Вучым і выхоўваем па-беларуску

- 10:38Дашкольная адукацыя

Яслі-сад № 36 Мазыра на працягу 10 гадоў з’яўляецца апорнай установай у раёне па навучанні дзяцей беларускай мове. У садзе праводзяцца мерапрыемствы і для педагогаў па ўдасканаленні ведання роднай мовы. У прыватнасці, дзейнічае гурток “Беларусачка” і кансультатыўны пункт, работу якога арганізоўвае намеснік загадчыка ўстановы Таццяна Філіпаўна Рудык. Напрацоўкі педагогаў 36-га сада прымяняюць у сваёй рабоце іх калегі з іншых дашкольных устаноў горада.

У садзе працуе і праблемная мікрагрупа, якую вядзе выхавальнік Таццяна Пятроўна Ганцэвіч. У яе ўваходзяць выхавальнікі, якія добра валодаюць беларускай мовай і жадаюць перадаць свой вопыт калегам. У іх ліку педагогі з вялікім вопытам работы Раіса Пятроўна Бічан, Вольга Фёдараўна Бужан, Надзея Рыгораўна Раманішка і інш. Яны склалі пералік неабходных метадычных і дыдактычных дапаможнікаў, распрацоўваюць канспекты заняткаў на роднай мове, ствараюць у садзе развіццёвае асяроддзе з нацыянальным каларытам (склалі рэкамендацыі па аснашчэнні беларускіх куткоў і цэнтраў дзіцячай дзейнасці атрыбутамі, што стымулююць малышоў да выкарыстання роднай мовы).

“Мы ўжо дасягнулі пэўных вынікаў у гэтым кірунку, у нашай дашкольнай установе акрэслілася свая сістэма работы, — адзначае загадчык установы Таццяна Мікалаеўна Грыб. — Экспанаты міні-музея “Беларуская хатка”, які створаны ў садзе, збіраў увесь яго калектыў. Выхаванцы з вялікай цікавасцю знаёмяцца з прадметамі побыту нашых продкаў, а старшыя дашкольнікі нават спрабуюць сябе ў ролі экскурсаводаў па музеі. Знаёмства дзяцей з беларускім словам, з нацыянальнай культурай пачынаецца з ранняга ўзросту. Самы каштоўны матэрыял пры гэтым — дзіцячы фальклор. На першых падобных занятках малышы слухаюць калыханкі. Выхаванцы першай малодшай групы вучацца спяваць “ката”, як казалі некалі нашы бабулі. Няма нічога больш ласкавага, чым голас жанчыны-матулі, якая спявае калыханку. Пяшчотнае выкананне выхавальніцы нагадвае малышам хатнюю ўтульнасць, маці, і гэта супакойвае іх, дазваляе ўстанавіць з дарослым добразычлівыя ўзаемаадносіны. Потым, гуляючы з лялькамі, дзеці самі закалыхваюць іх і спяваюць. Каб зацікавіць выхаванцаў пэўным беларускім творам, заахвоціць іх да паўтарэння і запамінання слоў, педагогі суправаджаюць свае расказы нагляднымі матэрыяламі (малюнкамі, цацкамі, аўтарскімі тэматычнымі слоўнікамі з яркімі ілюстрацыямі). Некаторыя забаўлянкі, песні, вершы складзены ў форме дыялогаў, што малышам асабліва падабаецца. Педагогі сада сабралі альбом твораў вуснай народнай творчасці. Калі гэтыя творы гучаць у выкананні дарослых, малышы нібы акунаюцца ў тэатральнае дзейства, удзельнічаюць у ім нароўні з педагогам (“Ладачкі-ладкі”, “Гушкі-гушкі”, “Сарока-варона”). Адначасова дзеці вучацца разумець беларускае слова, узнаўляць пачутае”.

На развіццё маўлення ўплываюць і гульні, падчас якіх дзеці запамінаюць словы роднай мовы і ўжываюць іх у правільным кантэксце, таму што дакладна разумеюць сэнс таго, што гавораць. Дыдактычныя гульні педагогі ўстановы выкарыстоўваюць як на агульных занятках, так і ў індывідуальнай рабоце. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць народным гульням, якія адлюстроўваюць традыцыі і характар беларусаў. Такія гульні прымяняюць у сваёй рабоце не толькі выхавальнікі, але і настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік, кіраўнік па фізічным выхаванні (у яго арсенале беларускія рухавыя, карагодныя гульні, што прывіваюць цікавасць да мастацкага слова). Некаторыя гульні складзены самімі педагогамі. Выхаванцам падабаецца прымаць удзел у драматызацыях па сюжэтах беларускіх народных казак і вершаў. Дзеці лёгка запамінаюць словы герояў твораў, а потым выкарыстоўваюць іх і ў штодзённым жыцці.

З дапамогай альбомаў з фотаздымкамі роднай прыроды педагогі вучаць дзяцей адчуваць прыгажосць беларускіх краявідаў, жаданне берагчы іх і ахоўваць. Альбомы “Сучасны і старажытны Мазыр”, “Народныя традыцыі”, “Мастацтва Беларусі”, а таксама вершы пра родны горад і свой дзіцячы сад даносяць да выхаванцаў спрадвечныя ісціны, што “Усюды добра, а дома лепш”, што “Радзіма ярчэйшая за сонца і каштоўнейшая за золата” і г.д.

Вялікая ўвага ў садзе ўдзяляецца знаёмству дашкольнікаў з народнымі рамёствамі Беларусі: ткацтвам, пляценнем, упрыгожваннем рэчаў з дапамогай арнаменту. Дзеці засвойваюць назвы элементаў арнаменту, замацоўваюць веды не толькі аб дзяржаўных, але і народных сімвалах. Педагогі арганізоўваюць для дзяцей цікавыя сустрэчы і паездкі, напрыклад, у этнаграфічны музей вёскі Прудок. У памяшканні сада праходзяць выставы экспанатаў гарадскога Цэнтра рамёстваў.

Нельга не адзначыць работу з бацькамі, якія падтрымліваюць педагогаў у іх захапленнях. Падчас сумесных мерапрыемстваў яны дэманструюць сваё веданне роднай мовы. Найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца такія формы работы з сем’ямі, як вечары беларускай паэзіі, гульня “Што? Дзе? Калі?”, а таксама сустрэчы з мазырскімі паэтамі і мастакамі.

“Мая дачка Ева наведвае другую малодшую групу дзіцячага сада № 36, — адзначыла маці выхаванкі ўстановы Хрысціна Валер’еўна Фірсава. — І аднойчы вечарам я пачула, як яна спявае калыханку сваёй ляльцы на беларускай мове. Дачка сказала, што разам з усімі ў групе яны развучвалі гэты напеў. Я зразумела, што прыйшла пара займацца з ёй дома вывучэннем беларускай мовы і культуры. Мы з мужам сталі актыўнымі ўдзельнікамі святочных мерапрыемстваў у дзіцячым садзе, шмат якіх праходзіла на роднай мове. І самі ўсур’ёз захапіліся вывучэннем нацыянальнай культуры. Ева вельмі дапытлівая і цікаўная, і мне як маме хочацца, каб дачка вырасла рознабакова развітой і адукаванай, ведала гісторыю і традыцыі сваёй краіны. Выхаванне павагі да культуры Беларусі паспрыяе, я ўпэўнена, таму, што мая дачка ў будучыні будзе паважліва ставіцца да традыцый і іншых народаў. Параіўшыся з выхавальнікамі, мы з мужам стварылі дома для Евы асобны куток, які папаўняецца прадметамі народнага побыту і культуры. У дзіцячым садзе нам парэкамендавалі шэраг кніг беларускіх пісьменнікаў для дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту, якія можна пачытаць з дачкой. Ёсць дома і невялікая калекцыя дзіцячых казак на роднай мове. На сайце нацыянальнага адукацыйнага партала Рэспублікі Беларусь, ЮНІСЕФ, Казкі.бай мы знайшлі шмат цікавых загадак, вершаў, прыказак і прымавак. Вельмі падабаюцца Еве мультфільмы з серыі “Прыгоды і паходы”, а таксама электронная кніга “Гадуем беларусаў”, дзе ёсць аўдыяказкі, калыханкі на беларускай мове, флэш-гульні для вывучэння роднай мовы. Ева з захапленнем гуляе з намі ў флэш-гульні, падчас якіх мы замацоўваем пэўныя веды, напрыклад, назвы кветак на беларускай мове. Тата прымае актыўны ўдзел ва ўсіх дзействах. Па дарозе з сада ён разам з дачкой прыдумаў гульню “Перакладчык”, у якую трэба гуляць з мячом. Зараз гэта самая любімая наша сумесная гульня”.

“Вось так, крок за крокам, мы разам з нашымі дзецьмі рухаемся наперад у вывучэнні роднай мовы, — робіць выснову загадчык установы Таццяна Мікалаеўна Грыб. — Прыйдзе час, і сённяшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучыню нашай Радзімы. І ўжо сёння неабходна зрабіць усё магчымае, каб гэтая будучыня была дастойнай, каб краіна жыла і развівалася. Толькі той народ, які даражыць сваёй гісторыяй і спадчынай, можа па-сапраўднаму клапаціцца і аб наступных пакаленнях”.

Надзея ЦЕРАХАВА.