Ёсць сцвярджэнне, што настаўнік павінен сам пастаянна вучыцца, інакш ён перастане быць цікавым дзецям. З гэтым не паспрачаешся, тым больш калі гаворка ідзе пра сучасных вучняў.
Практыка паказвае, што паспяховымі становяцца менавіта тыя педагогі, якія знаходзяцца ў пастаянным пошуку, якія заўсёды цікавяцца новымі методыкамі і гатовы не толькі пераймаць вопыт, але працуюць над сваімі асабістымі распрацоўкамі, прапаноўваючы іх шырокай педагагічнай грамадскасці.
Яшчэ адзін важны момант у настаўніцкай справе — падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў алімпіядах рознага ўзроўню. Не дзеля таго, каб дасягнуць пэўных паказчыкаў ці пацвердзіць свой прафесіяналізм (што таксама немалаважна), а дзеля саміх дзяцей, ад ведаў і паспяховасці якіх залежыць іх будучыня.
Падрыхтаваць алімпіядніка — справа няпростая, і калі настаўнік будзе сам “варыцца” ў гэтым, магчыма, аднойчы яго сілы вычарпаюцца. Каб такога не здарылася, а падрыхтоўка знатакоў па розных прадметах была якаснай, кіраўніцтва і спецыялісты Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі запусцілі праект пад назвай “Летняя школа” для педагогаў. Такім чынам, цяпер у летні перыяд свае веды павышаюць не толькі навучэнцы ў профільным лагеры, але і іх настаўнікі. Першымі праект апрабавалі дваццаць настаўнікаў біялогіі з розных устаноў адукацыі Гомельскай вобласці. Два дні “Летняй школы” былі насычанымі і даволі прадукцыйнымі: біёлагі прайшлі практычныя заняткі, успамінаючы ўніверсітэцкую праграму, і працавалі над разборам алімпіядных заданняў.
— Большасць удзельнікаў “Летняй школы” ўжо даўно скончылі ўстановы вышэйшай адукацыі, а ўзровень алімпіядных заданняў значна перавышае патрабаванні школьнай праграмы, — тлумачыць метадыст па хіміі і біялогіі аддзела прыродазнаўча-матэматычных дысцыплін ГАІРА Наталля Акуленка. — Напрыклад, каб навучэнцам вынікова выступіць ужо на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, неабходна валодаць вучэбным матэрыялам 3 курса ўніверсітэта. Таму мы дапамаглі настаўнікам успомніць тыя дысцыпліны, якія вывучаюць выключна ва ўніверсітэце, і паглыбіць веды па складаных тэмах біялогіі.
Першы дзень заняткаў прайшоў на біялагічным факультэце Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны і ўключаў у сябе лабараторны практыкум па хіміі. Правядзенне такога практыкуму абумоўлена тым, што ў апошні час для выніковага ўдзелу школьнікаў 9—11 класаў у трэцім і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі неабходна ведаць колькасны і якасны хімічныя метады аналізу, умець цітраваць, працаваць на ФЭКу (фотаэлектракаларыметр), а такое абсталяванне маецца далёка не ў кожнай установе адукацыі.
Ва ўніверсітэцкай лабараторыі настаўнікі “хімічылі” пад наглядам кандыдата хімічных навук дацэнта кафедры хіміі Святланы Панцялеевай. Святлана Міхайлаўна — нязменны памочнік у падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды па хіміі і старшыня журы. Зразумела, з задавальненнем яна ўзялася і за правядзенне лабараторнага практыкуму для настаўнікаў.
Заняткі ў лабараторыі аказаліся не толькі карыснымі, але і цікавымі. Многія з удзельнікаў “летняй школы” ў свой час вучыліся менавіта на біялагічным факультэце ГДУ імя Францыска Скарыны і з настальгіяй успаміналі свае студэнцкія гады, гэтую самую лабараторыю факультэта, выкладчыкаў і забаўныя гісторыі студэнцкіх хімічных эксперыментаў.
Як расказала Наталля Акуленка, на занятках звярталася ўвага на тыповыя памылкі, якія навучэнцы дапускаюць пры правядзенні эксперымента. Таксама падрабязна былі разгледжаны пытанні матэматычнай апрацоўкі і графічнай інтэрпрэтацыі вынікаў, якія атрымліваюцца ў ходзе эксперыментаў.
Другі дзень работы “Летняй школы” быў прысвечаны выключна разбору і аналізу алімпіядных заданняў па біялогіі з удзелам абласнога трэнера Ларысы Сапега і настаўніцы біялогіі Рэчыцкага раённага ліцэя Ірыны Раманавай. Ірына Мікалаеўна, дарэчы, падрыхтавала пераможцу заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды 2016 года. Педагогі прайшліся па самых розных раздзелах: анатомія і сістэматыка раслін, фізіялогія раслін, сістэматыка жывёл, анатомія і фізіялогія чалавека, біятэхналогія, генетыка, мікрабіялогія. Акрамя таго, педагогі, чые школьнікі наведвалі летні профільны лагер па біялогіі, атрымалі індывідуальную кансультацыю абласнога трэнера, якая акцэнтавала ўвагу на прабелах у ведах вучняў.
Усе ўдзельнікі “Летняй школы” атрымалі на электронных носьбітах матэрыялы (электронныя кнігі, матэрыялы лекцый выкладчыкаў універсітэтаў, тэксты алімпіядных заданняў) для падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”.
Самі педагогі прызнаюцца, што вынікамі правядзення “летняй школы” засталіся вельмі задаволены. Гавораць, што вельмі каштоўным было вывучыць вопыт работы абласнога трэнера і атрымаць індывідуальныя кансультацыі па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды. Арганізатары ж адзначаюць, што настаўнікі ўдасканальвалі прафесіяналізм з настроем, у чымсьці памыляліся, нешта падказвалі адно аднаму, пыталіся, удакладнялі. Ці гэта не лепшы доказ паспяховасці новага праекта, а значыць, і пацвярджэнне неабходнасці развіваць яго далей?
Што тычыцца хіміка-біялагічнага напрамку, ёсць яшчэ адна прыемная навіна. У хуткім часе на базе гомельскай гімназіі № 56 плануецца стварыць гарадскі рэсурсны хіміка-біялагічны цэнтр для школьнікаў. Перш за ўсё яго работа будзе накіравана на дапамогу школьнікам паспяхова выступаць на алімпіядах, конкурсах і турнірах.
У рэсурсным цэнтры будуць сканцэнтраваны матэрыяльна-тэхнічныя, педагагічныя і інфармацыйныя рэсурсы, неабходныя для павышэння якасці адукацыі па хіміі і біялогіі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Зараз якраз вядзецца работа па закупцы неабходнага абсталявання, падбіраецца кадравы склад супрацоўнікаў цэнтра.
Як паведаміла дырэктар гімназіі Аксана Капусціна, у рэсурсным цэнтры для кожнага навучэнца будзе выбудавана індывідуальная траекторыя хіміка-біялагічнай адукацыі ў суправаджэнні персанальных цьютараў. Важна, што ролю цьютараў у рэсурсным хіміка-біялагічным цэнтры будуць выконваць не толькі настаўнікі, але і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу гомельскіх універсітэтаў.
Гомельшчына мае нядрэнныя вынікі ўдзелу ў алімпіядах па хіміі і біялогіі. Цяпер трэба чакаць, што навучэнцы абласных устаноў адукацыі ўзнімуцца на новую прыступку. Тым больш што ў вобласці склалася цеснае супрацоўніцтва ў рамках “школа — універсітэт”. Калі кожны, ад настаўніка да рэктара, разумее, што такое ўзаемадзеянне накіравана на агульную справу, несумненна, вынікі не прымусяць доўга чакаць.
Наталля ЛУТЧАНКА.