крыламі Арыёна”.Відаць, таму і я неабыякавая да музыкі.
— З якога ўзросту вы пачалі займацца вакалам?
— Некаторыя мае сваякі ўпэўнены, што спяваць я пачала раней, чым гаварыць. (Смяецца.) Першае маё выступленне на сцэне адбылося, калі мне было менш за 5 гадоў, у канцэрце на Кобрынскай прадзільна-ткацкай фабрыцы “Ручайка”. Спявала я рускую народную песню “Это было в деревне Альховке”, а фанаграму да нумара запісаў мой тата. Тады нейкі мужчына пасля майго выступлення выйшаў на сцэну і ўручыў мне букет цюльпанаў і пакет цукерак.
Усе сцэнічныя касцюмы мне шыла маці, а старэйшая сястра Насця прыдумляла дызайн. Напэўна, тады ў ёй прачнулася цікавасць да дызайну адзення, якую яна трансфармавала ў прафесію праз дзесяць гадоў.
На маім першым выступленні я была як лялька (у дзяцінстве была зусім маленькая), на мне быў саламяны какошнік, прыгожая сукенка і хустачка на гумцы на пальчыку, каб можна было размахваць ім у час песні. А лапцікі на мае ножкі з тоўстых-тоўстых нітак вязала бабуля. А пасля таго, як пачаліся гастролі, я ў літаральным сэнсе стаптала не адну пару тых лапцей. Зараз я задалася мэтай адшукаць свае дзіцячыя касцюмы, бо амаль усе і я, і маці раздарылі.
— Вырашылі стварыць музей?
— О, гэта, відаць, будзе “музей Якубовіча-2”. (Смяецца.) Справа ў тым, што мы ніколі не канцэнтраваліся на рэчах. Вось узнагароды, публікацыі, памятныя падарункі збіралі і захоўвалі, а канцэртным касцюмам давалі новае жыццё з іншымі выканаўцамі. У Кобрыне, дома ў бацькоў, ёсць цэлы стэлаж з нашымі з сястрой узнагародамі.
— На гэтым настаяла мая сястра Насця. У той час я ўжо актыўна працавала вядучай на Першым нацыянальным тэлеканале і канале “Лад”. Пасля тэлевізійных здымак, якія з’явіліся пасля “Еўрабачання”, мы шмат ездзілі па канцэртах і фестывалях. Каб некуды даехаць, трэба было спачатку прыехаць з Кобрына ў Мінск, а потым ужо рухацца далей. Доўга так працягвацца не магло: было зразумела, что трэба рабіць кардынальныя змены.
Насця ўжо ў той час была студэнткай факультэта журналістыкі БДУ, а я была ў такім узросце, калі змяніць месца жыхарства было няцяжка, але для мяне гэта атрымалася ўсё ж такі цяжкім выпрабаваннем. Канечне, бацькі і сябры заставаліся далёка, але ўсё згладжвалася тым, што я не была адна: побач была Насця, а потым далучылася маці, якая дзеля мяне змяніла і працу, і горад. Былі амбіцыі, жаданне, але не было страху перад будучыняй, я цвяроза разумела, што будзе цяжка, але цікава.
— Як адрэагавалі вашы бацькі, калі зразумелі, што вы выбіраеце прафесію музыканта і з’язджаеце ў Мінск?
— Самы эмацыянальны чалавек у сям’і — гэта маці. Яна паехала разам са мной і нейкі час працавала ў той школе, дзе я вучылася. Я прыехала ў Мінск пасля чарговага музычнага фестывалю пад самы навучальны год — 31 жніўня, і ў школах месцаў ужо не было. Мяне ўзялі толькі з той умовай, што маці таксама ўладкоўваецца на работу, бо ў тую школу патрабаваўся настаўнік матэматыкі. Абсалютна выпадкова атрымалася, што з вокнаў 20-й школы добра відаць Белтэлерадыёкампанію, дзе я тады і працавала.
Гэты час быў вельмі складаны, бо памянялася абсалютна ўсё. Я настолькі была “ў тэме”, што сёння нават не памятаю свае тагачасныя эмоцыі. Канечне, адчувалася падтрымка сям’і, у якой заўсёды панавалі мір, любоў, разуменне. Мяне разумелі, мне дапамагалі. Сёння я ўпэўнена, што дзіця павінна вызначыцца са сферай інтарэсаў як мага раней. І ў гэтым яму павінны дапамагчы бацькі і блізкія людзі.
— Вы маеце на ўвазе рэалізацыю права выбару?
— Выбар выбарам, але ў дзіцячым узросце рэдка што адбываецца без чароўнага “пендаля”. І тут важна падтрымаць і заахвоціць ці, наадварот, адгаварыць дзіця ад яго рашэння. Але вядома адно: усё трэба абмяркоўваць разам.
— Ці памянялі б вы што-небудзь у мінулым, калі б у вас была такая магчымасць?
— Не думаю. Мяне задавальняе тое, што са мной адбывалася на працягу майго жыцця. Я не люблю ўмоўны лад — у ім няма ніякага сэнсу. Усё, што адбылося, мы можам прааналізаваць і зрабіць з гэтага адпаведныя вывады.
— Раскажыце, як вы трапілі на “Дзіцячае Еўрабачанне”. Гэта быў запланаваны вынік ці воля лёсу?
— Гэтага ніхто не планаваў. Нават ніякіх думак пра гэта не было. 8 лістапада 2018 года будзе 15 гадоў, як “Еўрабачанне” ўварвалася ў маё жыццё. Абставіны былі дзіўныя: мы ўскочылі амаль у апошні вагон. Наша краіна далучылася да дзіцячага песеннага форуму ў апошні момант, і часу для падрыхтоўкі амаль не было.
Тады адзіным шоу глабальнага маштабу быў дзіцячы конкурс “Сузор’е надзей”, пераможцы якога маглі прэтэндаваць на ўдзел у “Еўрабачанні”. Прадстаўніка Беларусі сталі выбіраць з ліку пераможцаў і лаўрэатаў гэтага конкурсу.
Аднойчы дома зазваніў тэлефон і мне прапанавалі ўдзельнічаць у “Еўрабачанні”. Маці тады адмовіла, спаслаўшыся на тое, што я займаюся народным вакалам і наўрад ці падыду да эстраднага. Але арганізатары праявілі настойлівасць і патэлефанавалі яшчэ раз, і бацька паехаў у Мінск за песняй. Яе запісалі на касету, і ў нас было тры дні, каб яе вывучыць.
Па ўмовах конкурсу, на сцэне павінен знаходзіцца аўтар конкурснай песні, адначасова там могуць знаходзіцца да 6 чалавек, песня павінна выконвацца на дзяржаўнай мове. Але Кацярыне Ліпоўскай, якая з’яўляецца аўтарам песні “Танцуй”, на момант выступлення на “Еўрабачанні” ўжо спаўнялася 16 гадоў. Выйсце знайшлі: песню пераклалі на беларускую мову, я яе спявала, а Каця ўдзельнічала ў нумары і іграла на клавішах — усе патрабаванні аргкамітэта былі вытрыманы. Так што Каця магла быць тым беларускім Гагарыным “Дзіцячага Еўрабачання”.
Ніякага феерычнага адборачнага шоу, як зараз, не было — рэпетыцыі праходзілі ў холе Белтэлерадыёкампаніі.
Важную ролю ў маёй падрыхтоўцы адыгралі рэкамендацыі Ядзвігі Паплаўскай і, вядома, індывідуальныя заняткі з Інай Афанасьевай — самай яркай зоркай беларускай эстрады на той час, чые ўрокі я запомніла на ўсё жыццё.
Мы нерваваліся ўвесь час. Усё было ўпершыню: ніхто не ведаў, які павінен быць нумар і касцюмы, ці патрэбны макіяж (мне ж тады толькі 10 гадоў споўнілася). Трэба было, каб за 3 хвіліны прамога эфіру ўсе ўбачылі, пачулі і палюбілі Беларусь (нагадаю, што тады з усёй постсавецкай прасторы ўдзельнічалі толькі Беларусь і Латвія, але кожная з 15 краін-удзельніц аддала нам свае галасы). Выступленне было ўдалым — 4-е месца, якое заклала добры падмурак сённяшняму лідарству: у “Дзіцячым Еўрабачанні” Беларусь абышла толькі Грузія, у якой тры перамогі.
Памятаю, неяк на “Дажынках” супрацоўнік адной з бібліятэк прэзентавала мне архіў з газетнымі выразкамі пра мяне, першая з якіх датавалася 1998 годам. Калі мы вярнуліся з конкурсу, усе газеты напісалі пра дэбют Беларусі на еўрапейскім тэлевізійным конкурсе. І шмат якія з тых газет захоўваюцца ў сямейным архіве.
Мне вельмі часта на працягу 14 гадоў задаюць пытанне, якую ролю ў маім жыцці адыграла “Еўрабачанне”. Удзел у конкурсе паказаў мне, што музыка не мае межаў і што якасць музычнага прадукту залежыць ад многіх фактараў, над якімі карпатліва працуе вялікая каманда. Менавіта тады я ўпэўнілася, што беларуская гісторыя і культура могуць быць запатрабаваны за межамі Беларусі.
І да гэтага часу я ганаруся тым, што спяваю беларускія песні і прадстаўляю беларускую культуру. Дарэчы, многія арганізатары міжнародных фестываляў запрашаюць мяне менавіта з беларускай праграмай.
— Вы камандны гулец?
— Я хутчэй кошка, якая гуляе сама па сабе, але пры гэтым камандны гулец. Вельмі цаню калектыў і добра разумею, што выніковая работа можа быць толькі ў камандзе. Вельмі важна паважаць і адэкватна ацэньваць працу кожнага чалавека. Разумею гэта, таму што сама педагог, мая маці — педагог, нават мая сястра часам праводзіць майстар-класы і плануе адкрываць школу журналістыкі і стылю. Я імкнуся пагрузіцца ў дзейнасць людзей, якія робяць для мяне аранжыроўкі ці манціруюць кліп, каб зразумець складанасць работы, якую яны выконваюць, і ў сувязі з гэтым ацаніць яе кошт. Пасля такога вывучэння добра разумееш многія рэчы, і шмат пытанняў папросту адпадае.
— Сёння ў вашым жыцці значную ролю адыгрывае тэлебачанне. Ці не складае яно канкурэнцыю рабоце на сцэне ў якасці спявачкі?
— Адно аднаму не перашкаджае. Вопыт і якасці адной і другой прафесіі вельмі добра спалучаюцца, арганічна дапаўняюць адна адну і дапамагаюць развівацца. Ёсць, праўда, у мяне “пабочныя эфекты”: вельмі люблю пагаварыць — мне заўсёды ёсць што сказаць цікаваму суразмоўцу.
— У адным са сваіх інтэрв’ю вы згадалі пра тое, што займаецеся жывапісам і марыце пра персанальную выставу. Ці ажыццявіліся гэтыя мары?
— Жывапісам я цікаўлюся, па-магчымасці вывучаю яго, але тое, што я раблю, жывапісам наўрад ці можна назваць. У маім разуменні жывапіс — гэта тое, што можна назваць сапраўдным мастацтвам, тое, што з’яўляецца вечным. А тое, што я раблю, да вечнага не дацягвае. (Смяецца.) Я не пішу карціны — я малюю, а пішу толькі тэксты для песень. Прафесійна я маляванню не вучылася, хаця сябрам мае работы падабаюцца. Выстава была, але не персанальная — мае работы выстаўляліся на адной з выстаў мастакоў-аматараў. На жаль, даўно ўжо не малявала — не хапае часу. У мяне была мара мець пакой з мальбертамі і фарбамі, у якім я, уся перапэцканая фарбамі, малюю… Але пакуль што гэта так і не спраўдзілася.
Родныя не разумелі мяне, калі я з замежных паездак прывозіла спачатку фарбы, прыгожыя блакноты і ручкі. А потым я пачала збіраць мініяцюрныя кнігі. Неяк у Балгарыі за 5 долараў купіла міні-выданне вершаў Сяргея Ясеніна: у шэрым пераплёце, на якім золатам было вышыта імя паэта. Каштоўнасць кнігі была не толькі ў годзе выдання (пачатак 70-х), але і ў тым, што яе сапраўды чыталі, бо на старонках былі нечыя паметкі, а паміж старонкамі — пялёсткі сапраўдных руж. Шмат такіх кніг купляла ў Мінску ў букіністычных магазінах, частку калекцыі прывезла з Адэсы.
У мамы таксама праявілася жылка калекцыянера: яна збірае калекцыю званочкаў з тых краін і гарадоў, дзе былі члены нашай сям’і. І ў ёй ужо больш як cотня экспанатаў.
— У вас вельмі трывалыя сувязі з літаратурай. Гэта вынікі школьнай адукацыі ці самавыхавання і самаразвіцця?
— Пачнём з таго, што ў школе — і ў Кобрыне, і ў Мінску — мне пашанцавала з настаўнікамі і беларускай, і рускай літаратуры. Таксама да маёй літаратурнай адукацыі прыклала руку сястра (яна ўвогуле заўсёды была для мяне прыкладам). Дзякуючы ёй, я стала больш чытаць. Калі прыехала ў Мінск, Насця вучылася на 3 курсе журфака БДУ, а я толькі пайшла ў 8 клас. Яна брала мяне з сабой на заняткі — так я падлеткам ужо слухала лекцыі па літаратуры.
Потым, ва ўніверсітэце, я не разумела, чаму мае аднакурснікі так баяцца выкладчыка літаратуры. Па зразумелых прычынах для мяне экзамен па літаратуры не быў складаным выпрабаваннем.
Літаратура вельмі добра развівае маўленне. А калі ты здольны звязваць словы ў сказы і ў цябе ўсё ў парадку з логікай, вучыцца будзе даволі лёгка, як, дарэчы, і потым у прафесіі.
— Ці ёсць у вас пэўныя правілы, якіх вы прытрымліваецеся ў жыцці?
— У мяне ёсць адно важнае правіла: калі я разгарнула кнігу, то павінна яе абавязкова дачытаць, тым больш калі кнігу мне падарылі. Яшчэ я ніколі не саромеюся запытвацца пра тое, што мяне цікавіць, і пра тое, што я не разумею. Аднойчы мне сказалі, што няправільнае пытанне — гэта пытанне, якое не задалі. Я кіравалася і кіруюся гэтым прынцыпам зараз.
— Як вы адчуваеце сябе ў ролі педагога?
— Педагогі на працягу ўсяго майго жыцця вучылі мяне наладжваць стасункі, будаваць зносіны з людзьмі, разумець навакольны свет і людзей, знаходзіць свой пункт погляду і адстойваць яго.
Зараз з кожнымі новымі заняткамі са сваімі выхаванцамі я стала ўсё больш разумець сваіх настаўнікаў. Усё пазнаецца з цягам часу, і менавіта таму праз некаторы час мы прыходзім да сваіх настаўнікаў, каб падзякаваць ім за іх нялёгкую працу і перададзеныя веды.
Для мяне як для педагога вельмі важна зразумець, хто да мяне прыйшоў і чаму яго можна навучыць. Мне прынцыпова трэба ведаць, навошта майму выхаванцу заняткі па вакале, каб потым правільна будаваць вучэбны працэс. Але сёння педагагічная дзейнасць у мяне не стаіць на першым плане, бо яна аднімае вельмі многа часу і энергіі. У выкладчыцкую работу трэба пагружацца і рэалізоўвацца ў жыцці іншых людзей.
Пры гэтым у мяне была магчымасць адчуць радасці і хваляванні за сваіх вучняў. Нядаўна адна з маіх выхаванак паступала ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, і я вельмі хвалявалася за яе, нібы гэта ўсё адбывалася са мной. Пры гэтым унутраным хваляванні трэба было трымаць сябе ў руках, каб выглядаць спакойнай і вытрыманай.
З кожным вучнем педагог нанова праходзіць шлях ад пачатку да вяршынь, у чарговы раз асвойваючы новыя ўзроўні майстэрства.
Вопыт нельга набыць толькі каля люстэрка з расчоскай замест мікрафона: патрэбны сцэна і гледачы. Трэба пабываць у розных экстрэмальных умовах: выключыўся мікрафон, пагасла святло, адключылі электрычнасць, забылі флэшку з фанаграмай… Толькі так магчыма зразумець, ці патрэбна табе сцэна. Я стараюся навучыць сваіх выхаванцаў такім нязначным, як можа падацца на першы погляд, рэчам, як падрыхтаваць касцюм, праверыць, ці працуе флэшка і як названы файлы на ёй; выходзячы на сцэну, павітацца з залай, каб упэўніцца, што мікрафон уключаны, і шэрагу іншых дробязей, якія могуць паўплываць на поспех выступлення.
— Чым звычайна займаецеся ў выхадныя (канечне, калі яны ў вас бываюць)?
— У выхадныя люблю гатаваць, спаць і бавіць час з сям’ёй.Рабочы графік вельмі шчыльны, і калі выпадае некалькі дзён без здымак і канцэртаў, я стараюся паехаць да бацькоў у Кобрын.
Мы сядзім дома, пераглядаем хатнія архівы і глядзім кіно. Я вельмі люблю біяграфічныя мастацкія фільмы пра жыццё знакамітых людзей мастацтва.
Хварэць не люблю — гэта для мяне проста катастрофа, асабліва калі хварэе галасавы апарат. Неяк пасля Новага года я захварэла і на тыдзень страціла голас. У мяне пачалася страшэнная дэпрэсія, бо сядзець без работы я магу максімум дзень-два.
— Што цікавага зараз адбываецца ў вашым жыцці?
— У маім жыцці пастаянна адбываюцца цікавыя падзеі. Калі гаварыць каннкрэтна пра гэты час, то зараз рыхтую чарговую прэм’еру песні, а таксама ўзяла ўдзел у агучванні кароткаметражнага фільма “Хор” на беларускую мову ў рамках праекта Oscar shorts — 17.
— Ужо заўтра ў Грузіі адбудзецца фінал Міжнароднага тэлевізійнага песеннага конкурсу “Дзіцячае Еўрабачанне”, на якім ужо 14 раз будзе прадстаўлена і наша краіна. Што б вы пажадалі Хелене Мерааі, якая будзе прадстаўляць Беларусь на сцэне Алімпійскага палаца ў Тбілісі?
— Лёгкасці і свабоды ў голасе і рухах, не хвалявацца, а толькі атрымліваць задавальненне ад таго, што адбываецца на сцэне! Жадаю Хелене скарыць еўрапейскую публіку, а як вынік — заваяваць мора прыхільнікаў: тых, хто аддасць свой голас за Беларусь і ў зале, і каля тэлеэкранаў.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Вольгі САЦЮК.