Зрабіць летнія канікулы часам карысным, каб дзеці змаглі атрымаць новыя веды, звязаныя з сацыялізацыяй, і новы вопыт па рэалізацыі ўласных праектаў, — гэтую задачу можна вырашыць, калі спланаваць і арганізаваць цікавую і актыўную дзейнасць. Аб тым, як арганізацыя палатачнага лагера дапамагла дсягнуць пастаўленых мэт, расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 2 Ваўкавыска Аляксандр ЛІЧЫК.
— Адной з важных форм дадатковай адукацыі, на нашу думку, з’яўляюцца летнія палатачныя лагеры, — гаворыць Аляксандр Анатольевіч. — Чаму? Спецыфіка і рамантыка такога лагера найперш у яго нефармальнай атмасферы, знаходжанні групы ў ізаляваным асяроддзі працяглы час, магчымасці для дзяцей рэалізаваць свае ініцыятывы, а для педагога — вывучыць асобу дзіцяці, магчымасці арганізаваць крэатыўнае адукацыйна-праектнае асяроддзе. Вось з такімі мэтамі мы разам з навучэнцамі праектавалі лагер.
Работа над стварэннем лагера пачалася задоўга да надыходу летняга перыяду. Ініцыятыўная група педагогаў і навучэнцаў яшчэ ў сакавіку 2016 года арганізавала першы сход, дзе абмяркоўваліся варыянты размяшчэння лагера, мэта яго работы, практычная карысць для ўдзельнікаў. Для выбару месца вызначаны крытэрыі: блізкасць да вадаёма, магчымасць здзяйсняць адна- і двухдзённыя паходы, адносная блізкасць выгод цывілізацыі.
Чаму навучэнцы і педагогі павінны разам абмяркоўваць гэтыя пытанні? За некалькі гадоў работы мы прыйшлі да высновы, што ў такім кантэксце павышаецца адказнасць навучэнцаў, усведамленне асабістага дачынення і адказнасці за тое, што адбываецца. Было вырашана, што палатачны лагер гімназіі размесціцца ў Брэсцкай вобласці на возеры Паперня (Пружанскі раён). Быў створаны праект лагера. Блізкасць гістарычных месцаў арыентавала ўдзельнікаў на краязнаўчы кірунак. Яны стваралі відэафільм для гімназічнага тэлебачання пра замкі ў Ружанах і Косаве, сядзібу Тадэвуша Касцюшкі.
Удзельнікамі быў вызначаны рэжым лагера, прыкладныя дзяжурствы, сістэма самакіравання ў выглядзе савета. Выхаванцы былі размеркаваны па групах: 1-я група — інфарматараў — займалася стварэннем рэкламнай прадукцыі аб лагернай змене, электронных буклетаў і распаўсюджваннем гэтай інфармацыі сярод гімназічнай супольнасці. 2-я група — праектная лабараторыя — займалася складаннем сістэмы мерапрыемстваў у лагеры, вызначэннем мэт і задач лагера. 3-я група — гаспадарнікі, іх задача заключалася ў арганізацыі якаснага матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, падрыхтоўцы неабходнага рыштунку. Натуральна, што гэтыя ролі выконвалі навучэнцы старшых класаў разам з педагогам-каардынатарам.
Хочацца спыніцца на дзейнасці праектнай лабараторыі. Пад кіраўніцтвам педагога гімназісты асвойвалі азы праектавання, аналізу індывідуальных запытаў. Праектаванне лагернай змены адбывалася ў адпаведнасці з прадстаўленай мадэллю ўключэння вучняў у праектную дзейнасць і мела некалькі кірункаў: “Я — удзельнік праектаў для мяне і для ўсіх”, “Я — суаўтар “партфеля ідэй”, “Я — арганізатар аповеду аб нашых справах”, “Я — арганізатар сацыяльна значнай дзейнасці для мяне і для ўсіх”.
У рамках работы лагера была арганізавана дзейнасць, якая ахоплівала ўсіх удзельнікаў: у ідэале кожны павінен быў за 9 дзён прымераць кожную з чатырох прадстаўленых роляў. Было вызначана, што мэта знаходжання ў лагеры — не толькі канструктыўны вольны час, але і магчымасць атрымаць новыя веды, падзяліцца ўражаннямі. Таму было прапанавана падзяліць умоўна ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак на чатыры роўныя групы з замацаваннем аднаго педагога. Кожная група мела ў сваіх функцыянальных абавязках адзін-два дзяжурныя дні, сачыла за парадкам і дапамагала гатаваць ежу, адказвала за выніковае вячэрняе мерапрыемства (“Я — арганізатар сацыяльна значнай дзейнасці для мяне і для ўсіх”). Штодня збіраўся савет лагера, дзе абмяркоўваліся задачы на наступны дзень, размяркоўваліся і карэкціраваліся абавязкі, аналізаваўся план мерапрыемстваў, зыходзячы з сітуацыі, уносіліся і абмяркоўваліся новыя прапановы (“Я — суаўтар “партфеля ідэй”).
Гімназісты арганізоўвалі ў лагеры тэматычныя акцыі (“Самая модная прычоска”, “Дзень французскай касы”, “Пасвячэнне ў турысты” і г.д.), аб удзеле ў якіх у канцы дня каля вячэрняга вогнішча дзяліліся ўражаннямі (“Я — арганізатар аповеду аб нашых справах”). Штодня ў лагеры ладзіліся тэматычныя мерапрыемствы (“Вечар казкі на новы лад”, “Гульнявая праграма “Зразумей мяне” і г.д.), дзе як у групах, так і індывідуальна прымалі ўдзел усе дзеці. Дарэчы, апісаны раней падыход да арганізацыі і планавання лагернай змены робіць аўтаматычна ўсіх дзяцей актыўнымі ўдзельнікамі працэсу — “Я — удзельнік праектаў для мяне і для ўсіх”.
Падчас работы лагера навучэнцы пабывалі ў культурна-гістарычных месцах Пружаншчыны (замак у Косаве, замак у Ружанах, спыталі мясцовых жыхароў пра гісторыю замкаў, іх гаспадароў, пасля чаго быў аформлены летапіс лагера з асобным дадаткам “Беларусь дарэвалюцыйная: якія нашы карані”).
Але самым цікавым стала новаўвядзенне гэтага года. Калі на красавіцкім савеце абмяркоўваўся праект лагера, была выказана думка пра нізкі ўзровень чытацкай культуры дзяцей і дарослых. Дзеці прапанавалі арганізаваць на працягу ўсёй змены акцыю “Гадзіна добрай кнігі” замест звычайнай ціхай гадзіны. Такая форма аказалася настолькі эфектыўнай, што ўжо з другога дня ля вячэрняга вогнішча сталі праходзіць абмеркаванні прачытанага, у канцы быў складзены спіс лепшых кніг і прадстаўлены ў інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр гімназіі для азнаямлення ўсіх навучэнцаў (загадзя трэба сказаць, што гаспадарнікі даставілі міні-бібліятэку ўжо да пачатку змены, так што ў тых, хто не захапіў добрую кнігу, была магчымасць выправіць сітуацыю).
Палатачны лагер дае магчымасць адораным навучэнцам у нефармальнай атмасферы асвойваць разам з педагогамі прадметы, рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання і алімпіяд. Асноўная ўмова тут — прысутнасць педагога і жаданне дзяцей. Так, дзеці актыўна займаліся хіміяй, французскай і іспанскай мовамі. Паколькі ўсе дзеці могуць ажыццяўляць камунікацыі на іспанскай або французскай мове, узнікла ідэя правесці тэматычны моўны вечар “Што мы раскажам дзецям з краін, мова якіх вывучаецца, аб нашым лагеры”. Натуральна, што прэзентацыі праходзілі на замежнай мове.
Нефармальныя зносіны, нестандартныя ўмовы, знаходжанне ў адносна ізаляванай прасторы спрыяе раскрыццю ўнутранага патэнцыялу дзяцей, станаўленню новай катэгорыі творчага мыслення, развіццю ў іх даследчых кампетэнцый. Практычнае праходжанне прадстаўленай мадэлі дае стымул развіццю праектнага бачання змен, развівае ўсведамленне ў дзяцей прыналежнасці да таго, што адбываецца вакол, і сваёй магчымасці змяніць існуючую сітуацыю ў лепшы бок, бо не сакрэт, што сёння ў большасці падрастаючага пакалення моцна развіта пазіцыя спажывальніцтва.
Пры такім падыходзе да праектавання ў дзейнасці педагога і ўстановы адукацыі ў цэлым адбываецца станаўленне і развіццё ініцыятыўнасці, актыўнасці і творчага мыслення ўсіх удзельнікаў гімназічнай супольнасці, узрастае вучэбная матывацыя, а жыццё ва ўстанове якасна мяняецца ў бок развіцця. Менавіта праектаванне і ўменне праектаваць — краевугольныя камяні фарміравання ўсвядомленых адносін вучняў да працэсу навучання і вынікаў сваёй працы. Несумненна, у такім кантэксце мяняецца і роля педагога, якая цяпер заключаецца ва ўменні навучыць прымяняць веды да разнастайных жыццёвых сітуацый, навучыць заўважаць змены, якія адбываюцца ў навакольным асяроддзі, прагназаваць наступствы гэтых змен, несці адказнасць за прынятыя рашэнні.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.