Вучні маларыцкай школы № 2 працягваюць эстафету памяці аб вайне, закладзеную дзецьмі-сіротамі пасля Вялікай Айчыннай

- 13:241944: путь к освобождению

Маларыцкая сярэдняя школа № 2 вядзе сваю гісторыю з 1944 года, калі ўжо праз месяц пасля вызвалення ад фашыстаў у горадзе адкрыўся дзіцячы дом. Яго выхаванцы шмат зрабілі для захавання памяці аб подзвігах савецкіх байцоў. Сённяшнія вучні школы годна працягваюць гэтую работу. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Цёплы дом

Горад Маларыта Брэсцкай вобласці быў адным з апошніх беларускіх населеных пунктаў, якія Чырвоная Армія вызваліла ад нямецка-фашысцкай навалы падчас наступальнай аперацыі “Баграціён”. Доўгачаканую свабоду ён атрымаў 20 ліпеня 1944 года, яе прынеслі байцы 76-й, 160-й і 38-й стралковых дывізій 1-га Беларус­кага фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі.

Выхаванцы Маларыцкага дзіцячага дома пасляваенных гадоў. Фота з архіва

Як толькі горад уздыхнуў свабодна, ужо ў жніўні 1944 года тут адкрылі дзіцячы дом. У ім знайшлі прытулак 130 дзяцей-сірот, якіх вайна пакінула і без бацькоў, і без даху над галавой. Спачатку дзяцей размяшчалі па ацалелых хатах, потым пабудавалі асобны будынак.

— Тады, як і зараз, на справе кіраваліся прынцыпам: “Усё лепшае дзецям”. Пасляваенныя часы былі цяжкія, аднак дзяржава забяспеч­вала дзіцячы дом патрэбнымі прадуктамі. Чым маглі, дапамагалі мясцовыя жыхары. Выручала і свая падсобная гаспадарка — вырошчвалі агародніну, разводзілі трусоў. Горш ішлі справы з абуткам і адзеннем, у спустошаным вайной краі іх не было дзе ­ўзяць. Але і гэтую праблему вырашылі дзякуючы шэфам — маракам Балтыйскага флоту, — расказвае намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Людміла Ярмашук.

Пад кіраўніцтвам настаўнікаў і выхавальнікаў дзеці ўжо тады пачалі збіраць першыя матэрыялы аб подзвігу народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ім было гэта блізка і важна, бо бацькі многіх аддалі сваё жыццё, змагаючыся ў радах партызан і байцоў Чырвонай Арміі.

Да таго ж некаторыя хлопцы і дзяўчаты самі ў вайну далучыліся да народных мсціўцаў. Баявое мінулае было і ў іх настаўнікаў. Вядома, што першым дырэктарам дзіцячага дома была партызанка Марыя Фёдараўна Шульжык, а крыху пазней франтавік Мікалай Гаўрылавіч Губарэвіч. Дарэчы, сёння ў школе працуе настаўнікам англійскай мовы яго ўнук Валерый Давыдоўскі.

— Падчас вайны мой дзед служыў у разведцы, чалавекам быў мужным, прынцыповым. Для яго было справай гонару не толькі забяспечыць сірот усім неабходным, але і выхаваць іх годнымі людзьмі. Былыя супрацоўнікі ўспаміналі, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, у дзіцячым доме адкрыліся харавы і танцавальны гурткі, і Мікалай Гаўрылавіч не шкадаваў грошай на касцюмы і музычныя інструменты. І, вядома ж, шмат сіл разам з калегамі паклаў на тое, каб выха­ваць у дзяцей працавітасць, адказ­насць, любоў да Радзімы, гордасць за яе, — адзначае Валерый Мікалаевіч. 

У 1962 годзе дзіцячы дом быў рэарганізаваны ў школу-інтэрнат, работа па захаванні гістарычнай памяці працягнулася ўжо ў ёй. Дзеці і настаўнікі ўдзельнічалі ў раскопках на месцах жорсткіх баёў, якія праходзілі на Маларытчыне ў першыя дні вайны, і шмат чаго там знайшлі. Юныя следапыты вярталі з небыцця імёны загінуўшых байцоў і адпраўлялі лісты іх родным ва ўсе канцы Савецкага Саюза. У адказ атрымлівалі шчырыя падзякі, сваякі воінаў прыяз­джалі на Маларытчыну наведаць дарагія для іх магілы.  

Так, ад усяго сэрца дзякавала маларыцкім следапытам маці ­байца Івана Палішава з Кузбаса. За тое, што нарэшце змагла даведацца, дзе і як загінуў яе сын. І за тое, што даглядаюць яго магілу. Яна падзялілася, што сыноў у яе было чацвёра, усе ваявалі, трое дадому так і не вярнуліся… Цёплы ліст прыйшоў ад важатых школы казахстанскага пасёлка Чаган, у якой вучыўся другі загінуўшы герой Жубаткан Бекпанаў. Яны расказалі, што, дзякуючы маларыцкім школьнікам, не толькі даведаліся пра лёс свайго земляка, але і ініцыіравалі ўвекавечанне яго памяці. Імем байца названа вуліца ў пасёлку і піянерская дружына. 

Летам 1964 года лепшыя юныя следапыты былі ўзнагароджаны паездкай у Маскву, дзе су­стрэліся з праслаўленым маршалам Аляксандрам Васілеўскім. А летам 1969-га навучэнцы школы-інтэрната прынялі ўдзел у 13-дзённай экспедыцыі па баявым шляху 76-й Гвар­дзейскай стралковай дывізіі, якім яна ішла ў пераможным 1944-м. Зрабілі гэта разам з вучнямі Ратноўскай школы-інтэрната Валынскай вобласці і сярэдняй школы № 1 Чарнігава.

Знаходкі і даследаванні выхаванцаў былі пакладзены ў аснову школьнага музея “Патрыёт”, які расчыніў дзверы ў 1963 годзе. Эстафету пераняла сярэдняя школа № 2, якая адкрылася ў 1977 го­дзе ў новым будынку на месцы расфарміраванай школы-інтэрната. Калі ў 1993 годзе ў Маларыце ўзвялі новую школу, паўстала пытанне аб закрыцці ўжо існуючай — у цяжкія 90-я гады сродкаў на яе рамонт не было. Аднак калектыў установы адукацыі ўласнымі сіламі ажыццявіў патрэбныя работы, і школу атрымалася захаваць. Сёння тут атрымліваюць веды 585 навучэнцаў.  

Коды памяці 

Музей “Патрыёт” па-ранейшаму размяшчаецца ў адной з былых пабудоў дзіцячага дома, утульнай хатцы з ганкам. Мала ў якім школьным музеі пабачыш так многа самых разнастайных рарытэтаў ваенных часоў. У асноўным гэта рэчы, знойдзеныя школьнікамі пасля­ваенных пакаленняў і сучаснымі пошукавікамі падчас раскопак. Тут элементы зброі, адзення, салдацкага побыту, медыцынскія прыстасаванні, штабныя дакументы, якія знайшлі загорнутымі ў плашч-палатку, і нават невялікая калекцыя нацельных крыжыкаў і медальёнаў.

Асобныя стэнды музея прысвечаны абаронцам Маларытчыны з 75-й стралковай дывізіі і яе вызваліцелям з 76-й, 160-й і 38-й стралковых дывізій. Шырока прадстаўлена дзей­насць партызан і падпольшчыкаў, расказваецца аб ураджэнцах Маларытчыны — ­удзельніках штурму Берліна.

— З 2014 года мы супрацоўнічаем з аб’яднаннем сваякоў салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі, якое дзейнічае ў Расіі. ­У памятны дзень 22 чэрвеня да нас заўсёды прыязджаюць яго ­ўдзельнікі, здаралася і да 30 чалавек. Яны наведваюць брацкія магілы, дзе пахаваны іх дзяды і пра­дзеды, прыходзяць да нас у школу. Перадалі для музея “Патрыёт” кнігі, асабістыя рэчы сваіх ваяваўшых продкаў, такія як франтавы бінокль, афіцэрскі планшэт, — расказвае кіраўнік музея “Патрыёт” Аляксандр Кардзялюк. — Для дзяцей гэта годны прыклад таго, як трэба ведаць і паважаць гісторыю сваёй сям’і і краіны. 

Музей з’яўляецца цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў. Тут праводзяцца класныя гадзіны, урокі мужнасці, экскурсіі і сустрэчы. Працуе аб’яднанне па інтарэсах “Музейная справа”, пошукавы атрад. Дзеці даследу­юць біяграфіі сваіх ваяваўшых продкаў, членаў сем’яў аднакласнікаў, суседзяў, знаёмых. Знойдзеную інфармацыю пра байцоў уносяць на сайт праекта “Беларусь памятае. Памятае кожнага”, пішуць даследчыя работы.

Калі пошукавікі знаходзяць раней невядомыя магілы байцоў, школьнікі ўдзельнічаюць ва ўрачыстых цырымоніях перапахавання. Вось і нядаўна такая чарговы раз прайшла на Кургане Славы аграгарадка Хаціслаў.  

Да 80-годдзя вызвалення Беларусі школа сумесна з раённай бібліятэкай завяршыла важны маштабны праект. Дзеці з настаўнікамі сабралі інфармацыю пра больш як 60 ваенных помнікаў, якія ёсць у Маларыце і кожным сельсавеце раёна. А потым выдалі буклеты аб іх з QR-кодамі, па якіх на сайце бібліятэкі можна атры­маць дадатковую інфармацыю. Зараз працуюць над наступным праектам “Квест-бук” — кнігай аб 22 знакавых мясцінах Маларыты, у тым ліку звязаных з яе ваеннай гісторыяй, з QR-кодамі і гульнявымі фарматамі.   

Працягваюць сённяшнія вучні і добрую традыцыю дзяцей вайны па высаджванні дрэў. Вось і да 80-годдзя вызвалення Беларусі іх сад надзеі папоўніўся маладымі саджанцамі яблынь. Дзеці даглядаюць брацкія магілы байцоў і помнікі ахвярам генацыду беларускага народа. Наведваюць ветэрана вайны і былых вязняў канц­лагераў, успаміны якіх — лепшая прышчэпка ад гістарычнага бяспамяцтва… 

У пасляваенны час эфектыўная работа грамадзянска-патрыятычнага кірунку дапамагла вырас­ціць з бяздольных сірот сапраўдных людзей. Вельмі важна, што яна і сёння застаецца адным з прыярытэтаў школы, спрыяючы выхаванню новага маладога пакалення.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара