Вопыт, варты пераймання

- 10:29Навіны рэгіёнаў, Рознае

У сярэдняй школе № 2 Маларыты рэалізоўваецца мясцовая ініцыятыва “Арганізацыя вытворчай дзейнасці вучняў на базе школьнай майстэрні”.

Сёння ў трох брыгадах майстэрні, якія спецыялізуюцца на пашыве швейных вырабаў, вырабе малых архітэктурных форм і добраўпарадкаванні тэрыторыі, задзейнічаны 45 вучняў і 5 педагогаў. Грашовы грант (больш за 8500 еўра), атрыманы ў рамках праекта Еўрапейскага саюза, пайшоў на набыццё неабходнага абсталявання для кабінетаў тэхнічнай і абслуговай працы школы. Так, былі закуплены ўніверсальныя швейныя машыны, дрэваапрацоўчы станок, будаўнічыя матэрыялы для мадэрнізацыі будынка школьных майстэрань, сыравіна для работы вытворчых брыгад.

На тэрыторыі ўстановы адукацыі павялічылася плошча зялёных насаджэнняў, што добра ўплывае на экалагічную абстаноўку і дазваляе запяспечыць другасную занятасць вучняў у пазаўрочны і канікулярны час. Дзякуючы рэалізацыі мясцовай ініцыятывы, у школы з’явілася магчымасць мадэрнізаваць фізічна ўстарэлае абсталяванне майстэрань. Гэта павысіла аб’ём і якасць прадукцыі, якая ў іх выпускаецца.

— Вучням забяспечваецца другасная занятасць, — гаворыць Людміла Ярмашук, настаўніца, адказная за рэалізацыю ініцыятывы ў школе. — Дзеці набываюць працоўныя навыкі, знаёмяцца з асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці, вывучаюць алгарытм развіцця ўласнай справы. Школа развівае прафесійны патэнцыял вучняў, дапамагае ім авалодваць прафесіямі швачкі, закройшчыка і сталяра.

У рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы на базе Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці прайшоў семінар, падчас якога супрацоўнікі цэнтра вучылі дзяўчат шыццю з абрэзкаў тканіны. Як вынік — пашырыўся асартымент прадукцыі, якая выпускаецца вытворчай брыгадай. Своеасаблівым брэндам школьнай швейнай майстэрні ўжо сталі сурвэткі, прыхваткі і коўдры з абрэзкаў тканіны. Трэба адзначыць, што апошнім часам павялічылася колькасць вучняў, якія жадаюць працаваць у вытворчых брыгадах.

— Да нас звяртаюцца з іншых устаноў адукацыі з просьбай падзяліцца вопытам па стварэнні і развіцці ўласнай вытворчасці, — расказвае дырэктар школы Любоў Куц. — Мы з радасцю дзелімся напрацоўкамі. Праз работу вытворчых брыгад вучні далучаюцца да актыўнай працоўнай дзейнасці, набываюць пэўныя прафесійныя навыкі і ўменні. Гэта абавязкова дапаможа ім з выбарам далейшага жыццёвага шляху. Важна, што ў рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы аплачваецца праца ўсіх вытворчых вучнёўскіх брыгад.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.