Вучэбны кабінет гісторыі і грамадазнаўства: фарміруем у вучняў навыкі і ўменні з улікам іх прымянення на практыцы

- 11:16Образование, Портфолио

Як выбудаваць сістэму работы, якая дазволіць сфарміраваць у навучэнцаў новыя навыкі і ўменні з улікам іх прымянення на практыцы? Адным са складнікаў гэтай сістэмы з’яўляецца патэнцыял вучэбнага кабінета.

Я распрацавала мадэль адукацыйнай прасторы вучэбнага кабінета гісторыі і грамадазнаўства.

Блок 1. Арганізацыйны

Гэты блок змяшчае нарматыўную прававую і лакальную дакументацыю, пералік якой дазваляе спланаваць работу па навучанні ў кабінеце.

Аналіз работы вучэбнага кабінета дазваляе вызначыць, якія напрамкі работы найбольш актуальныя і выніковыя, з іх улікам і плануецца работа ў кабінеце на наступны навучальны год. Так, у 2023/2024 годзе на базе кабінета былі створаны ўмовы для арга­нізацыі і правядзення першага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Гісторыя Беларусі”, “Сусветная гісторыя” і “Грамадазнаўства”. Асаблівая ўвага ўдзялялася рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі, што пацвярджаецца высокім вынікам на другім і трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамада­знаўстве.

Блок 2. Інфармацыйны

Наяўнасць інфармацыйнага акаўнта дазваляе ў поўнай меры стварыць банк рознаўзроўневых заданняў па трох вучэбных прадметах: “Гісторыя Беларусі”, “Сусветная гісторыя”, “Грамадазнаўства”. Заданні распрацоўваюцца такім чынам, каб задаволіць патрэбы высокаматываваных навучэнцаў у падрыхтоўцы да алімпіяды, здачы ЦЭ/ЦТ і абавязковага экзамену па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі” пасля завяршэння навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Заданні адкрытага і закрытага тыпу з выкарыстаннем QR-кода навучэнцы выконваюць самастойна, а правяраюць на факультатыўных занятках або кансультацыях, прадугледжаных планам работы вучэбнага кабінета.

Заданні размяшчаюцца ў блогу настаўніка і знаходзяцца ў папцы “Падрыхтоўка да ЦЭ” або на платформе “Рашу ЦТ”. Складзены яны ў адпаведнасці з праграмай па падрыхтоўцы да ЦТ/ЦЭ і структураваны па тэмах і раздзелах. Выбіраем неабходную тэму пры дапамозе QR-кода, заходзім у заданні, выконваем, правяраем, карэкціруем адказ і адпрацоўваем змест вучэбнага матэрыялу па пытанні, дзе дапушчана памылка. Так, тэст па тэме “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, органы дзяржаўнага кі­равання” прапануецца на ўроках грамадазнаўства ў 9 класе, а заданні па ёй уключаны ў ЦТ/ЦЭ.

Тэматычныя карткі па раздзелах “Сацыяльная сфера” і “Палітычная сфера”, размешчаныя ў блогу ў папцы “10 клас, вучэбны прадмет “Грамадазнаўства”, распрацаваны з улікам практычных і тэарэтычных заданняў.

Блок 3. Храналагічны

Гісторыю немагчыма ве­даць без асноўных дат, падзей і гістарычных персаналій. Пастаянная трэніроўка ў рабоце з храналогіяй — адна з умоў паспяховай здачы ЦТ і ЦЭ па гісторыі. На бакавой сцяне вучэбнага кабінета размешчана лінія часу, на якой адзначаецца інфармацыя пра самыя важныя падзеі ў храналагічнай паслядоўнасці кожнага гістарычнага перыяду, зазначаны назвы асноўных падзей і іх удзельнікі. Таймлайны выкарыстоўваюцца для фарміравання ў вучняў сістэмнага погляду на гістарычныя працэсы. Выкарыстанне храналагічнай лінейкі садзейнічае развіццю ў навучэнцаў пазнавальнай цікавасці, крытычнага мыслення, умення аналізаваць, класіфікаваць вучэбны матэрыял.

Лінія часу дазваляе навучэнцам перадыхнуць, убачыць, што іменна можа з’яўляцца канчатковым прадуктам вывучэння тэмы, раздзела або гістарычнага перыяду, што трэба ведаць і ўмець для паспяховага засваення кожнай наступнай тэмы.

Асноўныя перавагі таймлайнаў — шматразовасць выкарыстання (з выкарыстаннем адной і той жа лініі часу можна право­дзіць заняткі з навучэнцамі розных класаў, у тым выпадку, калі перыяды і тэмы супадаюць у класах), сацыяльнасць (перыяд, раз­дзел або тэму можна праглядаць адначасова вялікай колькасці навучэнцаў, каменціраваць і даваць ацэнку), мультымедыйнасць (на таймлайне можна размяшчаць не толькі тэкставыя паведамленні, але і графіку, а таксама відэа і дадатковую інфармацыю з выкарыстаннем QR-кода), дызайн (афармленне акуратнае і прывабнае, зроблена ў адзіным стылі). Таймлайн як візуальная платформа асабліва важная для тых дзяцей, якія лягчэй засвойваюць вучэбны матэрыял ад агульнага да прыватнага.

Блок 4. Картаграфічны

Карта з’яўляецца неабходным сродкам нагляднага раскрыцця сувязей гістарычнага працэсу. Ведаць карту — гэта не толькі ведаць яе сімволіку, гарады, межы, рэкі, але і бачыць за гэтымі ўмоўнымі знакамі жывую гістарычную рэчаіснасць, складанасць эканамічных, сацыяльна-палітычных і культурных узаемаадносін. Толькі з дапамогай карты можна азіраць любую тэрыторыю ці рэгіён, вызначаць месцазнаходжанне аб’ектаў, выяўляць сувязі і залежнасці паміж імі. Карта — гэта і спосаб візуалізацыі, які дазваляе не толькі актывізаваць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў і развіваць візуальнае мысленне, але і павышае матывацыю да вывучэння прадмета.

У вучэбным кабінеце створана мадэль насценнай інтэрактыўнай карты па гісторыі Беларусі. На ёй з улікам тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак размяшчаюцца заданні адкрытага і закрытага тыпу, аб’екты (помнікі, гістарычныя месцы, персаналіі, падзеі) і заданні да аб’ектаў, навучэнцы могуць выконваць заданні, знаходзячыся ў кабінеце ў свабодны ад урокаў час і самастойна дома. Выконваючы заданні, яны маюць магчымасць выкарыстоў­ваць асноўныя і дадатковыя кры­ніцы інфармацыі. Новую інфармацыю ў электронным варыянце можа прадставіць кожны навучэнец з мэтай абнаўлення інфармацыі на карце. Інфармацыя правяраецца і абнаўляецца раз у чвэрць членамі савета кабінета.

Для шасцікласнікаў гісторыя Беларусі з’яўляецца працягам вучэбнага прадмета “Мая Радзіма Беларусь”. Інтэрактыўная карта ўзмацніла матывацыю вывучэння гістарычнага матэрыялу, стала квеставай або гульнявой формай работы, ператварылася ў новае гістарычнае падарожжа па канкрэтнай тэме. Гістарычны экскурс па карце для школьнікаў пачынаецца з полацкай зямлі. Па тэме “Полацкае княства ў X—XI стст.” распрацаваны блок заданняў, у які ўключаны ілюстраваныя заданні адкрытага тыпу.

Блок 5. Дыдактычны

Як наблізіцца да калегі ці навучэнца на адлегласці? Як узаемадзейнічаць і мець зваротную сувязь? Як выклікаць матывацыю працаваць самастойна і атрымліваць добрыя вынікі?

Кожны настаўнік лічыць свой прадмет важным і цікавым. Я прыняла рашэнне скарыстацца новым дадатковым інструментам для павышэння цікавасці навучэнцаў да маіх прадметаў і ства­рыць блог настаўніка-прадметніка, які будзе садзейнічаць інтэграцыі настаўніка і навучэнца ў адзіную адукацыйную прастору для пастаяннага і сістэмнага ўзаема­дзеяння.

На платформе сістэматызаваны матэрыялы па сусветнай гісторыі, гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве па пяці напрамках: распаўсюджванне вопыту, трэ­нажоры, алімпіяды, даследаванні, экзамены. Так, размяшчаючы матэрыял па распаўсюджванні вопыту, акцэнт раблю на электронных сродках навучання. Напрыклад, у рамках абласнога конкурсу “Педагагічная IT-мазаіка” я распрацавала інтэрактыўную стужку часу “Князь Вітаўт — стваральнік дзяржавы “ад мора да мора”, якая размешчана на асноўнай панэлі блога і знаходзіцца ў адкрытым доступе для ўсіх карыстальнікаў, а таксама змяшчаюцца метадычныя матэрыялы з вопыту работы.

Тэматычныя тэставыя заданні розных тыпаў і розных форм (у вордаўскім варыянце і Google Forms), а таксама творчыя заданні на платформе LearningApps. На аснове пройдзенага матэрыялу сваім навучэнцам я загадзя паведамляю, па якім прадмеце і па якой тэме адпрацаваць заданні для замацавання і кантролю ведаў. Заданні, якія выклікаюць цяжкасці, разбіраюцца індывідуальна падчас карэкцыі ведаў або на факультатыўных занятках. Трэнажоры выкарыстоўваюцца як на ўроку, так і ў якасці дамашніх заданняў.

Алімпіядныя заданні па гісторыі Беларусі размяжоўваю па блоках: тэставы, работа з дакументамі, ілюстрацыйны, картаграфічны, персаналій. Такая сістэматызацыя дазваляе выбіраць заданні з улікам патрэб і інтарэсаў навучэнцаў.

Багатая гісторыя мінулага і сучаснага аграгарадка Лошніца стала асновай для правядзення даследаванняў. Менавіта краязнаўства, як ніякая іншая дысцыпліна, выхоўвае ў падрастаючага пакалення прыналежнасць да гісторыі сваіх продкаў, прымушае пераасэнса­ваць мінулае і параўнаць яго з сучаснасцю праз пошук, даследаванні.

Удзельнікамі даследчай дзейнасці па гісторыі з’яўляюцца навучэнцы 5—11 класаў. У банк даследчых работ увайшлі работы, якія былі прадстаўлены за апошнія пяць гадоў на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах: “Узаемасувязь айконімаў, гідронімаў і аронімаў у назвах вуліц Лошніцы з гістарычным развіццём пасёлка”, “Тапонімы ў назвах вёскі Лошніца”.

Даследаванне па тэме “След князя Вітаўта: шлях у Смаленск” прывяло не толькі да напісання даследчай работы, але і да распрацоўкі электронных дадаткаў з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў: TikTok — стужка часу і ілюстраваны слоўнік тапонімаў “Імем Вітаўта”, Google Планета Зямля — віртуальная экскурсія “Шляхам Вітаўта”, пазнавальна-забаўляльная гульня “След князя Вітаўта”.

Не засталіся без увагі заданні для падрыхтоўкі да ЦЭ/ЦТ, а таксама для падрыхтоўкі да абавязковага экзамену па гісторыі Беларусі пасля завяршэння навучання і выхавання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. 25 кейсаў, дзе кожны кейс адпавядае аднаму білету і складаецца з тэарэтычнага і практычнага пытання, прэзентацыі і відэафрагмента. Гэтыя кейсы дазволілі знізіць трывожнасць навучэнцаў пры здачы ЦТ або ЦЭ, наблізіць да станоўчага выніку, упусціць свае прадметы ў кожны дом, пашырыць геаграфію карыстальнікаў.

Створаны блог настаўніка-прадметніка з’яўляецца маім прафесійным партфоліа для трансляцыі педагагічнага вопыту, а таксама новай платформай для дыстанцыйнага супрацоўніцтва з калегамі і навучэнцамі з атрыманнем зваротнай сувязі.

Такім чынам, уся сумесная работа навучэнца і настаўніка ў вучэбным кабінеце накіравана на вынік кожнага навучэнца.

Галіна ГАЛУЗА,
настаўніца гісторыі
Лошніцкай гімназіі
Барысаўскага раёна