Вучацца эксперты

- 11:55World Skills

Усё менш і менш часу застаецца да пачатку II нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus, у рамках якога ўпершыню будзе праводзіцца Рэспубліканскі конкурс JuniorSkills Belarus. Таму на сённяшні дзень актуальнымі з’яўляюцца пытанні падбору і падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу і экспертаў, распрацоўкі конкурсных заданняў і сістэмы іх ацэньвання. Улічваючы тое, што Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці з’яўляецца каардынуючым органам у правядзенні JuniorSkills Belarus, сёння ён стаў і маштабнай пляцоўкай для правядзення вучэбных семінараў для арганізатараў і экспертаў такога спаборніцтва. Нядаўна на адным з іх эксперты вывучалі правілы правядзення Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills і сістэму ацэньвання СIS у адпаведнасці з патрабаваннямі WorldSkills International па конкурсных кампетэнцыях JuniorSkills. Аб гэтым паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці С.М.Сачко.

Больш за 40 спецыялістаў з устаноў адукацыі Беларусі і Мінска прыехалі ў Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, каб атрымаць адрасную метадычную дапамогу па пытаннях, якія тычацца асаблівасцей, правіл правядзення Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills і сістэмы ацэньвання конкурсных заданняў.
У ходзе семінара абмяркоўваліся пытанні распрацоўкі і запуску механізмаў рэалізацыі конкурсу ў рэгіёнах: навучанне экспертаў, распрацоўка праграм навучання школьнікаў асновам прафесійных кампетэнцый, асаблівасці арганізацыі і правядзення ўсіх этапаў конкурсу, пытанні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння яго рэспубліканскага этапу. Для больш прадукцыйнай дзейнасці ўдзельнікаў семінара секцыі працавалі па канкрэтных конкурсных кампетэнцыях. Работу секцый забяспечылі галоўныя эксперты конкурсных кампетэнцый, аўтары-распрацоўшчыкі конкурсных заданняў: “Мабільная робататэхніка” — Рыгор Аляксандравіч Пракаповіч, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі мадэлявання самаарганізавальных сістэм Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; “Прамысловая робататэхніка” — Сяргей Леанідавіч Герасюта, загадчык сектара робататэхнікі лабараторыі мадэлявання самаарганізавальных сістэм таго ж інстытута; “Прататыпаванне” — Юрый Уладзіміравіч Альшанік, інжынер-канструктар навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут лічбавага тэлебачання “Гарызонт”. Для распрацоўкі заданняў па конкурснай кампетэнцыі “Тэхналогія беспілотных лятаючых апаратаў” быў запрошаны дацэнт кафедры беспілотных авіяцыйных комплексаў і баявога кіравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Дзмітрый Аляксандравіч Дзьякаў. Работу секцый па іншых конкурсных кампетэнцыях забяспечылі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. У ходзе работы экспертаў на секцыях разглядаліся пытанні, якія тычацца структуры, зместу, распрацоўкі заданняў па асобных кампетэнцыях. Удзельнікі семінара абмяркоўвалі ход падрыхтоўкі канкурсантаў, фармiравання каманд для ўдзелу ў раённых, абласных і рэспубліканскім этапах конкурсу. Было актуальным і пытанне фарміравання экспертных супольнасцей для арганізацыі і правядзення ўсіх этапаў конкурсу.
Асобнай тэмай на семінары стала абмеркаванне правілаў ацэньвання конкурсных заданняў і распрацоўкі крытэрыяў ацэньвання. Работнікі цэнтра Сяргей Генадзьевіч Кулакоў, загадчык лабараторыі робататэхнікі, Ігар Мікалаевіч Мацюшка, загадчык кабінета інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі, падзяліліся сваім вопытам, назапашаным на праектным семінары “JuniorSkills як масавы агульнарасійскі і міжнародны рух”, які адбыўся ў Расійскай Федэрацыі.
У ходзе семінара ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці разглядаліся пытанні ўзгаднення агульнага разумення ключавых элементаў, эфектыўных механізмаў і мадэлей развіцця JuniorSkills, выпрацоўкі асноўных падыходаў да стварэння метадычных матэрыялаў для конкурсу JuniorSkills, вызначэння прыярытэтных напрамкаў дзейнасці па развіцці руху на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.