Вострае пытанне: як абараніць дзіця ад уплыву дэструктыўных груповак

- 12:08Новости

Рэзанансная бойка ў маскоўскім ГЦ “Авіяпарк” дала падставу зноў загаварыць пра маладзёжныя фарміраванні і сутычкі падлеткаў. Самай гучнай аказалася так званая “ПВК Родан”, у якой знаходзяцца паслядоўнікі анімэ­-субкультуры.

Падлеткі 14—16 гадоў, адметнай асаб­лівасцю якіх з’яўляецца адзенне чорнага колеру з выявай 12-лапага павука і лічбай 4, а ў некаторых — і татуіроўкі, арганізоўвалі масавыя бойкі ў ГЦ, ці, як яны самі гэта называлі, “паляванне на павукоў”. Гэты нумар носіць галоўны антыгерой і адзін з найдужэйшых байцоў па імені Хісока. Акрамя таго, дзеці носяць клятчастыя штаны, многія адпускаюць валасы.

Феномен мангі і анімэ

Адзін з найбольш яркіх феноменаў у падлеткавым узросце — феномен падлеткавага фанатызму. У наш час захапленні падлеткаў разнастайныя. У апошні час вялікай папулярнасцю карыстаюцца манга — японскія коміксы і іх анімацыйныя версіі — анімэ-серыялы. Нягледзячы на тое, што размова ідзе пра мульт­фільмы, тэмы ў іх часта закранаюцца зусім не дзіцячыя. Менавіта гэта і падабаецца падлеткам: дзіцячыя мультфільмы і дарослыя тэмы ў іх імпануюць дзецям, паколькі менавіта ў гэтым дысанансе яны і жы­вуць. Тэматыка гэтых коміксаў вельмі шырокая: цэлыя серыі, прысвечаныя таму, што яму цікава, знойдуцца ў кожнага — у хатняй гас­падыні, у маладога бізнесмена, у айцішніка і ў падлетка. Аднак варта ве­даць, што некаторыя з гэтых коміксаў змяшчаюць бая­выя сцэны, абмяркоўваюць тэмы членашкодніцтва, насілля і эратычных раманаў.

Супольнасць “ПВК Родан” з’явілася, мяркуючы па згадках у пабліках, зімой 2023 года. Цяпер аб новай субкультуры вядома і ў Беларусі. Увечары 28 лютага міліцыя затрымала каля гандлёвага цэнтра ў Гомелі больш за дзвесце чалавек. Сярод затрыманых — падлеткі, якія з’яўляюцца прыхільнікамі “ПВК Родан”.

У падлеткаў былі спробы сабрацца і ў іншых буйных гарадах Беларусі, а таксама ў сталіцы. Супрацоўнікі міліцыі рэкамендуюць бацькам праявіць павышаную ўвагу да сваіх дзяцей. Бацькоў павінны насцярожыць рэчы з прынтамі павукоў і лічбай 4.

Як і ў любой субкультуры, заўсёды ёсць рызыка таго, што дзіця возьме з плыні не пазітыўныя, а дэструктыўныя ідэі. У анімэ, як і ў любым іншым відзе мастацтва, не ўсе думкі і ідэі з’яўляюцца прывычнымі для нашага менталітэту. Многія з іх у сваім сюжэце трансліруюць дурасць і агрэсію. Часам мультфільм нясе ў сабе негатыўны пасыл, расказвае пра рэчы, якія падлетак можа няправільна інтэрпрэта­ваць з прычыны ўзросту і адсутнас­ці жыццёвага вопыту. У японскіх анімэ прадстаўлены ўстаноўкі агрэ­сіўных паводзін, якія з’яўляюцца заканамернасцямі фарміравання агрэсіўнасці падрастаючага пакалення. Сярод вобразаў насілля найбольш распаўсюджаны героі, якія б’юцца з выкарыстаннем усходніх адзі­наборстваў. Надзвычай часта яны праяўляюць гнеў на твары ці агрэ­сію ў рухах цела. Гэта можа стварыць уражанне, асаб­ліва ў юных гледачоў, што лютасць і зварот да насілля — гэта нармальна. Гэтыя фільмы поўныя вербальнай агрэсіі (крыкі, лаянкі, абразы), а таксама актаў фізічнай агрэсіі, напрыклад, удары нагамі, пабоі, забойствы. Персанажы і пасланні, якія з’яўляюцца ў фільмах, невыразныя, яны не ўпарадкоўваюць свет, а ўно­сяць у яго сумятню. Менавіта таму ў многіх мультфільмаў існуе абмежаванне 16+. Захаваць дзіця ад гэтага немагчыма — не ў анімэ, дык у іншым кантэнце на прасторы інтэрнэту падлетак можа знайс­ці любую інфармацыю, якая пазней негатыўна адаб’ецца на яго развіцці.

Фанат ці паклоннік?

Да асноўных элементаў сучасных субкультур адносяцца:

  1. Спецыфічныя формы паводзін або культурныя адрозненні, тое, што адрознівае гэтую групу ад іншых, напрык­лад, характар адзення, від упрыгажэнняў і месца іх размяшчэння, правіл паводзін.
  2. Асаблівая мова, якая вылучае асобных членаў групы, звяз­вае іх і стварае залежнасці.
  3. Спецыфічнае эмацыянальнае праяў­ленне, якое выяўляецца ў дзейнасці членаў групы, пераважна ў музыцы і мастац­тве.
  4. Сістэма каштоўнасцей, якая вызначае разнастайнасць і самабытнасць субкультур.

У любы час падлеткі чым-небудзь або кім-небудзь захапляліся. Стваралі фан-клубы любімых выканаўцаў, футбольных каманд, рок-гуртоў. І гэта натуральна для маладых людзей. Гэта ж здорава — знайс­ці аднадумцаў па захапленні, якія заўсёды “ў тэме”: пайсці разам на матч любімай каманды, абмеркаваць новую серыю любімага серыяла або выпуск новага трэка любімага выканаўцы. Але тут вельмі тонкая грань паміж проста захапленнем і фанатызмам. Добра, калі ў чалавека ёсць стымул — па-сапраўднаму захапляцца кімсьці або чымсьці. Але калі гэтае захапленне пераходзіць межы і закрывае сабой усе астатнія бакі жыцця, то гэта ўжо носіць характар дэградацыі асобы, а часта перарастае ў дэс­т­руктыўныя паводзіны. Паклоннік — гэта аднадумец, фанат — чалавек, які выкарыстоўвае аб’ект пакланення ў асабістых мэтах.

“Прывідная група”

“ПВК Родан” — назва адсылае да адной з галоўных груповак у манзе “Паляўнічы супраць паляўнічага”. У ёй расказ­ваецца пра фантастычны свет, населены чароўнымі жывёламі і людзьмі, якія на іх палююць. Геней Родан (даслоўна “Прывідная група”) — гэта наёмная злачынная арганізацыя з 13 чалавек, якія нападаюць і нават забіваюць сваіх сапернікаў. Сімвал групы —
12-лапы павук. Паклоннікі анімэ стараюцца “прымераць” на сябе жыццё галоўных герояў, адпавядаюць іх стылю, знешняму выг­ляду, асаблівасцям характару. Члены “ПВК Родан” носяць доўгія чорныя валасы, адзенне з прынтамі павукоў. Вядомыя яны сталі не столькі з-за знешнасці, а з-за боек з каляфутбольнымі фанатамі, якія адбыліся ў буйных ганд­лёвых цэнтрах.

У сваіх групах у сацсетках падлеткі сцвярджаюць, што іх суполка не прапагандуе тэрарызм, суіцыд, самапашкоджанні, наркотыкі, насілле ці іншыя проціпраўныя дзеянні. Абрэвіятура ПВК да назвы дабаўлена, па словах удзель­нікаў, дзеля жарту, як адказ на вострасацыяльныя тэмы. Анімэ само па сабе не можа стаць прычынай дэструктыўных паво­дзін. Анімэ — гэта ружжо. Нельга вінаваціць ружжо, трэба вінава­ціць таго, хто ім скарыстаўся.

Адна справа, калі размова ідзе пра захапленне мола­дзі нейкім мультфільмам, іншая — калі гэта замаскіраваныя пад маладзёжную субкультуру спробы ўцягнуць маладое пакаленне ў крымінальнае асяроддзе, масавыя беспарадкі і бойкі.

Як абараніць дзіця ад уплыву дэструктыўных субкультур?

Падлеткавы ўзрост імклівы ў развіцці самастойнасці і незалежнасці. Калі з боку дарослых не будзе заахвочвання гэтага развіцця, то неабходныя якасці не сфарміруюцца. Нікуды не адпускаць падлетка з дому і не даваць яму мець зносіны па інта­рэсах — гэта не выйсце з сітуацыі.

Каб дзіця не стала членам дэструктыўнай групоўкі і не папала ў небяспечную сітуацыю, трэба выхоўваць у ім правасвядо­масць з ранняга ўзросту. Выхаваўшы ў дзіцяці павагу да патрабаванняў і норм грамадства, можна пазбегнуць праяўлення антыграмадскіх паводзін. Вельмі важна, каб у падлеткаў быў прыклад для пераймання — гэта і самі бацькі, і настаўнікі ў школе, і сябры.

Значную ролю адыгрывае асяроддзе, у якім дзіця выхоўваецца, сямейныя каштоўнасці і ўклад жыцця сям’і. З дзіцем трэба шмат і шчыра размаў­ляць. Цікавіцца яго поспехамі, захапленнямі, марамі і няўдачамі. Пазбягаць усялякіх ацэначных суджэнняў і крытыкі, асабліва гэта важна ў падлеткавым узросце. Калі дзіця адчувае падтрымку з боку бацькоў, калі разумее, што яго сям’я — гэта яго крэ­пасць, то вельмі малаверагодна магчымасць пападання дзіцяці пад уплыў дэструктыўнай субкультуры. Увага і любоў з боку дарослых дапамогуць заха­ваць падлетка ад уступлення ў дэструктыўную групоўку і ўчынення проціпраўных дзеянняў.

Дзіця, у якога ў жыцці шмат захапленняў, якое занята цікавым хобі, зацікаўлена ў вучобе, мае актыўную жыццёвую пазіцыю, з найменшай верагоднасцю стане членам любых фарміраванняў і груповак.

Даведка

Манга — японскія коміксы. У той форме, у якой яна існуе ў цяперашні час, манга пачала развівацца пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, адчуўшы моцны ўплыў заходніх традыцый. Аднак манга мае глыбокія карані ў раннім японскім мастацтве.

У Японіі мангу чытаюць людзі ўсіх узростаў. Манга шануецца як форма выяўленчага мастац­тва і як літаратурная з’ява. Амаль уся манга малюецца і выдаецца чорна-белай, хаця існуе і каляровая. Паводле папулярнай мангі, часцей за ўсё доўгіх манга-серыялаў (часам няскончаных), здымаецца анімэ, а таксама могуць стварацца відэагульні і іншыя творы.

Анімэ — японская мультыплікацыя. У адрозненне ад мультфільмаў іншых краін, прызначаных у асноўным для прагляду дзецьмі, большая частка анімэ, што выпускаецца, разлічана на падлеткавую і дарослую аўдыторыю, і шмат у чым за кошт гэтага мае высокую папулярнасць у свеце. Анімэ адрозніваецца характэрнай манерай адмалёўкі персанажаў і фонаў. Выдаецца ў форме тэлевізійных серыялаў, а таксама фільмаў, якія распаўсюджваюцца на відэаносьбітах ці прызначаны для кінапаказу. Сюжэты могуць апісваць мноства персанажаў, адрознівацца разнастайнасцю месцаў і эпох, жанраў і стыляў.

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі дзіцячага сада № 161 Мінска,
кіраўнік раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў
устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна Мінска
Фота з сайта pixabay.com (cкрыншот выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі)