Вучыць разумець музыку

- 10:47Навіны рэгіёнаў

Без перабольшання можна сказаць, што Марыя Уладзіміраўна Вярбіцкая ўсё сваё жыццё аддала дадатковай адукацыі. На працягу 35 гадоў яна працуе ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна Гомеля. За гэты час педагог выхавала не адно пакаленне таленавітых дзяцей, з якімі шчодра дзялілася і працягвае дзяліцца сваім майстэрствам і талентамі.

Дзеці з вялікім задавальненнем наведваюць вакальную студыю “Акцэнт”, якой кіруе Марыя Уладзіміраўна. Справа не толькі ў тым, што тут пад яе кіраўніцтвам хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца любімай справай, — заняткі ў студыі заўсёды праходзяць жыва і цікава. Кожны дзень педагог імкнецца зрабіць непаўторным. Заняткі яна праводзіць у розных формах — гэта і праслухоўванне музычных твораў, пеўчыя гульні, распяванне пацешак, вывучэнне харавога сальфеджыа. Такая работа захапляе дзяцей, выхоўвае эстэтычна, развівае ў іх цікавасць, творчую ініцыятыву, успрымальнасць, арганізатарскія здольнасці. Марыя Уладзіміраўна лічыць, што выхаванне асобы дзіцяці не менш важнае, чым развіццё яго здольнасцей. І яна выдатна спраўляецца з гэтымі дзвюма задачамі, выхоўваючы асобу сродкамі вакальнага мастацтва, вучыць разумець музыку, развівае ў дзяцей музычны густ.

Марыя Вярбіцкая і сама валодае цудоўным акадэмічным вакалам, песні ў яе выкананні пакідаюць глыбокі след у сэрцах слухачоў. Гэтаму яна вучыць і сваіх выхаванцаў. Карпатлівая праца педагога дае свае вынікі. Вучні Марыі Уладзіміраўны — дыпламанты гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў вакальнай творчасці. Сярод іх — ансамбль хлопчыкаў, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу “Усе мы родам з дзяцінства”, лаўрэаты III Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу “Сузор’е надзей” салісткі калектыву Дзіна Барчан і Юля Пінькевіч, дыпламант міжнародных конкурсаў у Маскве Лізавета Мядзведзева, дыпламанты Міжнароднага конкурсу “Хваля ідэй” у Балгарыі Марыя Шэвелева і Арцём Глазуноў. Многім вядома імя яшчэ адной выхаванкі М.У.Вярбіцкай — Дзіяны Громавай. Яна фіналістка адборачных тураў Беларусі “Песня для Еўрабачання”, уладальніца спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, удастоена пяці залатых і аднаго бронзавага медалёў на ХІV Сусветным чэмпіянаце выканальніцкага мастацтва ў Галівудзе. Пералічваць дасягненні педагога і яе выхаванцаў можна бясконца.

Марыю Уладзіміраўну любяць і паважаюць не толькі дзеці. Для калег яна таксама блізкі і аўтарытэтны чалавек. Нязменны арганізатар калектыўных творчых спраў, кіраўнік вакальнага ансамбля педагогаў цэнтра творчасці, яна не дасць засумаваць нікому, яе актыўнасць іншы раз проста ўражвае.

Праца Марыі Уладзіміраўны Вярбіцкай адзначана мноствам узнагарод, сярод якіх і Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі. М.У.Вярбіцкая была сярод дэлегатаў II Рэспубліканскага з’езда настаўнікаў. Яна дыпламант Абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Пазашкольнік года — 2006”, занесена ў кнігу рэкордаў “Абласны педагагічны алімп” у намінацыі “Раскрыццё таленту ў вакальным мастацтве”.

Кажуць, што праца педагога адлюстроўваецца ў яго вучнях. Калі так, то Марыя Уладзіміраўна — сапраўдны прафесіянал і проста шчаслівы чалавек, бо шматлікія юнакі і дзяўчаты з гонарам расказваюць, што вучыліся ў педагога Вярбіцкай.

Наталля ЛУТЧАНКА.