Адразу, як былі надрукаваны мае нататкі пра дзяцей міру, адна з калег нагадала: у рускай мове ў слова “мир” ёсць яшчэ і такое важнае значэнне, як “грамада, калектыў”.

І сапраўды, нярэдка ў тэкстах, асабліва рэлігійнай тэматыкі, сустракаецца выраз “всем миром”, калі гаворка ідзе пра нейкую калектыўную справу. Стылістычна словазлучэнне прыўзнятае, не з будзённым сэнсам, які на беларускую мову варта перакладаць як “талакой” ці “ўсе разам”. І ўлічваць пры тым кантэкст. Рускія наўрад ці скажуць, што капалі бульбу “всем миром”, а ў нас папрацаваць талакою на бульбянішчы — самае тое. Напярэдадні Нараджэння Хрыстова прыгадаем і заклік да “мирян”, які чуем у храмах і ў тэле- і радыётрансляцыях з праваслаўных набажэнстваў, літургій: “Миром Господу помолимся”.
У Год міру і стварэння, ці стваральнай працы, як слушна пішуць некаторыя нашы калегі, у мнагазначным слове “мір” для ўсіх адкрываюцца новыя грані.
У свядомасці людзей розных пакаленняў ужо ўкараняецца жыццесцвярджальны тэзіс пра тое, што калі ёсць мір у душы, то будзе мір і ў краіне.
І жадаюць прымірэння ў гарачых кропках свету, “миром” за ўстанаўленне міру моляцца ў розных краінах, у тым ліку і ў тых, дзе міру, на жаль, ужо няма.
Тут будзе дарэчы сказаць пра каштоўную ініцыятыву Беларускага фонду міру, якую падтрымалі і вучні, педагогі Школ міру, а іх у краіне ўжо больш за 150. Усебеларуская малітва аб дабрабыце людзей і міры, якую ў Год міру і стварэння па ўсёй краіне здзяйснялі прадстаўнікі розных канфесій, прайшла 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці. Маліліся разам не толькі ў храмах, бо жывая часцінка Усявышняга, як сведчаць свяшчэнныя кнігі, ёсць у кожным з нас. Цела ж у розных крыніцах мудрасці “не для прыгожага слоўца” названа храмам. Але якім, чыім, у гонар каго? Падказку знаходзім, напрыклад, у 1-м пасланні карынфянам апостала Паўла: “Хіба ж вы не ведаеце, што ваша цела — гэта храм Святога Духа, Які жыве ў вас і Якога вы атрымалі ад Бога?” Патаемныя веды пра светабудову, наша месца ў свеце і тое, чаму варта ўсім жыць з мірам у сэрцы (“смиренно”) і ў міры з людзьмі — усё тое, нібы будучы вобраз Дрэва Свету ў маленькім зярнятку, заключана ў адным сказе. І словы апостала — гэта не паэтычныя запэўніванні. Сказанае прыйшло “з надзейнай крыніцы”, сказалі б навукоўцы, праверана-пераправерана практыкай. На працягу тысячагоддзяў людзі змаглі не раз пераканацца, ды і кожны з нас нанова тое спасцігае, калі надыходзіць пара. Каму “дадзена”, той урэшце ўсвядоміць: сінергія грамады, гарманічнае талакоўскае аб’яднанне духоўных намаганняў можа мець наступствы з разраду цудаў. І ёсць таямніца ў дзеяннях, якія творацца “всем миром”. Як, зрэшты, і вялікая бяда здараецца, калі разам, талакою людзі без ведаў, любові да бліжняга “не ведаюць, што твораць”.
Што пра талакоўскае ўзаемадзеянне спрадвеку ведаюць беларусы? Вельмі шмат! І сведчаннем таму ёсць само бытаванне працоўнай талакі ў нашых традыцыях.
Прыгадаем шматлікія, у тым ліку калектыўныя святочныя абрады, выпрабаваныя часам, якія ёсць у Зажынках, Дажынках, Акопінах-Дакопках (так у некаторых рэгіёнах Беларусі называюць пару, калі дакопваюць бульбу на полі). Гуканне Вясны, шэраг важных народна-хрысціянскіх жнівеньскіх свят, Багач таксама ўтрымліваюць пярлінкі такіх ведаў. Шмат аб’яднальных, злучальных матываў мае традыцыя вяселля. І абавязкова згадаем Купалле, у самой назве якога зашыфравана слова “купа” са значэннем “яднанне, злучэнне”. Слова “совокупный” яскрава сведчыць пра талакоўскі падтэкст. І слова “капа” (капа сена, раней была і такая мера: капа грошай), відаць, адтуль мае радавод: з “купы”. Як і “скопить”, “прыкупіць” — усюды матыў збірання, злучэння, далучэння.
Яшчэ больш наблізімся ў развагах да педпрактыкі, калі прыгадаем сістэму вялікага арганізатара і выхавальніка Антона Макаранкі. Ён выпрацаваў сваю сістэму, з якой можна азнаёміцца найперш у такіх кнігах (пададзім на мове арыгінала): “Педагогическая поэма”, “Книга для родителей”, “Методики организации воспитательного процесса”. Спецыялісты раяць пачытаць яго дыскусійны артыкул “Педагоги пожимают плечами”. Адзін з вядомых тэзісаў наватара: “Няма дэфектыўных дзяцей — ёсць дэфектыўнае стаўленне да іх”. Уступаючы ў дыскусію з многімі аўтарытэтамі, нават з Надзеяй Крупскай, Антон Макаранка пісаў: “Я позволил себе выставить несомненное для меня утверждение, что пока не создан коллектив и органы коллектива, пока нет традиций и не воспитаны первичные трудовые и бытовые навыки, воспитатель имеет право и должен не отказываться от принуждения. Я утверждал также, что нельзя основывать все воспитание на интересе, что воспитание чувства долга часто становится в противоречие с интересом ребенка, в особенности так, как он его понимает. Я требовал воспитания закаленного, крепкого человека, могущего проделывать и неприятную работу, и скучную работу, если она вызывается интересами коллектива”.
Магчыма, камусьці падобныя развагі яшчэ і сёння здадуцца не зусім педагагічнымі, аднак жа тое, што ў сістэму Макаранкі закладзены талакоўскі, народны па сваёй сутнасці прынцып, відавочна. І што цікава: у жаданні пашырыць гэтую сістэму аўтар “Книги для родителей” сцвярджаў, што ў будучыні… дзіцячыя дамы заменяць сямейнае выхаванне! Так і пісаў: “Именно детскому дому принадлежит советское педагогическое будущее”. Аргументам на карысць гэтага наватар называў тое, што ў дзіцячых дамах будуць працаваць адукаваныя педагогі, будзе грамадскае выхаванне, савецкае па духу, а дома дзецьмі займаюцца — ці ўвогуле не займаюцца… — толькі “некваліфікаваныя” ў педагагічным плане бацькі. То чаму б і нам не сказаць, на што здольная талака, вырашаючы праблемы сацыяльна небяспечных сем’яў, якія, на жаль, нікуды не дзеліся і ў наш час.
“Всем миром”, талакою — не азначае толькі пазітыў. Тым жа, хто шукае ісціну, мудрыя людзі ўвогуле раяць ухіляцца “от суеты мира сего”. І вялікі Настаўнік, якога называюць Сынам Божым, сцвярджаў: “Царство Мое не от мира сего”. Што ж, кожнаму — сваё…