Вучыліся незвычайным урокам

- 11:28Навіны рэгіёнаў

Школы абласнога цэнтра — галоўная апора пры павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў Гомельшчыны. Адна справа — паслухаць, іншая — убачыць і паспрабаваць самому. Таму абласны інстытут развіцця адукацыі, рэалізоўваючы адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі, заўсёды разглядае ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі як базу, дзе можна чэрпаць цікавыя ідэі і вопыт.

Менавіта так нядаўна прайшоў практыкум для настаўнікаў англійскай мовы — слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі. А месцам правядзення мерапрыемства была абрана гімназія № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза.

Гімназія мае даўнія традыцыі гуманітарнай адукацыі. Гэта тычыцца і вывучэння замежнай мовы, бо доўгія гады ўстанова забяспечвала паглыблены ўзровень вывучэння англійскай мовы, а таксама мела музычна-харавы і мастацкі ўхіл.

Настаўнікі гімназіі правялі тры адкрытыя ўрокі, падчас якіх былі выкарыстаны актыўныя формы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

— Мне давялося стаць сведкай двух урокаў, і я была проста ў захапленні ад убачанага, — дзеліцца прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко. — Высокі прафесіяналізм, творчы падыход, гуманістычнае стаўленне да сваёй справы — тое, што ярка выяўляецца ў працы педагогаў гімназіі.

На ўроку ў 6 класе па тэме “Мой любімы фільм” настаўніца Таццяна Сулкоўская стварыла ўмовы для таго, каб да канца ўрока дзеці змаглі не толькі расказаць аб сваім любімым фільме, а яшчэ вывучылі, якія жанры існуюць у кінематаграфіі, паспрабавалі агучыць сваіх любімых кінагерояў падчас прагляду фрагментаў фільмаў, далі парады герою фільма “Адзін дома”, атрымалі квіткі ў кінатэатр і змаглі запрасіць сваіх сяброў на сумесны кінапрагляд, патлумачыўшы, чаму менавіта гэты фільм ім падабаецца.

Урок у 11 класе па тэме “Падарожжы” прайшоў у кабінеце геаграфіі, дзе само афармленне спрыяе таму, каб пагаварыць аб падарожжах. У пачатку ўрока навучэнцы дэманстравалі сувеніры, прывезеныя імі з розных куточкаў свету падчас адпачынкаў, расказвалі і пра краіны, якія наведвалі. Настаўніца англійскай мовы Святлана Мартыненка прапанавала дзецям падарожжа па Паўднёвай Афрыцы, падчас якога яны пагаварылі аб флоры і фаўне, звычаях, славутасцях, геаграфічным становішчы і сувенірах, якія можна набыць у Паўднёвай Афрыцы. А на працягу імправізаванага пералёту на самалёце адзінаццацікласнікі прадставілі сябе пасажырамі авіялайнера, даведаліся пра асаблівасці паводзін у аэрапорце. Відэападарожжа ў зулу-вёску дазволіла вучням даведацца, якія традыцыйныя рамёствы пераважаюць у Паўднёвай Афрыцы. Вынік урока дапамог падвесці арганізаваны Святланай Вітальеўнай квест “Падарожнічаючы па Паўднёвай Афрыцы”.

Здаецца, проста гульні. Але такія гульнявыя формы на ўроках прыцягваюць навучэнцаў. Яны цікавыя для іх, а таму і матэрыял запамінаецца лёгка, праз вобразы. Трэба думаць, слухачы курсаў адчулі гэта і павезлі ў свае рэгіёны ідэі для незвычайных урокаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.