Вучоба, творчасць, адпачынак

- 11:51Навіны рэгіёнаў

На Гомельшчыне нядаўна скончыў сваю работу абласны аздараўленчы профільны лагер па робататэхніцы Edutainment.

Упершыню такі карысны адпачынак абласны Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі апрабаваў мінулым летам. Сёлета юныя творцы ўстаноў адукацыі Гомеля, а таксама Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага, Рагачоўскага, Мазырскага, Рэчыцкага раёнаў засвойвалі робататэхніку ўжо на працягу дзвюх змен.

У праграме лагера былі цікавыя экскурсіі і сустрэчы, але ж галоўнымі заставаліся заняткі па робататэхніцы, якія праходзілі ў гульнявой форме. Дзеці засвойвалі канструяванне і праграмаванне сапраўдных робатаў, знаёміліся з 3D-тэхналогіямі і квадракоптарамі, займаліся LEGO-анімацыяй — стваралі займальныя гісторыі з канструктара LEGO, алічбаваныя ў мультфільмы. А чаму яны навучыліся, дзецям неабходна было паказаць на конкурсе праектаў у канцы змены.

— Праграма распрацавана такім чынам, каб была магчымасць дасягнуць балансу вучобы, творчасці і адпачынку, і адрасавана тым, каму цікавы свет навукі і тэхнікі, хто неабыякавы да прылад і механізмаў і хацеў бы самастойна стварыць працуючага робата, — растлумачыла дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік.

Акрамя таго, у школьнікаў, якіх аб’ядноўвае цікавасць да тэхнічнай творчасці, была магчымасць мець зносіны, дзяліцца думкамі і вопытам і, нарэшце, пасябраваць. Увесь час удзельнікі лагера Edutainment падтрымлівалі і дапамагалі адно аднаму. Яны па-сапраўднаму былі захоплены справай, якую ім прапанавалі педагогі. Асабліва каштоўным, па словах саміх дзяцей, для іх было тое, што яны не проста засвойвалі нейкі тэарэтычны матэрыял. Галоўнымі тут былі практычныя заняткі, у ходзе якіх дзеці непасрэдна назіралі за вынікамі сваёй працы.

Галоўнай падзеяй профільнага лагера стаў конкурс абароны праектаў. Прэзентацыі ацэньваліся не толькі па змесце матэрыялу, уменню адказваць на пытанні педагогаў, журы ўлічвала і асабісты ўклад удзельніка ў рэалізацыю праекта.

Трымаючы ў руках сертыфікаты, выдадзеныя па выніках абароны праектаў, юныя тэхнікі шкадавалі, што работа лагера завяршылася. Пакідаючы лагер, хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо складалі планы на астатнія летнія канікулы: кожны з іх меў намер працягваць займацца робататэхнікай дома.

Наталля ЛУТЧАНКА.